Туга па нацыянальным блакбастары і адсутнасць грошай. Шэсць наіўных пытанняў пра беларускае кіно

10.04.2023 Кіно

Цікавасць беларусаў да сваёй культуры за апошнія гады адчувальна ўзрасла, а вось разумення, у якім стане яна знаходзіцца, пакуль не стае. Мінулы раз Тарас Тарналіцкі адказаў на першыя шэсць наіўных, але насамрэч важных пытанняў датычна беларускага кіно. У працяг тэмы у сённяшнім тэксце гаворка пойдзе пра блакбастары, мастацкасць айчыннага кіно і (няўдалыя) спробы на ім зарабіць.


02_zziannie22.jpg

Калі ў Беларусі здымуць уласны блакбастар?

У беларускага грамадства і ўлады палярныя погляды на тое, як павінен выглядаць палітычны, эканамічны ці сацыяльны ўклад краіны. Але пры гэтым яны заўжды сыходзяцца ў меркаванні, што беларускае кіно павінна нарадзіць блокбастар. Больш артыкулявана на гэтым настойваюць чыноўнікі — вось, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка не так даўно заяўляў, што чакае яго ад «Беларусьфільма».

Але каб дачакацца блакбастара ад «Беларусьфільма» ці прыватнай студыі, трэба спачатку зразумець, пра што ідзе гаворка. Тэрмінам «блакбастар» у амерыканскай кінаіндустрыі называюць высокабюджэтныя стужкі, якія доўгі час на слыху, папулярныя сярод гледачоў і здольныя прыносіць вялікі прыбытак.

Пакуль што ўсім названым крытэрам не адпавядае ніводзін з праектаў, зняты беларусамі з моманту развалу СССР. Улада апошнюю чвэрць стагоддзя спрабуе самастойна ўвасобіць у жыццё сваё разуменне блакбастара, — так званы «нацыянальны фільм» — але пакуль атрымоўваецца хутчэй «антыблакбастар». На яго выдаткавалі грошай ад аднаго да двух мільёнаў долараў, а праект замест папулярнасці сабраў кіпу скандалаў (часцей за ўсё з карупцыйным водарам) і быў у лепшым выпадку проста высмеяны, а ў горшым цалкам праігнараваны гледачамі. Узгадайце сумны лёс «Анастасіі Слуцкай» Юрыя Елхова, «Код Каіна» Уільяма дэ Віталя, «Сляды на вадзе» Аляксандра Анісімава і іншыя эпічныя прыклады няўдалага дзяржзаказу.

04_sliady.jpg
«Сляды на вадзе». Фота: sputnik.by

Бліжэй да блакбастарнага поспеху падбіраліся баевікі і драмы пра Другую сусветную вайну, знятыя «Беларусьфільмам» сумесна з расіянамі. Гаворка пра «У жніўні 44-га» Міхаіла Пташука і «Брэсцкую крэпасць» Аляксандра Кота. Гэтыя праекты мелі ў два разы большыя бюджэты, чым згадана вышэй, і адчувальную ідэалагічную скіраванасць зместу, што не перашкодзіла гледачам іх станоўча адзначыць.

Можа падацца, што не відаць беларусам уласнага блакбастара як сваіх вушэй. Але ў нас усё ж такі ёсць такі каляблакбастарны праект, які добра такі стаў косткай у горле ўлад, якія, вось гэта іронія, і замовілі яго стварэнне. Магчыма, вы здагадаліся, што гаворка пра гістарычную драму «Купала» Уладзіміра Янкоўскага, прысвечаную жыццю паэта і драматурга Янкі Купалы. Нават не трапіўшы на экраны, гэтае кіно стала культавым на хвалі падзей 2020 года. Яго пампавалі з Telegram, дзе была змешчана недапрацаваная копія, залівалі на Youtube, глядзелі дома і ў кампаніі суседзяў у гарадскіх дварах. І паказваюць нелегальным чынам за мяжой і сёння.

 

01_Купала_(постар).jpeg
Фільм «Купала»

І ў гэтым увесь сакральны сэнс культурнай з’явы — беларуская кінематаграфія пачне прадукаваць блакбастары толькі ў тым выпадку, калі аўтары будуць рабіць кіно на тэмы, цікавыя ў першую чаргу простым людзям. А не чыноўнікам з Мінкульту і ідэолагам з Адміністрацыі прэзідэнта.

Чаму нашых стужак няма ў беларускіх кінатэатрах?

Тыповае памылковае меркаванне, якое ўзнікла на глебе хранічнай недафінансаванасці праектаў і нявыбудаванай сістэме іх прасоўвання.

Канечне, беларускія стужкі ў кінатэатрах з’яўляюцца. Прычым як знятыя за дзяржаўны, так і за прыватны кошт. Нават драконаўская цэнзура апошняга часу моцна не паўплывала на гэты працэс. Сэнс у тым, што ні «Беларусьфільм», ні прыватныя кінастваральнікі амаль не ўкладваюцца ў вонкавую рэкламу сваіх праектаў. А калі трацяць на гэта капейчыну сродкаў, то не пазіцыянуюць праект як беларускі. Вось і атрымліваецца, што рускамоўнае беларускае кіно ўспрымаецца звычайна як расійскае. І такі падыход патрэбна змяняць.

А што, у нас акрамя «Лістапада» ёсць іншыя кінафестывалі?

Крыху запозненае пытанне.

Сэнс у тым, што кінафестывальная мапа Беларусі ў 2010-я гады была даволі шырокай. Прынамсі, пакуль не наступіў 2020 год і ўлады не забаранілі (ці арганізатары самастойна вырашылі згарнуць дзейнасць ад граху падалей) амаль усе актыўнасці, якія яны не праводзяць самастойна.

Калі разглядаць гэты год, з незалежных падзей непасрэдна ў Беларусі павінен быў прайсці Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно «Нефільтраванае кіно» (адменены за некалькі дзён да прэм’еры чыноўнікамі), новы Фестываль аматарскага кіно і відэакліпаў «Глядач» (пакуль не анансаваны), Оўпэн-эйр фестываль нямых фільмаў «Кінемо» (таксама яшчэ не анансаваны, магчыма, будзе зменена традыцыйная пляцоўка для паказаў у дворыку Музея Заіра Азгура, які змяніў сваё кіраўніцтва).

05_zziannie22.jpg

У анлайн-прасторы засталіся Фестываль краін Паўночнай Еўропы і Балтыі «Паўночнае ззянне» і беларуска-ўкраінскі «1084. На мяжы». Усе адценні незалежнага кіно ўвасабляе Польскі фестываль беларускага кіно «Бульбамуві», які ў гэтым годзе будзе праходзіць трэці год запар у Варшаве.

Чытайце па тэме: «Bulbamovie 2022». Кінатэрапія ў часы вайны і агрэсіўнай контррэвалюцыі

З прадзяржаўных падзей можна вылучыць той самы «Лістапад», які ўжо два гады праводзіцца «Беларусьфільмам», Фестываль анімацыйнага кіно «Анімаёўка», Фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC» (там паказваюць выключна ідэалагізаваныя тэлестужкі), Фестываль студэнцкага кіно «Кальварыйскія бабры» ды інш. Незразумела, хто менавіта наведвае і ўдзельнічае ў гэтых падзеях. Хутчэй за ўсё частка з іх праводзіцца адміністрацыйнымі метадамі, з запрашэннем супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый.

Беларускае кіно можа зарабляць грошы?

Усё залежыць ад таго, што маецца на ўвазе пад заробкам. Ці прадаюцца квіткі на паказ беларускіх фільмаў у кінатэатрах, правы на дэманстрацыю кантэнту па тэлебачэнні ці на стрымінг-платформах? Безумоўна, прадаюцца. Ці пакрываюць гэтыя грошы прамысловыя выдаткі на кантэнт? Не, не пакрываюць, ва ўсялякім разе ў 99% выпадкаў. Нават на парог самаакупляльнасці выходзяць літаральна адзінкі.

Калі пачытаць праграмныя інтэрв’ю кіраўнікоў «Беларусьфільма» ці прыватных прадзюсараў, яны ўвесь час намагаюцца пачаць зарабляць, але пакуль атрымоўваецца, шчыра кажучы, не вельмі. Нашы кінематаграфісты навучыліся добра асвойваць бюджэты, а вось разуменне сапраўдных бізнес-працэсаў застаецца пакуль на нізкім узроўні.

Ці здымаюць беларусы мастацкае кіно? Я чуў толькі пра дакументальнае

Адкрыю невялікі сакрэт — усё кіно мастацкае. І ігравое, і анімацыйнае, і дакументальнае, і эксперыментальнае. Бо яно зроблена з дапамагой мастацкіх сродкаў і прыёмаў, да якіх датычныя праца мантажора, аператара, актораў, тэхнічных супрацоўнікаў здымачнай каманды. Можна спрачацца ў кожным выпадку аб мастацкім узроўні, але настойваць, што вось мастацтва, а вось немастацтва — цалкам марная справа. Таму калі бачыце ці чуеце словазлучэнне «мастацкае кіно», ведайце — гэта недарэчная таўталогія, якой карыстаюцца людзі, якія не могуць знайсці адпаведных словаў, каб дадаткова падкрэсліць асаблівасць пэўнай стужкі. Тут трэба дадаць, што існуе беспадстаўна перадузятае меркаванне адносна невысокай якасці і нават прымітыўнасці дакументальнага кіно. Але такое кажуць людзі, якія ўспрымаюць за кінадакументалістыку тэлевізійныя рэпартажы, і сапраўды добрага дакументальнага кіно на вялікім экране яшчэ не бачылі.

А што, «Беларусьфільм» яшчэ працуе?

Яшчэ як працуе! І нягледзячы на незадавальняючыя ні ўлады, ні беларусаў вытворчыя паказчыкі, застаецца апошнім фарпостам дзяржавы па стварэнні кіна- і тэлевізійнага кантэнту.

03_Беларусьфільм.jpg
Фота:
belarus.by

Праўда, апошнім часам справы там ідуць не вельмі добра — каб зменшыць фінансавы ціск на прадпрыемства, шмат супрацоўнікаў «вывелі за штат», то-бок фактычна звольнілі, прапанаваўшы супрацу па кантракце, калі ў студыі ёсць грошы на праект. Таксама праз кантроль з боку КДБ і рэпрэсіі на студыі засталіся працаваць апошнія з магікан — спецыялісты, якія гатовыя здымаць усё, што спусцяць зверху. І трымацца на пасадах, пакуль іх не звольняць ці не пасадзяць у турму па чарговай палітычнай ці карупцыйнай справе. Менавіта праз такія акалічнасці ў большасці ігравых праектаў нацыянальнай студыі апошнім часам з’яўляецца ўсё больш запрошаных з Расіі кінематаграфістаў. Бо беларускія альбо эмігравалі, альбо адмаўляюцца ад супрацы.

Тарас Тарналіцкі, budzma.org