Шляхта ці сяляне: хто ўратаваў беларускую самабытнасць і традыцыйную культуру? Спрэчка гісторыкаў Краўцэвіча і Герасімчыка з публіцыстам Кіркевічам

Публіцыст Алесь Кіркевіч 21 ліпеня зрабіў на сваёй старонцы ў Facebook рэпост публікацыі «Маёнтка Падароск» пад назвай «Кім была шляхта?», дзе коратка апавядаецца пра ролю шляхты ў нашай гісторыі. Гэты рэпост выклікаў гарачую дыскусію сярод беларускіх гісторыкаў.


294970603_1883990831794006_8148218746261555611_n.jpg

У публікацыі даецца наступная інфармацыя: «Ёсць памылковае меркаванне, што шляхта — гэта наўпрост заможныя людзі, якія напрыдумвалі сабе гербаў і мучылі сялян. У рэальнасці шляхта — гэта вайсковае саслоўе. Тыя, хто атрымаў шэраг прывілеяў за абарону Айчыны. Найперш — збройным чынам.

Шляхціч мог быць заможным (уласнікам палацаў, сенажацяў і гектараў лесу), мог быць бедным (сам араць зямлю, не маючы слугаў). Але заўсёды гэта быў асабіста свабодны чалавек, які сам вырашаў свой лёс. Такі сабе самурай. А яшчэ — шляхціч заўсёды памятаў пра свой герб, продкаў і паняцце асабістай годнасці.

Вось як пісаў пра шляхту ў сваёй кнізе ўспамінаў «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853 г.) Уладзіслаў Сыракомля:

«Бо вядома ж, што засценкі, альбо шляхецкія сядзібы, якія былі калісьці характэрнаю прыкметаю шляхецкай польскай рэспублікі, некалі бурлілі палітычным жыццём сваей краіны, болей нават шумна, чым сучасныя клубы на захадзе, былі гняздом і расаднікам гэтай дзейнай расы шляхціцаў, што зброяй, пяром, моцнай да кнігі і келіха галавой здзіўляла свет, сёння, скажам мы, страцілі не толькі грамадскае, але і ўсякае значэнне і ніякай не вытвараюць прадукцыі, нічога не даюць краю, акрамя невялікіх чыншаў, акрамя аканомаў для суседніх маёнткаў, акрамя (як тут) коней на кірмашы, гадаваных гэтай шляхтай, вернай рыцарскім звычаям продкаў.

Са сціплымі патрэбамі і сродкамі засцянковы шляхціц, абрабляючы сваю ўбогую ніву, не клапоціцца пра сваю асвету, пра лепшы побыт, пра павышэнне прадукцыйнасці сваёй гаспадаркі. Ëн яшчэ ганарыцца сваімі прывілеямі і гатоў паўтараць, што "ён роўны ваяводзе", але не здагадваецца, што некалі ён і праўда быў роўны ваяводзе і ў сіле, і ў розуме, і ваявода лічыўся з ім; не здагадваецца яшчэ сённняшняя засцянковая шляхта, што калісьці была каўчэгам законаў свабоды, якія так клапатліва выпрацоўваліся на сеймах, з’ездах і ў вусных ці пісьмовых палітычных даследаваннях альбо ў крывавых бітвах з ворагамі і братамі, што права яе продкаў не прызнавала ні пана, ні мужыка, ні мешчаніна, а толькі шляхціца, што яно не літавала нават караля — толькі шляхту, толькі шляхта была ўсім і ўсё было для яе» — апавядаецца ў тэксце.

Запярэчыў гэтай тэзе ў каментарах доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч: «Шляхта ўжо ў 15 ст. перастала быць вырашальнай вайсковай сілай дзяржавы. У 16 ст. пераўтварылася ў зямянаў — уладальнікаў маёнткаў з прыгоннымі сялянамі. На працягу 17 — 18 ст. канверсавалася ў польскую культуру, а ў 19 ст. частка пайшла ў расейскую службу і русіфікавалася. Беларусь уратавалі сяляне, якія захавалі традыцыйную культуру і жывую мову. Калі пачыналіся нацыянальныя рухі ў 19 ст., то іх ініцыятары (пераважна са шляхты і духавенства) апелявалі да сялян і іх мовы. Беларусы належаць да г.зв. сялянскіх народаў, у нацыянальным руху якіх шляхта ўдзелу не прымала (у адрозненне ад палякаў, венграў ці румынаў). Таму пахвала шляхце як саслоўю ў беларускім кантэксце выглядае нонсенсам. Можа быць толькі індывідуальная ацэнка — што зрабіў для Беларусі», — адзначыў навуковец.

16252454_1038801929597546_4870852529650811080_o.jpg

Кіркевіч у адказ прафесару напісаў яшчэ адзін пост, у якім сцвярджае, што шляхта мае быць адным з цэнтральных архетыпічных вобразаў нацыі: «Троху разгубіўся, бо рос на кнігах сп. Краўцэвіча пра Вітаўта, гісторыю Горадні і г.д. Але. «Не могу молчать». Ніхто са шляхты не робіць святых. Хочаце любіць святых у гісторыі — не будзеце любіць нікога. Шляхта мела багата грахоў, але дакладна не больш за сялянаў, мяшчанаў, мясцовага кліру ўсіх канфесіяў ці тутэйшых жыдкоў. Ніводная з гэтых супольнасцяў ніколі і не думала пра ніякае нацыятварэнне.

Шляхта была такой, якой была. Са сваімі інтарэсамі. Са сваім стылем. Са сваім кодэксам паводзінаў. З разгуляйствам, пыхай, ірацыянальнасцю, гонарам, рашучасцю, авантурызмам. Але гэта і ёсць рысы пасіянарнай супольнасці, якая здольная нешта стварыць. Пакінуць след у гісторыі. Не жыве па інэрцыі. Акурат выхадцы са шляхты стварылі ўсё вартае на нашых землях у дамадэрную эпоху.

І не трэба судзіць людзей 16-17 стст. па мерках 20-21 стст. Даруйце, але Януш Радзівіл не меў змогі штудзіраваць Энтані Сміта, Цімаці Снайдэра або Алеся Краўцэвіча.

У Японіі былі самураі, якія ў наступным сталі легендай і брэндам. Але мадэрная Японія паўстала хутчэй насуперак самураям, як «ворагам прагрэсу».

У Германіі было рыцарства і дваранства. Але мадэрная Германія паўстала хутчэй насуперак нашчадкам рыцараў, як «ворагам прагрэсу».

У Амерыцы былі каўбоі з кольтамі ды «банды Ню-Ёрка». Але мадэрныя ЗША паўсталі хутчэй насуперак каўбоям. Ню-Ёрк — насуперак тым бандам.

Але японцы, немцы, амерыканцы ганарацца сваёй гісторыяй. Без самураяў, рыцараў ці каўбояў іх гісторыі не існуе. Дакладней, яна стае нецікавай. А ў шырокім разуменні нецікавая гісторыя не існуе. Бо яна нікога не «вставляет», апроч спецыялістаў-кніжнікаў.

Тое самае са шляхтай. Не чапайце святога. Шляхта — «народжаныя з шабляй» — маюць быць адным з цэнтральных архетыпічных вобразаў нацыі, калі мы ў прынцыпе бачым нацыю ў перспектыве.

Інакш застануцца коласавы блінцы, паламаныя грушкі ды павалены плот. Усё тое, што мы ненавідзелі на ўроках бел-літа. Усё тое, што нават рускія забараняць не будуць. Бо яно не страшнае. І не цікавае», — зазначыў публіцыст.

Пазней, у дыскусію ўступіў яшчэ адзін гісторык — Васіль Герасімчык, аўтар кнігі «Кастусь Каліноўскі: асоба і легенда». 

70429593_1608595312610439_862107551007768576_n.jpg

Ён сваёй публікацыяй «Што агульнага паміж «шляхтаю» і «легетымнасцю» запярэчыў Алесю Кіркевічу: «З усёй бясконцасці таго, што назапасіў твой народ, ты бачыш толькі «коласавы блінцы, паламаныя грушкі ды павалены плот»? Тлумачыш: нянавісць гэта выклікала, а зусім не шлях у свет роднае культуры табе, яшчэ дзіцятку, адкрывала. «Нават рускія забараняць не будуць. Бо яно не страшнае. І не цікавае». І не адчуваеш, што тут як ў тым гарэху ўся сутнасць схаваная?

Каланізатары паўсюль працуюць аднолькава: навучаюць падпарадкаваных зненавідзець сваё, каб далей тыя адмовіліся ад уласнае сутнасці. Ляпі з іх, што хочаш. А каб прыручыць, трэба навучыць. А дзеля гэтага на мову падпарадкаваных лепш з «нецікавым» чымсьці пераходзіць. Далей «цывілізатар» іх ужо сваёй моваю адорыць. Ды адорыць «цікавым»: тут табе і каўбоі, і лыцары, і самураі, і шляхта. Цяжка з такога кола вырвацца пасля, ой як цяжка.

Можна захапляцца шляхтаю, рабіць з яе герояў. Але гісторык не варты нават паперы, калі жыве выключна ў свеце мрояў. Сапраўды былі героі, былі змагары, былі тыя, хто пакінуў след на сваёй зямлі. Але прызнаць варта, што не змагла дамовіцца шляхта, каб краіну сваю ўратаваць. І цяпер час нам аб тым спамінаць!

Бо зноў тое цяпер назіраем: калі па шэраговых справах дамовіцца не маем. Ёсць рэчы агульныя («канвенцыянальныя»), якія павінны быць усімі дзеля дыялогу ці дыскусіі прымальныя. Дзеля прыкладу — панятак «легітымнасць». Ёсць яно ў слоўніку, варта пачытаць, а не проста з паветра якога прыдумляць. Бо ў такім разе якая дыскусія, калі адзін гаворыць пра яблык, а другі называе яго груша.[...]

Можна шукаць наноў сваіх «самураяў», нават замахвацца на архетыпы. Але сябе не падманеш. Мы — тыя, хто мы ёсць, незалежна ад нашага жадання. У нас у крыві казаць, а не слухаць, у нас у прыродзе дамовы, а не дамоўленасці, зайздрасць і сваркі, а не дыскусіі. Бо як сведчыць наш Сцяг: дзе два беларусы — там тры меркаванні. Таму каб нешта з гэтым зрабіць, (ці нават замахнуцца на тое, каб перарабіць) трэба прыняць сябе. Скрозь зубы, але па шчырасці, бо ў іншым выпадку нас чакае толькі сварка» — рэзюмуе гісторык.

Васіль Герасімчык у дадзеным пасце зрабіў зварот да гісторыка Алеся Краўцэвіча, пакуль прафесар ніяк не адрэагаваў на гэты тэкст, але, неўзабаве, яго рэфлексіі па разглядаемай тэме з’явяцца на нашым сайце.