Дадзеныя да Дня роднай мовы сабрала і візуалізавала «Салідарнасць».
Часцей за ўсё для ацэнкі папулярнасці беларускай мовы выкарыстоўваюць дадзеныя апошніх перапісаў насельніцтва, паводле якіх колькасць беларусаў, што лічаць беларускую мову роднай, значна знізілася з канца 90-х.
Здавалася б, так і ёсць: калі ў 1999 годзе 85,6% беларусаў называлі сваёй роднай мовай беларускую, то ўжо праз дзесяць гадоў толькі 60,8% беларусаў лічылі сваю мову роднай. Што да 2019 года, то суадносіны крыху палепшыліся: 61,2% выбралі беларускую мову, а 38,1% рускую.
Аднак ёсць некалькі фактараў, якія робяць гэтыя лічбы не да канца паказальнымі.
Па-першае, падчас розных перапісаў насельніцтва мянялася фармулёўка пытання аб мове — напрыклад, у апошнім перапісе чыноўнікі прапанавалі лічыць роднай мову, першай засвоеную ў дзяцінстве, чым выклікалі пратэсты экспертаў і актывістаў.
Па-другое, з цягам часу дзяржава сваёй моўнай палітыкай ускосна прапагандавала «правільны адказ» на гэтае пытанне, што магло значна паўплываць на вынік, асабліва ў асяроддзі бюджэтнікаў і іншых сацыяльных груп, залежных ад дзяржавы.
Яшчэ адно апытанне, праведзенае Chatham House у лютым 2023 года, паказала, што толькі каля 6% беларусаў згодны з тым, што беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай, яшчэ 10% часткова згодны з гэтай тэзай. Часткова нязгодных з гэтым было значна больш — 37%, а поўнасцю нязгодных — 33%. Яшчэ 15% апытаных не вызначыліся з пазіцыяй.
Зноў жа, гэтае пытанне наўрад ці варта лічыць паказальным для вымярэння папулярнасці беларускай мовы, бо яно звязанае з цэлым пералікам стэрэатыпных тэзісаў, якія яшчэ з 90-х распаўсюджваюцца дзяржаўнай прапагандай у беларускім грамадстве.
Значна больш падстаў задумацца даюць іншыя, хоць і менш рэпрэзентатыўныя апытанні, але якія падсвечваюць сітуацыю пад больш дарэчным кутом.
Напрыклад, цікавыя вынікі мела анкетаванне працаўнікоў беларускай IT-індустрыі, якое паказала, што пераважная колькасць апытаных валодае беларускай мовай, а больш за 55% выкарыстоўвае яе ў жыцці ў большай ці меншай ступені і хацела б выкарыстоўваць часцей.
Іншае апытанне некалькі гадоў таму правёў беларускі партал rabota.by, які пацікавіўся ў сваіх чытачоў, пры якой умове яны гатовы перайсці на беларускую мову на працы. І атрымалі цікавыя адказы: 43,7% апытаных былі гатовыя зрабіць гэта «без асаблівых намаганняў», а яшчэ 21,9% пры ўмове праходжання курса беларускай мовы і толькі 19,5% адзначылі, што не змогуць гэта зрабіць.
Дарэчы, таксама пазітыўнымі аказаліся вынікі апытання, праведзеныя рэдакцыяй «Салідарнасці» ў сваім тэлеграм-канале, наконт перыядычнасці спажывання беларускамоўнага кантэнту.
Згодна з вынікамі апытання, пераважная большасць чытачоў нашага медыя рэгулярна спажывае беларускамоўны кантэнт, аддаючы перавагу артыкулам, напісаным па-беларуску, а таксама пастам у сацсетках і мэсанджарах і шырокафарматным відэа на Youtube.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што беларуская мова, нягледзячы на складаную палітычную сітуацыю ў Беларусі, мае даволі добрыя перспектывы для больш шырокага ўжывання, асабліва сярод найбольш прагрэсіўнай і адукаванай часткі грамадства.
Чытайце яшчэ:
Вынікі даследавання: толькі 16% гараджан падтрымліваюць павелічэнне колькасці беларускамоўных гадзін у школе за кошт скарачэння рускамоўных
21 лютага — дзень роднай мовы. Як і дзе адзначыць?