У Іванаўскім раёне рэстаўруюць ратонду роду Скірмунтаў

27.08.2021

У гэтым годзе запланавана правесці рэстаўрацыю даху капліцы-ратонды ў Моладава Іванаўскага раёна.


rotonda-1.jpg

У 1792-1939 гадах мястэчка належала прадстаўнікам шляхецкага роду Скірмунтаў. Ратонда тут была пабудавана ў 1905-1908 гадах. З 2007-га помнік архітэктуры неакласіцызму мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Унікальнасць дадзенага будынка ў тым, што ён з’яўляецца адзіным захаваным будынкам былога сядзібна-паркавага ансамбля роду Скірмунтаў. Капліца ўладальнікаў палаца была пабудавана па праекце віленскага архітэктара і мастака Тадэвуша Раствароўскага ў форме ратонды (ад лац. Rotundus — круглы), накрытай купалам і ўвянчанай крыжам. Дэкор усярэдзіне быў падобны да ўбрання палаца. Уваход у храм быў пазначаны чатырохкалонным порцікам (дахам над уваходам). Два казыркі, што падтрымліваліся калонамі, размяшчаліся над вокнамі. Звонку сцены ратонды былі аздобленыя выпуклымі гарызантальнымі лініямі. Рэльеф у выглядзе кветкавай гірлянды апаясваў будынак пад самым купалам.

rotonda.jpg

Над ім узвышаўся невялікі акуратны брусковы крыж. Унутры капліцы сцены былі пакрытыя белай фарбай, што стварала ілюзію прастору. Дзякуючы таму, што шыбы былі жоўтага з пазалотай колеру, складалася ўражанне, што ў акно заўсёды свеціць сонца. Падлога была каменная — выкладзеная з чырвоных і белых мармуровых шасцікутнікаў. У цэнтры стаялі лакаваныя лаўкі з пюпітрам, каля сценаў — простыя лаўкі. У алтары знаходзілася вялікая распяцце Хрыста з белага мармуру, выкананае скульптарам Бродскім. Недалёка ад капліцы — сямейныя могілкі Скірмунтаў. Некалькі фамільных помнікаў там захавалася да нашых дзён.

Каб не дапусціць разбурэння даху ратонды ў Моладава, у 2017-2019 гадах тут былі арганізаваны рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. Былі праведзены дэмантажныя працы, гідраізаляцыя купала, зроблена канструкцыя жалезабетонных паясоў, выкананы работы па аднаўленні купала будынка.

Сёлета плануюцца рэстаўрацыя даху, рамонт і рэстаўрацыя карніза ратонды. Таксама ў планах — арганізаваць у капліцы экспазіцыю, прысвечаную Скірмунтам.

Зараз у музеі Моладоўскай школы радстаўнікам гэтага шляхецкага роду адведзены куток, дзе можна ўбачыць гербы трох галін Скірмунтаў, радаслоўнае дрэва моладоўскіх Скірмунтаў (мелі герб Дуб) і іншыя экспазіцыйныя матэрыялы. Каштоўных артэфактаў — асабістых рэчаў, прадметаў мэблі эпохі, калі Скірмунты жылі ў Моладава, — тут няма. Шмат у чым гэта абумоўлена лёсам радавога маёнтка. Па адной версіі ён быў узарваны, па іншай — палац і іншыя сядзібныя пабудовы згарэлі і былі разабраныя ў пасляваенны час.

Былая тэрыторыя сядзібы зараз амаль цалкам занятая: тут знаходзяцца прыватныя домаўладанні. Раней, па расказах мясцовых жыхароў, на агародах яны знаходзілі розны посуд — фігурныя бутэлечкі, «колышні» посуд і іншае. Бяда ў тым, што людзі не разумелі каштоўнасць гэтых прадметаў, а таму іх не захоўвалі. Ад месца, дзе стаяў броварны завод, ацалела толькі маленькая частка склепа, якім у цяперашні час карыстаюцца новыя гаспадары.

Хочацца нагадаць, што па даручэнні Сымона Скірмунта ў Моладаве была пабудавана шыкоўная сядзіба, памяць пра якую, на жаль, жывая толькі дзякуючы замалёўкам Напалеона Орды. Міні-копія палаца Скірмунтаў устаноўлена ў ландшафтна-культурным парку макетаў страчаных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Іванаўскага раёна «Лабірынт часу» (размешчаны ў цэнтры г. Іванава).

rotonda-3.jpg

Сын Сымона — Аляксандр, атрымаўшы патэнт на снарад для выпарвання цукровых раствораў, у 1830 годзе адкрыў тут першы ў Беларусі цукрова-рафінадны завод. Фабрыкант упершыню ў сусветнай практыцы вынайшаў устаноўку для паскоранага бесперапыннага выпарвання цукровага сіропу, якое цягнулася ўсяго толькі 4-5 хвілін замест ранейшых 4-5 гадзін. Раман Скірмунт быў яркім палітыкам, дэпутатам І Расійскай Дзяржаўнай думы ад заходніх губерняў Беларусі.

паводле zarya.by