«Для мяне стварэнне кожага строю, кожнага комплекса — гэта маленькае жыццё».
Кацярына Ваданосава, рэканструктарка традыцыйных строяў, музыка, аўтарка вершаў ды песень, журналістка і тэлевядоўца заснавала ўласную Школу традыцыйнага строю ў беларускім творчым хабе «Новая зямля» ў Беластоку. Урачыстае адкрыццё адбылося 14 верасня, а на наступным тыдні пачнуцца першыя заняткі.
Школа традыцыйнага строю Кацярыны Ваданосавай
Як прайшло адкрыццё Школы і што чакае наведнікаў
Школа месціцца ва ўтульным памяшканні. Шмат рэчаў зроблена сваімі рукамі. Асаблівую атмасферу ствараюць строі, якія Кацярына ўласнаруч зрабіла цягам апошніх гадоў, веткаўскі ручнік, беларуская дуда, саламяныя павукі.
На занятках, якія працягнуцца да канца траўня, Кацярына будзе вучыць шыць кашулі, андаракі, саяны, спадніцы, фартухі, гарсэты, камізэлькі, галаўныя ўборы і верхняе адзенне, вышываць рознымі тэхнікамі, кроіць, ткаць паясы, ствараць аксесуары, вязаць і плесці карункі. Разам з выкладчыцай вучні Школы будуць фармаваць нагледжанасць, густ, вывучаць асновы колеразнаўства, занурацца ў гісторыю, этнаграфію ды мастацтва.
Шмат рэчаў у інтэр’еры зроблена сваімі рукамі
«Папярэдні ўзровень валодання іглой, гендар, веравызнанне і ўзрост не маюць значэння. Галоўнае — мець дастатковы запас цярпення, — кажа Кацярына. — Элементы беларускага традыцыйнага строю можна насіць не толькі камплектам, але і ўплятаць іх у сучасныя вобразы. Выглядаць адметна, не так, як усе — на гэта патрэбна мець трошкі смеласці. Але наколькі прыемна, адказваючы на пытанні мінакоў, калег, знаёмых, сяброў, казаць: "Я зрабіла гэта сама, і гэта — частка беларускай традыцыі"».
Аздабленне Школы традыцыйнага строю
Падчас адкрыцця школы Кацярына Ваданосава прачытала лекцыю, удзельнікі якой даведаліся, з чаго складаецца традыцыйны строй, якія строі бываюць у Беларусі, чаму нельга тлумачыць асобныя часткі беларускага арнаменту і называць беларускую кашулю вышыванкай. Вечар скончыўся музычным выступам: Кацярына Ваданосава выканала некалькі песень — для добрага настрою и натхнення на далейшую супрацу.
Падчас лекцыі Кацярыны Ваданосавай
Адкуль у Кацярыны любоў да вышыўкі
Распыталі Кацярыну пра тое, адкуль у яе любоў да вышыўкі і традыцыйных строяў, што больш за ўсё любіць у працэсе стварэння строяў і наколькі складаная гэта справа.
- Кацярына, чаму ўвогуле ўзнікла думка адкрыць Школу традыцыйнага строю?
- Я адэптка таго меркавання, што калі чалавек хоча сабе беларускі традыцыйны строй, то ён мусіць зрабіць яго сам. Гэта задавальненне, у тым ліку, уласнай цярплівасцю і працай. Сапраўды, для мяне неперавышаная радасць — апранаць тое, што зроблена маімі рукамі. Я не магу адчуць гэтыя эмоцыі, калі апранаю штосьці, вырабленае кімсьці іншым.
Жанчына, якая апранала традыцыйны строй сто гадоў таму, рабіла яго сама — ад пачатку да канца. Яна мыла лён, яна яго трапала, часала, яна яго ткала, краіла, вышывала. І каштоўнасць гэтага строю для яе была невымерная — ён быў бясцэнны. Вось гэта адчуванне бясцэннасці цяжка атрымаць зараз, у сучасным свеце, таму што па сутнасці мы ўсе апранаемся ў мас-маркет ці у лепшым выпадку носім дызайнерскія штучкі. Калі я апранаю строй — няважна які, якога рэгіёна — я адчуваю не гэтыя пафасныя рэчы кшталту «сувязі з продкамі». Я адчуваю сябе на месцы тых самых жанчын, для якіх каштоўнасць, багацце можна было кранаць рукамі і вымераць колькасцю крыжыкаў, шывочкаў, даўжынёй пояса. Мяне гэта цешыць, мне гэта дастаўляе радасць, і я хачу падзяліцца гэтай радасцю з іншымі людзьмі.
Пяльцы для вышыўкі ў Школе традыцыйнага строю
- Ці робіце вы строі на замову?
- Не. Калісьці я рабіла строі на замову, але, насамрэч, гэта вельмі доўга і дорага. Чамусьці, калі расказваеш, што адну кашулю можна вышываць шэсць месяцаў, людзі не вераць. Але гэта сапраўды так! Асабліва пры наяўнасці дзяцей, іншых прац, я не магу сабе дазволіць сядзець па восем гадзін за шытвом, таму што вочы хутка памруць. Атрымліваецца, што мае высілкі не каштуюць тых грошай, якія могуць патэнцыйна за гэта заплаціць. Мне значна цікавей навучыць людзей гэта рабіць самім, каб яны бралі адказнасць за свой строй самі, чым ствараць тое, што хтосьці апране і скажа: «Глядзіце, які ў мяне строй!».
Кацярына паказвае самаробную кашулю
У мяне была гісторыя, звязаная не зусім з традыцыйным строем, але. Аднойчы я пашыла вясельную сукенку для сваёй сяброўкі — сучасную, з шаўковага шыфону, з ручной вышыўкай. І памятаю, калі прыйшла на вяселле — я была запрошанай у шэрагу гасцей — пачула, як жаніх хваліўся гасцям: «Смотрите, мы заказывали это платье дизайнеру из Риги!». І я са здзіўленнем даведалася, што я, аказваецца, дызайнер з Рыгі (смяецца). Гэта было вельмі прыкрае, непрыемнае пачуццё. Я зразумела, што для мяне важна, каб мае строі ў тым ліку гаварылі пра мяне. Для мяне істотна ведаць, хто іх апранае, як іх носяць, у якіх умовах яны гадуюцца. Стварэнне такога мікракосма — надта інтымны працэс, каб проста зарабляць ім грошы.
Для мяне стварэнне кожага строю, кожнага комплекса — гэта маленькае жыццё. Вось як песні, якія я ствараю, для мяне як дзеці, так і строй — як дзіця.
Мне цяжка іх прадаваць, я не ведаю, якую варта назначаць цану.
- З чаго пачалася ваша гісторыя з шытвом і вышаўкай? Адкуль узнікла зацікаўленасць традыцыйнымі строямі?
- Я шыла і вышывала з дзяцінства, была такім хваравітым дзіцём, часта сядзела дома. Мае бабулі рана памерлі — адна з іх была 1914-га года нараджэння, другая — 1922-га. Я іх амаль не памятаю, але засталося шмат чаго ў спадчыну: накрыўкі, кашулі, спадніцы, сукенкі. Яны былі гарадскімі жыхаркамі, не сялянкамі, не глыбінным народам — жылі ў Мінску. Але стваралі шмат чаго рукамі.
Кацярына Ваданосава падчас адкрыця Школы традыцыйнага строю. Фота: Белсат
Калі я была маленькая, любіла глядзець на вырабы, якія засталіся ад бабуль, разумець, як яны зроблены. У мяне не было кніжак, але я магла глядзець на штосьці, «тупіць» некалькі дзён — часу багата, сядзіш дома, хварэеш. Я кашулі не ў прамым сэнсе прэпарыравала — нічога не рэзала — але настолькі доўга і ўважліва на іх глядзела, што метадам спроб і памылак разумела, як гэта зроблена, як гэта пашыта і вышыта. То-бок, потым мне не трэба было вучыцца — не памятаю, як сталася, што я стала вышываць на пастаяннай аснове — умелася і ўспомнілася.
- Якія вашы самыя любімыя працэсы ў стварэнні традыцыйных строяў?
- Я вельмі люблю пачынаць рабіць строй, але не кроіць — кроіць ненавіджу проста, таму што заўсёды страшна папсаваць тканіну. Люблю працэс распачынання дэкаравання, люблю вышываць больш, чым шыць. Гэта як асэнсаванне таго, што я недарма пражываю жыццё.
Вось я не магу, напрыклад, проста сядзець дома і глядзець серыяльчык, нічога не робячы рукамі — з’яўляецца адчуванне таго, што жыццё праходзіць, а я нічога не раблю. А калі штосьці вышываю, думаю: «Вось гэта тое, што застанецца пасля мяне». Гэта прыносіць радасць.
Вельмі люблю дробныя рэчы. Не разумею, як людзі шыюць сабе сукенкі за адзін дзень. То-бок, я таксама магу так зрабіць, але гэта будзе зусім іншая якасць, зусім іншае ўсё! Мне падабаецца выдаткоўваць дахалеры часу на дробязі. Вось каб чалавек, які падыходзіць блізка-блізка, заўважыў тое, што недаступна воку паводдаль. Гэта, як карціны, якія разглядаеш здалёк, потым падыходзіш бліжэй і бачыш — вось яно як, аказваецца.
Беларускі народны строй. Ад пасталоў да наміткі
Што трэба, каб стварыць свой уласны строй
- Якімі якасцямі і ўменнямі трэба валодаць, каб зрабіць традыцыйны строй?
- Гэта, у першую чаргу, цярпенне. Ні талент, ні працаздольнасць — менавіта цярпенне, таму што малюпасенькія рэчы вымагаюць столькі часу, што шмат каму гэта не зразумела. Не зразумела, навошта рабіць ручную вышыўку, калі можна замовіць машынную. Не зразумела, навошта рабіць рэканструкцыю пэўнага строю, калі можна пайсці да сучасных дызайнераў, якія робяць цішоткі з элементамі традыцыйнай вышыўкі, зробленай на машынцы, і сказаць, што гэта не горш.
Асаблівых уменняў, каб рабіць традыцыйныя строі, не трэба. Вышыўка, калі мы не бярэм, напрыклад, вышыўку гладдзю — гэта сістэматычная рэч. Я б сказала, што яна роднасная нават матэматыцы. Малюеш арнамент, а арнамент — гэта заўсёды геаметрыя, сістэма, якой навучыцца даволі проста. Тут не трэба валодаць навыкамі змешвання фарбаў, пабудовы перспектывы — гэта больш механічная праца. Як плаванне — калі засвоіў, як плаваць альбо як катацца на ровары, то ўжо гэтага не забудзеш, будзеш карыстацца гэтым надалей — мне так падаецца, я на гэта вельмі спадзяюся.
Таццяна Краўчанка, budzma.org. Фота аўтаркі, апроч пазначанага