Французскі часопіс «Transfuge» 15 студзеня абвесціў пераможцаў сваёй прэміі зімовага літаратурнага сезону-2024. У намінацыі «лепшы еўрапейскі раман» перамагла кніга Сашы Філіпенкі «Крэмулятар». З гэтай нагоды budzma.org паразмаўляла з пісьменнікам.
Саша Філіпенка. Фота Яўгена Ерчака
— Саша, віншуем вас з узнагародай! Працягам рамана «Крэмулятар» стане аднайменны спектакль, прэм’ера якога запланавана на 2-3 лютага ў Берліне. Чаго вы чакаеце ад прэм’еры?
— Я рады, што тэатральным рэжысёрам цікава рабіць пастаноўкі па маіх кніжках, але трэба разумець, што гэта ўжо праца іншага творцы, у якога свой погляд на літаратурны твор.
Літаратура — гэта літаратура, а тэатр — гэта тэатр. Былі пастаноўкі па маіх кніжках, якія мне не падабаліся, былі пастаноўкі, якія мне падабаліся. У гэтых выпадках мне трэба было толькі адказаць на пытанне, ці згодны я на пастаноўку па маім творы ці не. Паўплываць на стварэнне п’есы ніяк не магу.
Я бачыў нямала прац Максіма Дзідзенкі, рады, што ён узяўся за пастаноўку па маім творы, але, як і гледачы, я не ведаю, што ў выніку атрымаецца.
Дарэчы, што датычыцца Германіі, то гэта, бадай, самая паспяховая для маёй працы краіна. Мае кнігі перакладзеныя ўжо на 20 моваў (не ўсе, праўда, ужо паспелі выйсці), але самы вялікі наклад выдадзены менавіта там. Нідзе, нават у Расіі, дзе ў мяне было нямала прэмій, столькі маіх кніг не прадавалася. У Германіі ў мяне заўсёды была добрая прэсса, было шмат добрых водгукаў у буйных газетах.
— Ці сочыце вы за паказам спектакля «Ціхары». «Беларусь 2030. Суд у постапакаліпсісе»? 21 студзеня ў Вільнюсе чарговы паказ спектакля, прэм’ера якога адбылася летась.
— Я бачыў гэтую пастаноўку ў Варшаве на фестывалі PRADMOVA. У маім творы апісваюцца падзеі праз дзесяцігоддзе пасля 2020-га, калі пачынаецца суд над лекарам, які адмовіўся дапамагчы амапаўцу. Рэжысёрка Саша Дзянісава дадала ў пастаноўку падзеі вайны: з-за ядзернага выбуху суд ідзе ў бункеры.
Мне падаецца, гэта важная праца, у тым ліку і таму, што акторы, якія граюць у гэтым спектаклі, былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Пра што яны і распавядаюць напрыканцы спектакля. Канешне, хацелася б, каб гэтая пастаноўка ішла ў Мінску, але на сёння цяжка ўявіць, калі гэта можа адбыцца.
Саша Філіпенка. Фота з Фэйсбука пісьменніка
— З пратэстаў 2020-га прайшло ўжо больш за тры гады. Што вы сёння назіраеце ў еўрапейскіх краінах — ці не забываюцца гэтыя падзеі там?
— Мне падаецца, што, на жаль, забываюцца, калі не сказаць, што ўжо забылі. Адносна нядаўна я размаўляў з нямецкім журналістам, які мне сказаў: «Як добра, што сітуацыя ў вас у Беларусі нармалізавалася». Прыходзіцца пастаянна распавядаць, што нічога не скончылася.
На жаль, сёння пра Беларусь амаль ніхто не ўзгадвае. Што можна часткова зразумець: пасля пачатку вайны ва Украіне ўсім не да нашай краіны. Таму важна, каб тыя галасы, якія ёсць у беларусаў у Еўропе, працягвалі нагадваць пра сітуацыю ў краіне.
— Калі вы былі ў апошні раз у Беларусі і з якімі пачуццямі з’язджалі тады?
— З’ехаўшы з краіны ў 21 год, я ўвесь час вяртаўся туды: стараўся прыязджаць у Мінск ці штомесяц, ці раз у два месяцы. Але на сёння я ўжо больш за тры гады як не быў у Беларусі — з лістапада 2020 года.
З’язджаў тэрмінова ўначы, бо ўжо на раніцу мог апынуцца за кратамі. На TUT.BY выйшла падборка пра вядомых беларусаў, якія ходзяць на пратэсты. Сярод іх былі Дудзінскі і Кахно, якіх ужо арыштоўвалі, я ішоў у падборцы трэцім.
Канешне, гэта быў не самы прыемны шлях з Беларусі. Яшчэ працягвалася пандэмія, з’ехаць з краіны ўвогуле было даволі цяжка: трэба было паспець зрабіць уначы тэст. І, канешне, было цяжка маральна. Яшчэ за тыдні да таго падавалася, што перамога магчымая, што яна блізкая. Прыйшлося выбіраць, што будзе лепш: каб ты сядзеў за кратамі, ці каб ты распавядаў у свеце пра падзеі ў Беларусі. Я вырашыў, што ад мяне будзе больш карысці пры другім варыянце.
Саша Філіпенка. падчас прэзентацыі "Крэмулятара" ў Вільні. Фота Яўгена Ерчака
— Ці адчуваеце сёння нейкую настальгію па родных месцах?
— Цяжкае пытанне. Як і ў многіх, у мяне прысутнічаюць розныя эмоцыі. Заплюшчваеш вочы перад сном — бачыш родны двор і Мінск, па якім хочацца пагуляць. З іншага боку рацыянальна ўсведамляеш, што ўсе твае сябры з’ехалі. І таму ўзнікае думка: а ці магчыма ўвогуле, каб усё вярнулася, стала як раней?
У людзей за некалькі гадоў пасля ад’езду выбудавалася новае жыццё за мяжою, іх дзеці ходзяць там у школы. І калі ўзнікне шанец для пераменаў (а зразумела ж, што гэта будзе не хутка, не ў гэтым годзе, скажам так), то ў які горад ты прыедзеш, наколькі тваім ён застанецца — без старых сяброў?
Так, ёсць настальгія, але трэба жыць далей. У нас як у дэльфінаў два паўшар’і: у адным мы думаем пра новае жыццё, а ў іншым вяртаемся ў Беларусь.
— Калі рыхтаваўся да інтэрв’ю, адкрыў вашую старонку ў Facebook і знайшоў там некалькі фатаграфій з вандровак з подпісам «Я дома». Што гэта значыць?
— Гэта ўсё жарцікі. Я з дзяцінства вельмі люблю футбол і з’яўляюся заўзятарам міланскага «Інтэра». У мінулым годзе чатыры разы пашчасціла выбрацца на футбол у Мілан — адтуль і фотаздымкі.
Я шмат дзе жыў, 10 гадоў пражыў у Санкт-Пецярбургу, але нідзе не адчуваў сябе як дома — толькі ў Мінску. У кватэры сваёй — напэўна, так, але не ў горадзе.
Саша Філіпенка на прэзентацыі ў Вільні. Фота Яўгена Ерчака
— Зараз вы жывяце ў Швейцарыі. Якія ў вас пачуцці да гэтай краіны?
— Калі людзі чуюць пра Швейцарыю, то многім падаецца, што гэта нейкі рай. Насамрэч гэта даволі няпростае для жыцця месца. У Швейцарыі, як і ў кожнай краіне, ёсць як плюсы, так і мінусы. Так атрымалася, што там знаходзяцца тры маіх выдаўцы — адзін нямецкі і два французскіх (у Жэневе, Лазане і Цюрыху). У мяне тут банальна шмат працы. Але жыхары нашай краіны маглі б шмат што пераняць у швейцарцаў. Адсюль мне падаецца, што беларусы не вельмі талерантныя людзі.
— Але ж існуе ўстойлівы міт, что беларусы — вельмі талерантныя. Чаму гэта не так?
— Хаця б таму, што ў нас столькі сілавікоў. Вядома, як яны адносяцца да сваіх суграмадзян.
— Чаму вы вандруеце толькі па Еўропе?
— У маім беларускім пашпарце не засталося старонак пад візы. Таму калі ў Японіі ці Таіландзе перакладаюць мае кнігі, я не магу паехаць туды на імпрэзы.
— А што вы будзеце рабіць, калі скончыцца тэрмін дзеяння пашпарту?
— Не ведаю. Я ў такой жа сітуацыі як і многія беларусы.
— Трохі болей за год таму мой сябар ездзіў у адпачынак праз Літву. У дарогу ён набыў у Мінску праз маркетплэйс вашу кнігу «Былы сын». Прачытаўшы яе ў адпачынку, сябар пакінуў яе ў Вільні, бо баяўся, што за змест кнігі яго па вяртанні арыштуюць наўпрост на беларускай мяжы. Што вы думаеце пра гэту сітуацыю?
— Наколькі я ведаю, за мае выказванні ў Беларусі супраць мяне рыхтуюцца распачаць некалькі крымінальных спраў, але забароны на кнігі няма — яны адсутнічаюць у «экстрэмісцкіх» спісах. Ёсць крамы, дзе мае кнігі адсутнічаюць на паліцах, але калі вы прыйдзеце і запытаеце, то іх вам прададуць. Праўда, некаторыя крамы з-за страху самі адмовіліся ад закупкі маіх новых кніг. Але, падкрэслю, афіцыйнай забароны няма. Магчыма таму, што ніхто з сілавікоў і кантралёраў не чытаў «Былога сына».
І, дарэчы, усе мае кнігі ёсць у адкрытым доступе. Калі нехта баіцца набываць папяровыя выданні, то можа пачытаць кнігі ў сеціве. У гэтым сэнсе я за пірацтва.
Антон Навумчык, budzma.org
Чытайце яшчэ:Класіка і навінкі: 10 лепшых беларускіх кніг 2023-га года