Сустрэча з пісьменнікам адбылася 15 верасня і была прымеркаваная да Дня бібліятэк, які адзначаўся ў Лідзе з размахам. Цёплае і сонечнае надвор’е дазволіла правесці першую частку імпрэзы проста на вуліцы – перад Лідскай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы. Выступаючы перад лідзянамі, М. Скобла расказаў пра грамадскую кампанію “Пяцісотгоднасць”, прысвечаную паўтысячагадовым угодкам беларускага кнігадруку, што будуць адзначацца ў наступным годзе. З захапленнем былі ўспрынятыя слухачамі і вершы паэта, асабліва “оды з нагоды” – “Ода баразне” і “Ода лазні”. Гэта выглядала як размінка перад самой прэзентацыяй “Саркафагаў страху”, якая адбылася ў канферэнц-зале бібліятэкі. Аўтар пазнаёміў прысутных з героямі сваёй новай кнігі, прачытаў урывак з эсэ “Купала Янка і лаянка”. Сярод іншага бібліятэкары з усёй Лідчыны даведаліся шмат розных цікавостак: дзе знаходзіцца адзіны ў свеце помнік рацэ Нёман (у Санкт-Пецярбургу, на Сенацкай плошчы); у гонар якіх беларускіх пісьменнікаў прыжыццёва названыя вуліцы (Віктара Казько ў Калінкавічах і Віктара Гардзея ў Вялікіх Круговічах на Ганцаўшчыне); на якім аўтамабілі ездзіў Я. Купала (“Шаўрале)… Другая частка сустрэчы была ізноў прысвечаная паэзіі – гучалі творы з будучай кнігі “Камізэлька для месяца”, якая хутка павінна выйсці ў свет. Па просьбе слухачоў М. Скобла расказаў пра сваё знаёмства з Р. Барадуліным, Н. Гілевічам, аб выдадзеных ім кнігах Л. Геніюш. Ад імя кампаніі “Будзьма беларусамі!” паэт перадаў бібліятэцы аўдыё-дыск “Галасы паэтаў”, свае новыя кнігі, а найбольш актыўныя слухачы атрымалі ў падарунак наборы паштовак “Святы, якія заўжды з табой” (мастак Лявон Вольскі). Прыканцы імпрэзы госць падзякаваў за гасцінны прыём і выказаў адно пажаданне – каб на фасадзе будынка з’явілася імя паэта, чыё імя носіць бібліятэка. І адбыўся цуд – на бібліятэчны фасадзе неўзабаве з’явіўся трохметровы банер з партрэтам Купалы! Пра гэта парупіўся старшыня лідскай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны і рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік. Паколькі кніжнае свята ў Лідзе ўдалося, то (як паведамілі ў выканкаме) прынятае рашэнне праводзіць Дзень бібліятэк у гэтым горадзе штогадова.