Шчадроўку з Гомельшчыны ведаюць мільёны людзей па ўсім свеце. У самой Беларусі пра яе мала хто чуў

Яе спявалі і «Песняры», але праславілася яна дзякуючы палякам. «Наша Ніва» распавядае, як так сталася і пры чым тут маршы беларускай апазіцыі супраць Лукашэнкі.


Postar da «Viedźmara 3»
Бой Геральта з каралеўскіх грыфонам. Постар да «Ведзьмара 3»

Пачнем здалёк. У 2015 годзе выйшла заключная частка гульнявой трылогіі «Вядзьмар 3: Дзікае Паляванне», якая стала сапраўды культавай і задала высокую планку для ўсіх гульняў у жанры RPG. Глыбокі сюжэт з пакутліва складанымі маральнымі дылемамі выдатна дапаўняў праўдападобны глыбокі свет, сплецены з масавай культуры.

Серыя гульняў заснавана на раманах пра ведзьмара Геральта з Рывіі польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага, якія скарылі чытачоў у славянскіх краінах яшчэ ў 1990-я гады.

Сапраўды шалёную папулярнасць па ўсім свеце гісторыя пра ведзьмара атрымала пасля выхаду гульняў у першай палове 2010-х. Гэты поспех замацаваў выхад у 2019 годзе на Netflix серыяла «Вядзьмар».

«Вядзьмар 3» стаў сапраўдным лакаматывам славянскай культуры, міфалогіі і эстэтыкі. Славянскай, але не расійскай, з якой на Захадзе апошнія стагоддзі асацыявалі ўсё славянства. Знайшлося месца ў «Ведзьмары» і для адсылак да беларускай гісторыі і культуры.

«Бегла старожа»

Адной з самых заўважных адсылак, якая, тым не менш, для многіх беларусаў засталася незаўважанай, стаў саўндтрэк да гульні. У час баёў ведзьмара з грознымі пачварамі нярэдка гучыць эпічны трэк «The Song of the Sword-Dancer».

Тое, што там гучаць знаёмыя словы, заўважалі многія гульцы на постсавецкай прасторы. Але цяжка было расчуць увесь тэкст, каб зразумець сэнс і мову, на якой спявае салістка. Да польскай мова была не падобнай, але гэта магла быць украінская, ці ўвогуле выдуманая мова, а знаёмыя словы маглі аказацца звычайным «мандэгрынам». 

Смелая думка, што ў «The Song of the Sword-Dancer» гучыць менавіта беларуская народная песня, прыходзіла не многім. Але гэта менавіта яна і ёсць.

Геймеры па абрыўках пачутых фраз усё ж змаглі адшукаць той самы твор, які пераспявалі ў гульні. Аказалася, што ў «Ведзьмары 3» гучыць беларуская шчадроўка «Бегла старожа». Цалкам тэкст песні ў гульні гучыць так:


Бегла старожа з чыстага поля

Добры вечар

Як ударыла дзідай у вароты

Не сплю, не ляжу, на вайну едзем

Добры вечар (рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка)

Ужо ж тваю дзевачку хазары ўзялі!

Я ж тых хазароў мячом пасяку

Я ж тую дзевачку за сябе вазьму!

Малады Сярожка, ці спіш, ці ляжыш?

Не сплю, не ляжу, сам сабе скажу

Натхнёныя маршамі свабоды

Hurt Percival Schuttenbach
Гурт Percival Schuttenbach. Фота: Percival Schuttenbach

У гульню песня патрапіла не наўпрост з кніг па беларускім фальклоры. Фактычна саўндтрэк, які гучыць у «Ведзьмары 3», гэта аркестравы рэмікс адной з песні польскага фолк-метал-гурта Percival Schuttenbach. Percival Schuttenbach быў заснаваны ў 1999 годзе ў Любліне і цесна звязаны з сусветам, які стварыў Анджэй Сапкоўскі. Нават назва гурта — гэта імя гнома з твораў польскага пісьменніка.

Песня Staroża ўваходзіла ў альбом Eiforr, які гурт выпусціў яшчэ ў 2007 годзе. З’яўленню гэтай кампазіцыі, відаць, паспрыяла цеснае супрацоўніцтва з беларускімі музыкамі.

Пасля шэрагу паспяховых выступленняў на радзіме, Percival Schuttenbach разам з уроцлаўскім гуртам Ovo здзейснілі прыкладна ў 2000 годзе сумесную паездку ў Беларусь, дзе бралі ўдзел у маршы беларускай апазіцыі. І хоць у крыніцах не ўдакладняюцца акалічнасці візіту, магчыма, што гаворка ідзе пра Марш свабоды супраць паглыблення беларуска-расійскай інтэграцыі, які адбыўся 15 сакавіка 2000 года.

Marš svabody ŭ Minsku
Марш свабоды ў Мінску

Як пісалі самі музыканты, гэты марш беларускай апазіцыі стаў для іх незабыўнай падзеяй, якая пакінула перш за ўсё незвычайныя музычныя ўражанні: на маршы яны змаглі пачуць беларускія народныя песні ў аўтэнтычным выкананні.

Захапленне, якое ўзнікла ў музыкаў ад гэтага досведу, і бачанне спалучэння моцнага народнага вакалу з цяжкім, завышаным гукам, праявяцца ў будучай творчасці гурта.

На наступны год пасля візіту ў Беларусь польскія музыкі таксама пачалі супрацоўнічаць з гуртам «Княжыч» з Наваполацка, які быў заснаваны ў 1995 годзе па ініцыятыве моладзі і выкладчыкаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Разам з гэтым беларускім гуртам архаічных спеваў Percival запісаў дэма-дыск, а таксама даў некалькі канцэртаў, якія былі цёпла сустрэты беларускай публікай.

Hurt archaičnych spievaŭ «Kniažyč»
Гурт архаічных спеваў «Княжыч». Фота: інстаграм гурта

На музыку Percival былі запісаныя песні «Чумак», «Купалінка», «Вясельная», «Азярэчка», «Выпраўляла маці сына», «Жані мяне, татка», «Вайтоўна», «Коліда», «Татулька», «З веянога да калодзезя». Рэкруцкая песня «Выпраўляла маці сына» трапіла пасля ў альбом гурта Tutmesz-Tekal, выдадзены ў 2002 годзе, а «Азярэчка» — у Reakcja pogańska, выдадзены ў 2009 годзе.

Найбольш верагодна, што і песню «Бегла старожа» гурту падказалі беларускія калегі.

Беларуская шчадроўка

З песняй «Бегла старожа» калісьці маладыя беларусы хадзілі шчадраваць на Каляды. Відаць, упершыню яе зафіксаваў беларускі фалькларыст Еўдакім Раманаў у сваёй працы «Беларускі зборнік: Песні, прыказкі, загадкі», якая была выдадзена ў 1885 годзе.

Kaliadka «Biehla staroža»
Калядка «Бегла старожа», запісаная Еўдакімам Раманавым у Гомельскім павеце

Ой бегла, бегла старожа з поля

Святы вечар! (рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка)

Да й ударыла пікай у вароты

Ці дома, дома малады Пятрок?

Ой няма, няма, дзесь у караля

Суды судзяць, перасудкі бяруць

На тры гарады, як сам малады

Такі варыянт шчадроўкі Раманаў запісаў у вёсцы Перарост Гомельскага раёна, сёння гэтая вёска ўваходзіць у склад Добрушскага раёна і знаходзіцца недалёка ад стыку межаў Беларусі, Украіны і Расіі.

Kaliadka «Biehla staroža»
Калядка «Бегла старожа», запісаная Зінаідай Радчанка ў Гомельскім павеце

У іншай частцы павета, у роднай Дзятлавіцкай воласці падобную шчадроўку зафіксавала і беларуская фалькларыстка Зінаіда Радчанка. Яе яна апублікавала ў сваёй працы «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)», якая была выдадзена ў 1888 годзе:

Ляцела старожа з чыстага поля. Святы вечар!

Да й ударыла кап’ём у вароты,

Чы дома, дома молад Іваначка?

Гэй німа, німа, дзесь у карабля,

Дый суды судзіць, перасудкі бярэ

На тры гарады шчэ й сам малады. Святы вечар!

«Biehla staroža» ŭ pracy Jaŭchima Karskaha «Bielarusy» «Бегла старожа» ў працы Яўхіма Карскага «Беларусы»

Згадвае гэтую шчадроўку і Яўхім Карскі ў трэці томе (1916) сваёй фундаментальнай працы «Беларусы», прысвечанай народнай паэзіі. «Бегла старожа» яго цікавіла перш за ўсё таму, што ў ёй часткова адлюстраваны вайсковы быт, бо старожай у старабеларускай мове называлі старажавы атрад ці дазор.

Mielodyja i tekst ščadroŭki, zapisanaj Lidzijaj Mucharynskaj u vioscy Aziorščyna Rečyckaha rajona
Мелодыя і тэкст шчадроўкі, запісанай Лідзіяй Мухарынскай у вёсцы Азёршчына Рэчыцкага раёна

Не знікла гэтая шчадроўка і пазней. У 1951 годзе яшчэ адзін яе варыянт запісала беларуская фалькларыстка Лідзія Мухарынская ў вёсцы Азершчына, якая знаходзіцца побач з Рэчыцай:

Бегла старожа з чыстага поля.

Добры вечар! (рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка)

Як ударыла кап’ём у вароты.

— Малады Сярожа, ці спіш, ці ляжыш?

— Стружачкі стружу, кап’ё малюю.

— Пакінь маляваць да едзь ваяваць.

Ўжо ж тваю дзевачку татары ўзялі.

— Я ж тых татароў мячом пасяку.

Я ж тую дзевачку за сябе вазьму.

Відаць, на аснове гэтага варыянта Леанід Барткевіч, саліст ансамбля «Песняры», стварыў у 1985 годзе песню «Бегла старожа» з песняроўскай аранжыроўкай. Тэкст таксама быў зменены і дапоўнены:

Бегла старожа з поля чыстага,
З поля чыстага ды шырокага.

Як ударыла ў вараты кап’ём,
У вараты кап’ём, у дубовыя. ...

У 1999 годзе «Бегла старожа» ў выкананні Ларысы Сімаковіч увайшла ў супольны музычны праект «Легенды Вялікага Княства», прысвечаны музыцы Сярэдневякоўя і Адраджэння.

Мільёны вушэй

Але нягледзячы на тое, што да шчадроўкі звярталіся «Песняры», для шырокага кола яна застаецца невядомай. А вось аркестравае выкананне «Бегла старожа» ад гурта Percival Schuttenbach чулі па ўсім свеце.

Станам на 2023 год сукупныя продажы гульні «Вядзьмар 3» на ўсіх платформах перавысілі 50 мільёнаў копій, што робіць яе адной з самых прадаваных у гісторыі. З улікам пірацкага рынку, які квітнее на постсавецкай прасторы, дзе жывуць адны з самых адданых прыхільнікаў серыі, гэтая лічба можа быць у разы большай.

І ўсе гэтыя гульцы, калі яны прасунуліся хоць бы трошкі далей за экран загрузкі, дакладна чулі, і не раз, у час баёў гэтую беларускую народную песню.

Дзе яшчэ шукаць адсылкі да Беларусі

Bielaruski arnamient u trejliery novaj častki Viedźmara
Беларускі арнамент у трэйлеры новай часткі Ведзьмара. Скрыншот відэа

У «Ведзьмары 3» шмат адсылак да культуры і гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, знаёмыя беларусам матывы і сюжэты ўсплываюць у гульні не аднойчы.

Так, напрыклад, у дадатку «Каменныя сэрцы» прадстаўнікі аднаго роду насілі імёны Вітольд (Вітаўт), Альгерд і Кейстут, якія яўна адсылаюць да імёнаў вялікіх князёў літоўскіх з дынастыі Гедымінавічаў.

А ў трэйлеры да нядаўна анансаванага доўгачаканага працягу серыі гульняў, мы заўважылі арнамент, які ідэнтычны таму, што быў вышыты на ручніку з Віцебскай вобласці.