Аліна Бялова на budzma.by піша пра культуру сэканд-хэндаў, экалагічную канцэпцыю zero waste і нядаўнюю рэзанансную заяву кіраўніцы «Беллегпрама».
Адзін мой сябра працуе праграмістам у філіяле замежнай кампаніі ў Мінску. Чалавек не бедны, аднак большага фаната крамаў «сэканд-хэнд» проста не знойдзеш: ён заўсёды падкажа, дзе ёсць распродажы (так, у сэканд-хэндах таксама ёсць распродажы!), у якой краме лепей браць вопратку, а ў якой больш абутку. І ён фанат сэкандаў зусім не таму, што яму не дазваляюць даходы.
Яго, як і ўсё грамадства, занепакоіла заява кіраўніцы «Беллегпрама» Таццяны Лугінай, якая прапанавала знішчыць сэканд-хэнды ў гарадах ці адсунуць іх на перыферыю.
Усё ніяк не атрымаецца
«Беллегпрам» не ўпершыню і з самымі рознымі фармулёўкамі просіць урад разабрацца з сэканд-хэндамі. У канцэрне кажуць, што ў «сэкандах» шмат адзення, якое не было ва ўжытку, і таму з яго павінная спаганяцца ўвазная мытная пошліна. Наракаюць, што «сэкандавае» адзенне не сертыфікуецца па нашых стандартах. Але больш чыноўніцу, падаецца, непакоіць, што ў 2019 годзе, напрыклад, у Беларусь было завезена сэканд-хэнду на 78 мільёнаў даляраў. А гэта нібыта недаатрыманы прыбытак прадпрыемстваў «Беллегпрама», і частка даволі неблагая: усяго лёгкая прамысловасць у мінулым годзе вырабіла прадукцыі на 880 мільёнаў даляраў.
Падаецца, грошы — галоўнае, што непакоіць Лугіну.
Насамрэч заявы кіраўніцы «Беллегпрама» паказваюць, што яна разбіраецца ў бізнесе лёгкай прамысловасці як вядомая жывёла, крыніца сала, — у вядомых трапічных фруктах. «Сэкандавае адзенне» чыста тэхнічна не можа размытняцца і сертыфікавацца. Яно прыходзіць у краіну ў вялізных цюках па некалькі дзясяткаў кілаграмаў і не раздзяляецца — мех такога адзення на аптовых складах трэба браць цалкам альбо не браць. А потым ужо сартаваць ці не сартаваць.
Чытайце таксама: Дом «са смецця»? Лёгка!
На катэгорыі дзеліцца толькі змесціва мяхоў — і тое даволі ўмоўна. Гэта можа быць адна пазіцыя (напрыклад, джынсы ці чаравікі) або мікс рэчаў па цане і якасці. Можа быць вопратка з невялікім адсоткам зношанасці, ужываная і новая стокавая (не распрададзеная ў крамах, калі застаюцца асобныя рэчы, якія нельга прадаваць, бо няма ўсёй лінейкі памераў ці мадэлі, — менавіта на «сток» найбольш наракае Лугіна). Стан рэчаў можа быць які заўгодна — ад нармальнага да «толькі на анучы».
На аптовых складах цюкі з вопраткай прадаюцца на вагу. Напрыклад, мех з вопраткай фірмы C&A прадаецца па 13 еўра за кілаграм, моладзевай Hype — за 20 еўра, мікс H&M з дэфектамі — за 6, цюк з байкамі — 2 еўра, проста мікс — ад 3 еўра. Склады даюць і зніжкі для буйных пакупнікоў: да 10% на партыю ад 500 кілаграмаў.
Падвесці гэтую вопратку пад «размытненне» альбо «тэхрэгламенты» проста не ўяўляецца магчымым. А Лугіна, настойваючы на гэтым, не ведае, што гаворыць.
Экажыццё
Але ж ці мала ў нас некампетэнтных чыноўнікаў? Размова, як у вышэйпазначанага майго сябра, пра іншае. Крамы сэканд-хэнду цяпер — гэта ўжо далёка не крамы адзення «для бедных». У іх ходзяць і адносна багатыя (па беларускіх мерках, вядома) людзі, якія цалкам могуць сабе дазволіць брэндавыя рэчы.
Але гэтыя людзі любяць сэканды таму, што з’яўляюцца прыхільнікамі экалагічнага ладу жыцця. Сапраўды, такія крамы выдатна ўпісваюцца ў эка-канцэпцыю zero waste — «нуль адходаў». Гэта калі людзі, спажываючы прадукцыю, імкнуцца звесці смецце ад спажывання да мінімуму, у ідэале — да нуля. Яны адмаўляюцца ад упакоўкі, якую трэба выкідаць, па максімуме скарыстоўваюць тое, што ўжо набылі, рамантуюць зламаную тэхніку, замест таго каб выкінуць яе і набыць новую, і гэтак далей. І, вядома, набываюць ужываныя рэчы, каб эканоміць прыродныя рэсурсы.
Zero waste — гэта імкненне да захавання рэсурсаў дзякуючы добрасумленнай вытворчасці, спажыванню, паўторнаму выкарыстанню і аднаўленню ўсіх прадметаў, упакоўкі і матэрыялаў. Дэвізам гэтага руху можна назваць фразу: «Нічога з таго, што небяспечна для навакольнага асяроддзя або здароўя чалавека, не павінна спальвацца, закопвацца, скідацца ў ваду або трапляць у атмасферу». Адсутнасць адходаў істотна памяншае забруджванне навакольнага асяроддзя і спажыванне прыродных рэсурсаў на стварэнне новай прадукцыі.
Чытайце таксама: Экасістэма. Як зарабіць на смецці
Тыя 78 мільёнаў даляраў, пра якія казала спадарыня Лугіна, — гэта не «недаатрыманы прыбытак “Беллегпрама”». І гэта нават не 78 мільёнаў даляраў, на якія не было створана новай прадукцыі, на якія не затрачваліся рэсурсы, на якія не было выдаткавана новай сыравіны. Гэтая сума ў канцэпцыі экаспажывання значна большая: для «нястворанай» прадукцыі не трэба новай упакоўкі, яе не трэба развозіць па крамах і кантынентах (а значыць, не марнуецца паліва і энергія). Калі ўлічыць усё гэта, беларусы ці не на сотню мільёнаў долараў ашчадзілі прыродных рэсурсаў. І гэта ўнёсак адной не вельмі вялікай краіны ў захаванне навакольнага асяроддзя толькі праз ужываную вопратку. Ці мала?
Канцэпцыю zero waste цяпер падтрымліваюць не толькі фанаты «сэкандаў». Дабрачынныя арганізацыі збіраюць адзенне для прытулкаў ці маламаёмасных грамадзян — гэта таксама выкарыстанне рэчаў па другім разе. І нават у адной з буйных сеткавых (сусветнага брэнда, між іншым!) крамаў адзення я нядаўна пабачыла вешалку, дзе можна павесіць ужываныя рэчы, якія потым перададуць на дабрачыннасць. Можа, на думку Лугінай, гэта таксама «недаатрыманы прыбытак “Беллегпрама”»?
Крамы сэканд-хэнду — гэта не толькі бізнес на адзенні, гэта яшчэ і значны, як мы высветлілі дзякуючы лічбам, агучаным спадарыняй Лугінай, унёсак у экалогію не толькі нашай краіны, але і планеты ў цэлым.
Непераможныя
Можна колькі заўгодна змагацца з «сэкандамі» адміністрацыйнымі метадамі. Можна забараніць іх у цэнтрах гарадоў, адсунуць месцы продажу такога адзення на перыферыю, але ці дасць гэта плён? У Мінску «развалы» такога адзення выдатна існавалі і існуюць далёка ад цэнтра горада — напрыклад, на рынку «Ждановічы», які цяпер пераязджае за кальцавую дарогу (пакуль што гэтыя рэчы яшчэ прадаюцца ў межах МКАД на звыклым месцы). Але гэта наўрад ці змусіць людзей набываць прадукцыю «Беллегпрама». Хутчэй наадварот — людзі будуць ездзіць па «сэканд» і набываць больш такіх рэчаў (каб не ездзіць яшчэ раз).
Чытайце таксама: Экастыль, проста і заможна
У любым выпадку, сэканд-хэнд набываць будуць — і не толькі апантаныя прыхільнікі экалагічнага ладу жыцця, але і ўсе тыя, каму прадукцыя «Беллегпрама» не толькі не па кішэні, але і не падабаецца па якасці і дызайне.
І яшчэ адна лічба для роздуму. На прадпрыемствах «Беллегпрама» ў жніўні 2019 года было назапашана прадукцыі на 245,4 мільёна беларускіх рублёў, альбо амаль на 117 мільёнаў даляраў. Гэта тая прадукцыя, на якую патрачаныя энергія і рэсурсы, але яна аказалася нікому не патрэбнай. Што, у сваю чаргу, выклікае шмат пытанняў. Прынцып «стварыць, але не прадаць» — не толькі хібны эканамічна, але не ўпісваецца ні ў якую экалагічную мяжу. Бо па факце канцэрн вырабіў больш чым на 100 мільёнаў даляраў смецця.
А гэта ўжо зусім не zero waste.
Аліна Бялова, budzma.by
Фота аўтаркі
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!