Чаму паліць траву не роўна паляпшаць глебу, якая шкода ад збору першацветаў і чым ён небяспечны для экасістэмы, а таксама як правільна збіраць бярозавы сок, каб не нашкодзіць дрэвам? Расказвае служба па рашэнні экапраблем «Зялёны тэлефон».
Пал травы
Кожную вясну людзі масава пачынаюць спальваць леташнюю сухую траву. Чым гэта небяспечна? Разбураюцца экасістэмы, узнікаюць пажары, пашкоджваюцца лініі электраперадач, пакутуюць жывёлы, расліны, казуркі і часам самі людзі.
Усе прычыны, па якіх людзі працягваюць гэта рабіць, зусім не апраўданыя, а такая звычка — спадчына з савецкіх часоў, калі траву на палях выпальвалі для знішчэння насення дзікіх раслін і павышэння ўрадлівасці глебы, зыходзячы з таннасці гэтага спосабу.
Пал травы негатыўна ўплывае на глебу
Прыкладна з сакавіка, калі з-пад расталага снега пачынае паказвацца леташняя трава, з ёй пачынаюць актыўна змагацца. Але такая трава — не смецце, а каштоўнае харчаванне для глебы. Самой прыродай створаны дасканалы механізм, калі новая свежая трава адрастае пасля зімы, а старая паспяхова перагнівае самастойна, і ніяк не перашкаджае расці новай.
Падпалы травы прыводзяць да зніжэння ўрадлівасці земляў. Мінеральныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў глебе, не павялічваюцца за кошт пажару, проста яны хутчэй вызваляюцца з падпаленай сухой травы. Але пры гэтым губляюцца розныя азотныя злучэнні і перагной. Уласна, апошні і ёсць галоўны фактар зніжэння ўрадлівасці зямлі: парушаецца друзласць глебы, здольнасць утрымліваць мінеральныя элементы і вільгаць. Падчас пала гіне карысная мікрафлора і на яе аднаўленне патрабуецца час. Гэта ж мікрафлора дапамагае раслінам змагацца з рознымі хваробамі.
У старой сухой траве дрэнна відаць маладыя расліны, таму можа здавацца, што яны растуць павольна ці іх зусім няма. Падчас выпальванняў ужо зараджаецца новая зеляніна. А вось пасля выпальванняў у першую чаргу выжываюць самыя непатрабавальныя расліны, напрыклад, быльнік.
Пакутуюць казуркі, птушкі і жывёлы
Спаліць усіх шкоднікаў можа гучаць прывабна. Але варта падумаць аб тым, што разам з імі згараць усё без разбору — апыляльнікі, драпежнікі, якія ядуць шкоднікаў, іх лічынкі, земнаводныя, а яшчэ дажджавыя чарвякі, без якіх, як вядома, аб урадлівай глебе можна толькі марыць. Пасля пажару часта знаходзяць абгарэлых грызуноў, рэшткі птушыных гнёздаў і вожыкаў. Нехта з іх згарае, нехта задыхаецца ў дыме.
Пал травы небяспечны і для чалавека
Сам дым ад спальвання травы можа быць небяспечны для людзей з алергіяй, ды і ўсім астатнім з’едлівы, густы і чорны дым шчыпле вочы. Але гэта яшчэ не самае непрыемнае. Падчас пажару, асабліва на ўзбочынах дарог, разам з травой гараць солі цяжкіх металаў, якія назапасіліся ў раслінах. Такі дым можа быць проста атрутны. Тут жа гараць рэшткі розных хімікатаў і ўгнаенняў, якія выкарыстоўвалі для ўгнаення палёў або для барацьбы са шкоднікамі.
Варта згадаць, што кантраляваць пал травы не так лёгка, як здаецца. Адзін «незапланаваны» павеў ветру — і невялікае вогнішча ператвараецца ў сапраўдны пажар, знішчаючы лясы і чалавека. Толькі ў Гродзенскай вобласці з пачатку года зарэгістравана ўжо 85 пажараў у экасістэмах на агульнай плошчы 19,47 га. Вядомыя выпадкі, калі пажары перакідваліся на жылыя дамы і адрыны.
Часцей за ўсё ахвярамі гэтых пажараў становяцца пажылыя людзі, якія вясной пачынаюць прывычную ўборку агародаў. Таму важна інфармаваць аб наступствах сваіх бабуль і дзядуляў.
Што можна зрабіць, каб паменшыць колькасць выпальванняў травы?
Як мы ўжо згадвалі вышэй — пачні з інфармавання сваіх сваякоў. Калі бачыш, што хтосьці з суседзяў паліць траву — не саромейся адукаваць і іх, хаця б аргументуючы тым, што пал травы — незаконны. Яшчэ добры варыянт — раздрукаваць адмысловую памятку, падрыхтаваную «Зялёным тэлефонам», дзе коратка і зразумела выкладзена, што пагражае парушальнікам і чаму.
У якасці замены практыкуй і прапануй іншым альтэрнатыўныя і бяспечныя спосабы збавення ад сухіх раслін і біасмецця. Самы эфектыўны і карысны — стварэнне кампостнай кучы, з якой потым можна будзе ўгнойваць зямлю.
Што пагражае за пал травы?
У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона «Аб раслінным свеце» выпальванне сухой расліннасці, травы на пні, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях забараняецца. За вясновыя выпальванні травы пагражае штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.
Жадаеце сказаць, што на сваім агародзе можна рабіць што заўгодна? Не выйдзе, гэтая забарона распаўсюджваецца і на асабістыя зямельныя надзелы.
Як сябе паводзіць, калі ты заўважыў (ла) пажар?
Не ігнаруй пажары. З дробнымі ўзгараннямі можна справіцца самастойна — з дапамогай пяску або вады. Калі нічога такога пад рукой няма, спатрэбіцца і мятла з прутоў або галінак лісцяных дрэў, якой можна біць па кромцы пажару. Перш чым пакінуць месца ўзгарання, пераканайся, што ты сапраўды патушыў агонь, пакінуты тлеючы вугалёк можа змарнаваць усю працу.
Калі маштаб пажару такі, што з ім немагчыма справіцца самастойна — абавязкова тэлефануй у МНС па тэлефоне 101, падрабязна растлумач лакацыю і пастарайся як мага хутчэй яе пакінуць. Правер, ці адрэагавалі на ваш званок, можна патэлефанаваць у МНС яшчэ раз і ўдакладніць.
Першацветы: глядзець можна, зрываць — нельга
Толькі-толькі паспее падтаць снег, як у невялікіх праталінках выяўляюцца першыя веснікі вясны — ружовыя, бэзавыя, белыя і залацістыя кветкі. За тое, што яны першымі прыносяць яркія фарбы, іх празвалі першацветамі. Не сарваць гэтую прыгажосць бывае складана — каму не хочацца парадаваць сябе букецікам першых фарбаў. Але збіраць першацвет нават каб парадаваць маму — не самая добрая ідэя. А шмат якія з кветак яшчэ і занесены ў Чырвоную кнігу і іх збор, паводле беларускага заканадаўства, знаходзіцца пад забаронай.
Чаму нельга зрываць першацвет?
Першацветамі называюць усе рана квітнеючыя расліны і нават хмызнякі. Зрываць іх нельга таму, што яны не паспеюць аднавіць сваю колькасць і могуць проста знікнуць. Жыццё ў гэтых раслін даволі кароткае і працякае ў асноўным пад зямлёй: у цыбулінках, каранях і клубнях. За вельмі кароткі час кветкам трэба паспець сабраць максімум пажыўных рэчываў і размножыцца.
Добра, а калі сабраць зусім трошкі, астатнія ж паспеюць рассеяць насенне? Нажаль, перш, чым новае насенне ўмацуецца і дасць парасткі, пройдзе некалькі гадоў, а, каб прарасці ім яшчэ патрэбен правільны баланс вільготнасці, святла і тэмпературы. Так што не факт, што тое, што ты пакінеш, здолее выжыць.
Чым першацветы карысныя на сваім месцы?
Першацветы займаюць у экалагічным ланцужку важную нішу, яны — важкі кампанент прыродных працэсаў, першыя меданосы і лекі для лясной жыўнасці. Іх карэнная сістэма захоўвае цэласнасць глебы і падтрымлівае раўнавагу ў лясной сістэме. У першую чаргу з-за скарачэння колькасці першацветаў пакутуюць казуркі: пчолы, чмялі і матылі, услед за імі — расліны, якія маюць патрэбу ў апыленні.
І нарэшце, збіраць першацветы для ўпрыгожвання хаты проста бессэнсоўна — яны не прыстасаваныя для жыцця ў вазе і завянуць даволі хутка.
Што гаворыць заканадаўства?
Калі ты сарваў сабе букецік з першацветаў-чырвонакніжнікаў, то ў сілу ўступае адказнасць, прапісаная ў Артыкуле 16.8. Кодэкса аб Адміністрацыйных Правапарушэннях. Згодна з ёй, штрафы пачынаюцца ад 20 базавых велічынь, калі ты проста сарваў (ла) букецік для сябе (ці вырашыў (ла) яго прадаць), і да 500 базавых велічынь, калі ты юрыдычная асоба і хочаш букецікі прадаваць.
За набыццё першацветаў адказнасці не прадугледжана, але памятай, што сваёй пакупкай ты проста заахвочваеш незаконныя дзеянні і знішчэнне унікальных раслін.
А бывае так, што гандляваць першацветамі можна?
Бывае, але для гэтага іх трэба выгадаваць у сваім садзе. Праўда і тут усё не так проста, таму што для продажу ў вас усё роўна павінен быць спецыяльны дакумент, які пацвярджае «правільнае» для гандлю паходжанне раслін. Прадаваць іх таксама можна толькі ў спецыяльна прадугледжаных для гэтага месцах. Таму што, калі гэтага не зрабіць, то нават з дакументам у вас ёсць шанец атрымаць штраф да 3 базавых велічыняў за гандаль у неўстаноўленым месцы.
Бярозавы сок: можна, калі асцярожна
Згодна з заканадаўствам Беларусі, нарыхтоўваць для сябе бярозавы сок могуць усе грамадзяне краіны бясплатна і без атрымання спецыяльных дазволаў. Для ІП і юрыдычных асоб існуюць правы спецыяльнага карыстання аб’ектамі расліннага свету — лясны білет. Але рабіць гэта трэба правільна.
Дзе можна і нельга нарыхтоўваць бярозавы сок?
Існуе цэлы спіс месцаў, падрабязна распісаны на сайце Мінпрыроды, куды за сокам хадзіць нельга. Некаторыя з гэтых месцаў даволі відавочныя: батанічныя сады, дэндралагічныя паркі, месцы, дзе жывуць ахоўныя Чырвонай кнігай жывёлы ці расліны. Нельга сабраць сок і ў населеных пунктах, і вось незвычайны момант — у сваім уласным садзе таксама нельга! У цэлым на сваім участку вы паўнапраўныя гаспадары і нават можаце спілаваць дрэва, але вось замахнуцца на яго сок не маеце законнага права.
Надзейней за ўсё будзе проста патэлефанаваць у лясніцтва і даведацца пра дазволеныя месцы. Спіс лясгасаў з тэлефонамі па раёнах можна знайсці на сайце Міністэрствы лясной гаспадаркі. Тутака ж могуць растлумачыць, як правільна гэта рабіць.
Як правільна нарыхтоўваць бярозавы сок?
У Беларусі расце шмат чыстых бярозавых лясоў, але гэтыя дрэвы аддаюць перавагу вільготнай глебе, з-за чаго сок можа атрымацца нясмачным і вадзяністым. Таму лепш выбіраць для нарыхтоўкі бярозы ў змяшаным лесе, дзе пяшчанік дае соку больш карысных рэчываў.
Што ж тычыцца саміх дрэў, то выбіраць трэба непашкоджаныя расліны з дыяметрам ствала не менш за 20 сантыметраў і вышынёй ад 1,3 метра. Тыя, што паменш, яшчэ недастаткова выраслі, не паспелі нарасціць трывалую каранёвую сістэму і соку дадуць мала.
Калі з дрэвам мы вызначыліся, трэба разабрацца з колькасцю адтулін. Лагічная на першы погляд сістэма «чым больш — тым лепш», тут не спрацуе. Прабіўшы пабольш адтулін, ты толькі нашкодзіш дрэва, а соку ад гэтага больш не атрымаеш. Таму зыходзіць варта з правіла — адна адтуліна, калі дрэва ў дыяметры 20 сантыметраў, і па адным дадатковым на кожныя 10 сантыметраў.
Сок працякае даволі блізка да кары дрэва, таму рабіць глыбокія адтуліны не мае сэнсу, паглыбіцца на 2-3 сантыметры ад кары будзе дастатковым. Рабіць адтуліну не больш за 1 сантыметра і выкарыстоўваць для зліву соку жолаб, выраблены з нержавеючага металу. Прыкладная адлегласць для адтуліны ад зямлі павінна быць каля 20 сантыметраў.
Пасля таго, як патрэбная колькасць соку здабыта, адтуліну абавязкова трэба абараніць ад паразітаў і грыбкоў — замазаць воскам, вадкай яловай смалой, садовым варывам, або сумессю гліны з вапнай.
Калі хочаш на наступны год прыйсці за сокам, то лепш не браць больш за адзін літр з дрэва.
Што будзе, калі парушаць правілы?
Калі збіраць сок у забароненым месцы, то можна патрапіць на штраф да 20 базавых велічыняў для фізічных асоб, і да 500 — для юрыдычных. Калі ты ўбачыў (ла), што хтосьці нарыхтоўвае сок у неналежным месцы або робіць гэта не асцярожным для дрэў спосабам — добра было б растлумачыць парушальніку, што яму пагражае штраф.
Калі да вашых рэкамендацый не прыслухоўваюцца ці парушальніка няма на месцы, то пры магчымасці зрабі фота ці відэа дрэў, запішы каардынаты месца і з гэтымі дадзенымі звярніся ў адну са службаў. Напрыклад, у раённую інспекцыю Мінпрыроды, мясцовых лясгас ці прыродаахоўныя ўстановы, якія кіруюць нацыянальнымі паркамі і запаведнікамі, у выпадку, калі нарыхтоўка вядзецца на іх тэрыторыі.
Калі пасля прачытання матэрыялу ў цябе ўсё яшчэ засталіся пытанні па гэтых, або любых іншых экалагічных праблемах, адказ ты заўсёды можаш даведацца ў аператараў бясплатнай службы анлайн-кансультацый«Зялёны тэлефон». Звяжыся з Зялёным тэлефонам адным са зручных табе спосабаў:
Патэлефануй на нумар +375 29 1702670
Патэлефануй ці напішыце ў месэнджарах Viber або Telegram на нумар +375 29 1702670
Напішы на e-mail: greenphonehelp@gmail.com
Напішы ў тэлеграме @green_phone_help
Фота з адкрытых крыніц