“Сабака Руды”. Яны змагаліся за “Оскар”

01.10.2018 Кіно

Гэта рэцэнзія ніколі б не з’явілася, калі б не звышматывацыя асобных айчынных кінематаграфістаў. Яны заўжды імкнуцца даказаць астатняму свету і, відавочна, сабе самім, што іх працы вартыя. І не абы-чаго, а самай высокай адзнакі. Гістарычна так склалася, што сусветны кінематограф рухае наперад прага аўтараў да самарэалізацыі, якая, у сваю чаргу, дазваляе інвестарам добра на гэтым зарабляць. Ці з трэскам банкруціцца – тут як пашанцуе. Беларусі выпаў іншы лёс: тут ніколі не згасаюць вогнішчы пыхлівасці. Але дарэмна, бо грошы на працу ёсць толькі ў “Беларусьфільма”, а зарабляць на ўласнай творчасці ў нас яшчэ не зразумелі як. А ў кіно, калі не зарабляеш, застаецца адзін шлях – штурмаваць фестывалі. Ці, як паказала сёлетняя практыка, прасоўваць сваю стужку на “Оскар”. Каб усе ахнулі і пачалі неймаверна зайздросціць.

Кадр з фільма

Кадр з фільма

Першымі да такога фокусу дадумаліся стваральнікі фестывальнага хіта “Крышталь”. Незалежную стужку пра беларускія дзевяностыя так хутка выправілі ў дарогу да Амерыканскай кінаакадэміі, нават не дачакаўшыся афіцыйнага аднаўлення нацыянальнага оскараўскага камітэта, які толькі дзеля гэтай справы і паўстаў з дваццацігадовага летаргічнага сну. Атрымалася не вельмі прыгожа і, што яшчэ горш, заразліва. Услед за стваральнікамі “Крышталю” скарыць Галівуд у апошні момант кінуліся прадзюсар Сяргей Ждановіч і ўкраінска-амерыканскі каскадзёр і рэжысёр Вільям Дэ Віталь – аўтары ваеннай драмы “Сабака Руды”. Спроба як па ўсіх пазіцыях зразумелая, так і смехатворная.

Дар’я Жук: “Беларускаму кіно не хапае дзёрзкасці і свабоды!”

Галоўнай асаблівасцю стужкі стала выкарыстанне пакуль не растыражаванага эпізоду Вялікай Айчыннай, калі Чырвоная армія рыхтавала сабак-смяротнікаў для падрыву нямецкіх танкаў. Гэты антыгуманны вопыт у мастацкай форме адлюстраваў расійскі тэлерэжысёр Віктар Крукаў у рамане “Руды жаўнер”. Для закасцянелага жанру “кіно пра ВАВ”, які больш за 70 гадоў актыўна эксплуатавалі і ў хвост і ў грыву, тэма жывёл злачынна мала выкарыстоўвалася рэжысёрамі. З найбольш блізкага згадваюцца неблагая, тым больш беларуская, стужка “Чаклун і Румба” Андрэя Голубева і навела “Брут” з кінаальманаха “Сведкі”. Але стваральнікаў жорстка падвёў спосаб увасаблення патэнцыйна цікавага сцэнару.

Лінія Сталіна, нашы дні. Крэпкі хлапец хуліганістага віду ні з вады ні з яру пераварочвае толькі прынесеную яму талерку ежы, а потым душыць сабаку, што з’еў мяса, якое апынулася на зямлі. За жывёліну і разгубленага афіцыянта заступаецца сівы дзядуля, а потым, расчуліўшыся, успамінае гісторыю свайго бацькі – баявога лётчыка Вячаслава Волкава. Вайсковец напярэдадні вайны быў рэпрэсаваны з прычыны кахання да дачкі генерала, потым вызвалены і адпраўлены ваяваць на фронт, пад Маскву. Падчас першай бойкі бравы мужчына страчвае нагу, але знаходзіць сябра ў выглядзе сабакі па мянушцы Руды і новае каханне – медсястрычку Ніну. Тылавое жыццё цяжка даецца Вячаславу, які марыць пра фронт. І хутка яму даюць яшчэ адзін шанец – стаць інструктарам для Рудога, з якога, як і з іншых сабак, армія хоча зрабіць жывыя міны супраць нацысцкай тэхнікі.

Асноўная праблема “Сабакі Рудога” палягае ў імкненні аўтараў зрабіць як мага больш сур’ёзную гісторыю пераадолення на фоне крывавай вайны. Але чым больш яны імкнуцца да сваёй мэты, тым больш стужка нагадвае не драму, а няўдалую камедыю, дзе пераапранутыя ў ваенную форму акторы спрабуюць размаўляць з дапамогай пафасных патрыятычных рэплік. У пэўныя моманты гэта выглядае настолькі геніяльна дрэнна, што хочацца зарагатаць на ўсю залу, абдарыўшы пастаноўшчыка градам апладысментаў.

Гэтаксама недарэчна выглядала папярэдняя стужка “Мы, браты” (у замежным пракаце – “Код Каіна”), знятая Дэ Віталём на замову Міністэрства культуры. У ёй сумленныя супрацоўнікі аховы прэзідэнта сумесна з амерыканскай журналісткай хочуць спыніць таемнае таварыства каінітаў, якія плануюць дэстабілізаваць квітнеючую Беларусь. Палітычнае фэнтэзі, у якім белазы-забойцы фігуравалі побач з вольнай інтэрпрэтацыяй падзеяў Плошчы 2010 года, спадабалася перш за ўсё замоўцам у высокіх кабінетах. І таго было дастаткова, каб прадзюсар Сяргей Ждановіч зразумеў, якое кіно трэба рабіць, каб надалей сябраваць з дзяржавай.

La Grande Bellezza беларускай правінцыі

Вось таму “Сабака Руды” хоча здавацца ультрапатрыятычным кіно, праз што ахвяруе галоўнай тэмай – адносінамі чалавека і жывёлы, якія амаль ніяк не раскрываюцца. Сабака тут не паўнавартасны герой, якім павінен быць, а хутчэй функцыя, што дазваляе сюжэту больш-менш развівацца. Аўтараў больш цікавяць жарсці меладраматычнага трохкутніка паміж галоўным героем і дзвюма яго палюбоўніцамі, але гледачоў кінатэатра гэта наўрад ці зачэпіць. Больш за тое, стужка хутчэй нагадвае тэлевізійны прадукт расійскай вытворчасці, у якім мноства жанравых клішэ, няўдалая гульня галоўных актораў, заўважная беднасць батальных сцэнаў. Аўтары расказваюць нам гісторыю, якую мы дзясяткі разоў бачылі на блакітным экране, і не могуць прывесці ніводнага доказу, чаму іх кіно вартае ўвагі.

Менавіта гэтым аргументаванае жаданне аўтараў бліснуць у бліках медыяпіяру, звязанага з “Оскарам”. Бо калі сам сябе не пахваліш, ніхто іншы за цябе гэтага не зробіць.

Тарас Тарналіцкі