У Гомелі правялі рэканструкцыю архаічнага абраду «Жаніцьба коміна»

У філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава 24 верасня адбылася этна-вечарына з рэканструкцыяй абраду «Жаніцьба коміна».


251.jpg

«Жаніцьба коміна» — гэта архаічны абрад звязаны з пераносам агню (святла) з вуліцы ў хату. З гэтага часу распачыналіся вячоркі-пасядзелкі. На вуліцы рана цямнее, становіцца холадна, таму ўсе працы пераносіліся ў хату — там і цяплей, і комін свеціць!

252.jpg

«Жэняць комін» на Палессі. За прыклад для рэканструкцыі арганізатары ўзялі варыянт абраду, які праводзяць у вёсцы Пагост (Жыткавіцкі раён).

«Як комін ажанілі, распачаліся танцы і спевы! Полька-бабачка, Лявоніха, Субота, Падыспань і багата іншых, і ўсё гэта пад акампанемент гармоніка ад Віктара Шыпкова. За дапамогу ў танцавальнай частцы вечарыны дзякуем «Школцы бытавога танца». А са спевамі нам дапамагалі Ірына Глінчыкава і студэнты Каледжа мастацтваў імя Н. Сакалоўскага. 

253.jpg

Любая абрадавая вечарына немагчыма без святочнага стала. У нас ён быў з гарбузовай кашай, пірагамі, капустай ды каўбасой, блінамі, мёдам ды ўсялякімі іншымі прысмакамі і ласункамі. Дзякуй гасцям, што прынеслі да стала свае пачастункі.

254.jpg

255.jpg

Комін ажанілі — значыць сёлета цяплу ў кожнай хаце быць», напісалі арганізатары мерапрыемства.