21 лютага — адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Зрабілі для вас падборку беларускіх мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць у розных гарадах свету з нагоды Дня роднай мовы, каб вы маглі годна адзначыць гэтае свята.
Музей Вольнай Беларусі, НАУ і Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні запрашаюць беларусаў з усіх куткоў свету ўзяць удзел у АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНАЙ АНЛАЙН-ДЫКТОЎЦЫ!
Сёлета дыктоўка прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, які лічыў, што лёс беларускай мовы неразрыўна звязаны з незалежнасцю нашай краіны: «Будзе незалежнай Беларусь ‒ будзе ўсё. У тым ліку мова і культура».
І сёння, калі перад беларусамі асабліва востра стаяць пытанні абароны незалежнасці, а значыць, і захавання мовы, мы ні ў якім разе не павінны забываць пра гэтыя мудрыя словы нашага славутага пісьменніка.
Далучайцеся да трансляцыі, дзе б вы ні былі!
Ужо ў гэты панядзелак, 19 лютага, адбудзецца гутарка на тэму: «Размова пра мовы».
Веды — гэта тое, што дае нам упэўненасць у сабе і ў сваіх сілах. Веданне замежных моў — гэта інструмент, з дапамогай якога мы адкрываем дзверы ў свет. Мы можам знайсці працу або пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, падарожнічаць і ствараць музыку, тэксты і г.д.
Таксама пагаворым пра ваш шлях да роднай мовы. Як вы яе ўдасканальваеце, якія інструменты для гэтага выкарыстоўваеце? Будзем дзяліцца досведам і натхняць адзін аднаго.
Запісацца на гутарку можна па спасылцы.
У сераду, 21 лютага, у музеі Максіма Багдановіча ладзяць «Моўныя гулі» — несур’ёзныя спаборніцтвы да Дня роднай мовы.
Якім чынам самы малады класік нашай літаратуры засвоіў беларускую — застаецца таямніцай. Ці не забыліся на беларускую мову мы — таксама не зразумела.
Супрацоўнікі музея прапануюць разам пашукаць адказы на першае пытанне і зладзіць іспыт па другім.
Каламбуры, загадкі, рэбусы, анаграмы — якіх толькі забавак не прыдумлялі з выкарыстаннем слова.
Крыху ведаў, кемлівасці, ініцыятывы, удачы — і вы зможаце справіцца з нашымі дураслівымі, але вельмі сур’ёзнымі заданнямі.
Удзельнікаў чакаюць сувеніры ад музея Максіма Багдановіча і кнігі ад грамадскай ініцыятывы «БЕЛГІПС».
У сераду, 21 лютага, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, ладзіць Беларускую дыктоўку да Дня роднай мовы.
Напісаць дыктоўку можна афлайн у Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Коласа НАН Беларусі.
А можна далучыцца да анлайн-трансляцыі на сайце «Культура» Беларускага радыё www.radiokultura.by альбо на хвалі радыё 102.9 FM.
У берасцейскай абласной бібліятэцы праходзіць Тыдзень роднай мовы.
Штодня тут цікавыя імпрэзы, якія дапамогуць вам паглыбіцца ў беларушчыну: ад літаратурнай гульні да квіза.
Праграма:
17 лютага аб 11.00 — віктарына «Сваімі словамі»
18 лютага аб 11.30 — літаратурная гульня «Я мову родную люблю»
19 лютага — інтэлектуальна гульна «Культурныя вандроўкі»; пазнавальная гадзіна «Традыцыі роду — традыцыі народу» (па папярэнім запісе)
20 лютага аб 11.30 — акцыя «Кніжнае канфеці»; квіз «Брэст: ад мінулага да сучаснасці» (па папярэднім запісе)
21 лютага — творчая сустрэча з пісьменнікам-земляком Анатолем Брытуном
Цягам тыдня адкрытая кніжная выстава «Дзіўная родная мова».
Месца: Абласная бібліятэка імя Горкага, вул. Куйбышава, 32, Брэст
У сераду, 21 лютага, у абласной бібліятэцы — Беларуская дыктоўка да Дня роднай мовы.
Вас чакае літаратурна-музычная вечарына і агульная дыктоўка, якая традыцыйна ладзіцца ў гэты дзень.
24 лютага Англа-беларускае таварыства сардэчна запрашае на традыцыйнае святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ў Лондане.
Сёлетні Дзень роднай мовы прыпадае на другую гадавіну вайны ва Ўкраіне і прысвячаецца гераічнаму змаганню ўкраінскага народа за свабоду і захаванне сваёй палітычнай і культурнай ідэнтычнасці.
Госцем будзе Андрэй Хадановіч, вядомы паэт і перакладнік. На сустрэчы ў падтрымку ўкраінскага народу будуць прачытаныя вершы Сяргія Жадана, а таксама арыгіналы вершаў на розных мовах у перакладах Андрэя Хадановіча і ягоную ўласную паэзію. Будуць і спевы – песні, перакладзеныя знакамітым госцем на беларускую мову: «Разбуры муры турмы», «Чуеш як ідзе народ?», «Алілюя», «The Fields of Athenry...».
Удзельнікі сустрэчы змогуць набыць зборнікі паэзіі і перакладаў Андрэя Хадановіча.
У панядзелак, 19 лютага, «Мова Нанова ў Тбілісі» кліча на святочную сустрэчу, прысвечаную Тыдню роднай мовы.
На сустрэчы:
пагавораць пра гісторыю беларускай мовы, адкуль і калі яна ўзнікла;
напішуць невялічкую дыктоўку;
правераць разам і прааналізуюць тэкст з пункту гледжання граматыкі, каб падмацаваць свае веды;
паспяваюць любімыя беларускія песні пад гітару са спадаром Алесем!
Выкладчыца — спадарыня Кацярына, беларусістка, настаўніца Першай беларускай анлайн-школы ва Украіне.
Удзел бясплатны. Запісвайцеся па спасылцы і далучайцеся!
У сераду, 21 лютага, у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры адзначаюць Дзень роднай мовы.
У праграме:
Беларуская дыктоўка па творах Васіля Быкава
Лекцыя Вінцука Вячоркі «Васіль Быкаў і беларуская мова»
Прагляд дакументальнага фільма.
Прыходзьце ж і вы напісаць агульнабеларускую дыктоўку ды ўшанаваць памяць пісьменніка.
21 лютага Хаб «Новая Зямля» запрашае далучыцца да святкавання Дня роднай мовы.
У праграме:
Дыктоўка. Тэкст Васіля Быкава. Сёлета яму спаўняецца 100 год. Дыктуе Кацярына Ваданосава. Тыя, у каго не атрымаецца з далучыцца ў хабе, зможа пісаць анлайн, даяднаўшыся да стрыма на youtube канале Мова Нанова.
Квіз, адмыслова падрыхтаваны Падлеткавым Клубам.
Беларускія вершы ад дзетак і ўсіх жадаючых.
З 19 да 23 лютага ў Варшаве пройдзе цэлы шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Роднай мовы.
Штодня будуць тэматычныя івэнты:
19 лютага 18:30 — Абмяркаванне беларускай мовы ў музыцы. Дыскусію правядзе Аляксандр Чарнуха з удзелам Navi Band
20 лютага 18:40 — Тэматычная гульня «Што? Дзе? Калі?» па-беларуску
21 лютага — Дзень Роднай мовы! — 18:30 — Паэтычны вечар з удзелам беларускіх літаратараў і адкрыты мікрафон для ўсіх жадаючых
22 лютага 18:30 — Wyspa — падлеткавы клуб, сустрэча прысвечана дню роднай мовы
23 лютага 19:30 — «Пазакласнае чытанне» з комікамі аб’яднання Pan Standup — разбор кніжкі!
У панядзелак, 19 лютага, у Беларускім Моладзевым Хабе — сустрэча з Аляксандрам Чарнухам у межах Тыдня роднай мовы.
Пытаннечка ў загалоўку хвалюе не першае пакаленне творцаў. Ці ёсць на яго ўцямны адказ? Будуць разбірацца!
Аўтар YouTube-каналу «Міністэрства сепультуры», музычны журналіст Аляксандр Чарнуха і музыкі гурта NaviBand разам паразважаюць пра ролю мовы ў музыцы, а вы зможаце да іх далучыцца.
У сераду, 21 лютага, у Беларускім Моладзевым Хабе святкуюць Дзень роднай мовы.
Госці і артысты падзеляцца сваёй творчасцю, а іх выступы нагадаюць нам пра багацце і разнастайнасць нашай мовы: Удзел бяруць Алесь Плотка, Васіль Ядчанка, Віталь Рыжкоў, Алесь Дзянісаў, Atesta.
Будзе таксама адкрыты мікрафон, дзе кожны ахвотны зможа падзяліцца сваімі думкамі, вершамі ці адчуваннямі на беларускай мове.
У сераду, 21 лютага, беларусы Лодзі далучаюцца да Беларускай дыктоўкі ў Дзень роднай мовы.
Сёлета Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета разам з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі прапануюць для дыктоўкі тэкст, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
То прыходзьце і вы напісаць!
У сераду, 21 лютага, у Познані таксама пішуць дыктоўку да Дня роднай мовы.
Сёлета тэкст будзе прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
У Познані дыктоўку прачытае пісьменніца і преракладчыца Ганна Янкута, аўтарка рамана «Час пустазелля» і дзіцячых гісторый пра Ката Шпорта.
Імпрэза працягнецца творчай сустрэчай з шаноўнай госцяй.
У сераду, 21 лютага, беларусы Эстоніі збіраюцца на сустрэчы ў Тарту, каб адзначыць Дзень роднай мовы.
У праграме:
вечаровыя чытанні паэзіі і прозы, з таршэрам
трошкі музыкі і спеваў з гітарай
віктарыны для дзяцей і дарослых з прызамі
кава і гарбата з прысмакамі
У кожнага жадаючага будзе магчымасць выступіць: прачытаць верш, падзяліцца улюбёным урыўкам з кнігі ці заспяваць песню.
Больш беларускіх падзеяў шукайце ў нашай Афішы.
Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!
Карыстацца ім вельмі проста: выбірайце той ці іншы горад або ўсю краіну, падпісвайцеся асобна на ўсе анлайн-мерапрыемствы ці выбірайце варыянт all inclusive — усе беларускія падзеі свету (у тым ліку і анлайн-мерапрыемствы). А пасля — сачыце за беларускім дзвіжам і далучайцеся!
Спіс мерапрыемстваў, прысвечаных Дню роднай мовы, будзе пашырацца. Сачыце за навінамі, каб нічога не прапусціць!