Пасля нядаўняга прызнання «экстрэмісцкімі матэрыяламі» томіка выбраных твораў Вацлава Ластоўскага, які пабачыў свет больш чвэрці стагоддзя таму, зноў павялічыўся інтарэс да гэтага беларускага дзеяча.
PALATNO расказвае, што яшчэ можна пачытаць з яго інтэлектуальнай спадчыны.
«Мовазнаўчыя працы»
Зусім свежая кніга з творамі Вацлава Ластоўскага, якая з’явілася ў канцы мінулага году да юбілею класіка. Пад адной вокладкай сабраныя тэксты самага рознага жанру і памеру — гэта і допісы, і зацемкі, і нататкі, і грунтоўныя артыкулы, якія тычацца беларускай мовы.
Вокладка кнігі «Мовазнаўчыя працы». Фота: skarynapress.com
Паводле ўласных слоў, Вацлаў Ластоўскі, які нарадзіўся ўвосень 1883 года, пачаў запісваць «цікавыя слоўцы» яшчэ ў 1902 годзе. У Ластоўскага не было класічнай адукацыі: цягам жыцця ён займаўся самаразвіццём і так паспяхова, што стаў сябрам Інстытута Беларускай Культуры, а потым адным з першых акадэмікаў Акадэміі навук.
У кнізе, якая пабачыла свет у лонданскім выдавецтве «Скарына», прапануюцца працы Ластоўскага, што друкаваліся на старонках самых розных выданняў: ад «Нашай Нівы», дзе ён пачынаў свой творчы шлях, да ковенскага «Крывіча», якім ён яго сімвалічна завяршыў.
Першая паласа «Нашай Нівы» з артыкулам Ластоўскага. Фота: knihi.com
Кніга «Мовазнаўчыя працы» даступна ў двух варыянтах — папяровым і электронным. Аформлена яна гэтак жа густоўна, як і выданні, што былі падрыхтаваныя самім Властам у сярэдзіне 1920-х гадоў.
ДЗЕ ЧЫТАЦЬ?
«Мовазнаўчыя працы» — па спасылцы.
«Кароткая гісторыя Беларусі»
У «Нашай Ніве» Вацлаў Ластоўскі праявіў сябе як неардынарнага творца. Пэўныя нумары ён рабіў амаль цалкам сам: запаўняў ад першай да апошняй паласы матэрыяламі, што былі падпісаныя рознымі крыптонімамі і псеўданімамі. Калі ён быў сакратаром «першай беларускай газеты з рысункамі», Власт узяўся за амбітную справу — даць беларусам сваю гісторыю. На пачатку ХХ стагоддзя яшчэ не існавала гісторыі Беларусі, якая была б напісана менавіта з нацыянальных пазіцый.
Вокладка «Кароткай гісторыі Беларусі». Фота: knihi.com
Многія не асмельваліся адыходзіць ад класічнай гістарыяграфіі, якая ў той час яшчэ не вылучала беларусаў у самастойную нацыю. Гісторыкі небеларускага паходжання даследавалі нашу мінуўшчыну, але заставаліся ў фарватары тагачаснай навукі.
Матэрыялы для будучай гістарычнай кнігі Ластоўскага выходзілі на старонках «Нашай Нівы». Ужо потым іх сабралі пад адну вокладку. Яна стала настолькі захапляльнай і папулярнай, што Янка Купала прысвяціў яе аўтару верш пад назвай «Дудар».
Верш Янкі Купалы «Дудар» на старонках «Нашай Нівы». Фота: knihi.com
На пачатку 1990-х гадоў, калі ў Беларусі панавалі адраджэнскія настроі, гэтая кніга была перавыдадзена даволі вялікім накладам. Пэўны час яе можна было сустрэць у букіністычных крамах па вельмі прыемных коштах, цяпер жа гэта ўжо хіба бібліяграфічная рэдкасць.
ДЗЕ ЧЫТАЦЬ?
«Кароткая гісторыя Беларусі» — па спасылцы.
«Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік»
У эміграцыі былы прэм’ер-міністр ураду Беларускай Народнай Рэспублікі шчыраваў на навуковай ніве і гэта, трэба прызнаць, у яго атрымлівалася ў разы лепей, чым заняткі палітыкай, якая не прынесла чаканага плёну.
Высілкамі Вацлава Ластоўскага сто гадоў таму ў Коўна свет пабачыў знакаміты «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік». Прафесійнымі мовазнаўцамі ён быў сустрэты даволі халодна. Так Сцяпан Некрашэвіч, які жыў у той час у БССР, жорстка яго крытыкаваў, але адзначыў за добра сабраны матэрыял.
Чаму так? Бо слоўнік гэты ўтрымліваў у сябе шмат лішняй інфармацыі. Ластоўскі даваў не толькі пераклад тых ці іншых слоў, але дадаваў і разгорнутае тлумачэнне слоў. То бок, чытач падвышаў свой інтэлектуальны багаж, пашыраў гарызонты ведаў пра беларускую культуру ў самых розных яе аспектах.
Вокладка слоўніка Ластоўскага. Фота: knihi.com
Старонка са слоўніка Ластоўскага. Фота: knihi.com
Не абышлося, вядома, і без творчасці. Вацлаў Ластоўскі жадаў не толькі падкрэсліць аўтэнтычнасць беларускай мовы, але і паказаць яе сучаснасць, таму прыдумаў некаторыя словы. Праз укладзены ім слоўнік спрабаваў увесці іх ва ўжытак.
У познесавецкі час ягоным чынам натхняліся многія будучыя адраджэнцы. Слоўнік Ластоўскага хадзіў па руках у самвыдатаўскім выглядзе. Ён быў перавыдадзены ў пачатку 1990-х, як і папярэдняя кніга, на хвалі цікавасці да сваёй мінуўшчыны.
ДЗЕ ЧЫТАЦЬ?
«Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» — па спасылцы.
Часопіс «Крывіч»
Увесну 1923 года Вацлаў Ластоўскі разам з Клаўдзіем Душ-Дужэўскім заняўся выданнем часопіса «Крывіч». На старонках выдання публікаваліся самыя розныя матэрыялы: этнаграфічныя, гістарычныя, эканамічныя, культурніцкія.
Грунтоўна аглядалася «беларускае жыццё» ў замежжы і на мацерыку — у Савецкай Беларусі. Акурат на гэтых і не надта аб’ёмных матэрыялах можна скласці пазл з самых розных звестак у адно цэлае. За чатыры гады выданне стала адным з самых заўважных і адметных у беларускай эміграцыі таго часу.
Вокладка першага нумара часопіса «Крывіч». Фота: knihi.com
Вокладка восьмага нумара часопіса «Крывіч». Фота: knihi.com
«Крывіч» чыталі і ў падсавецкім Менску, дзе ён быў у вольным доступе ў Ленінскай бібліятэцы. Час гэта спрыяў — у СССР быў НЭП, у БССР панавала беларусізацыя, а Літва, дзе выдаваўся часопіс, уваходзіла ў лік дзяржаў, якія былі як мінімум не варожымі да «саветаў».
ДЗЕ ЧЫТАЦЬ?
Часопіс «Крывіч» — па спасылцы.
«Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі»
Яшчэ ў 1924 годзе Вацлаў Ластоўскі заклікаў на старонках выдаванага ім «Крывіча» адзначыць супольна 400-годдзе беларускага кнігадруку. За дату адліку бралася выданне Францішкам Скарынам у Вільні «Псалтыра».
Менавіта ў межах гэтай падзеі анансавалася выданне грунтоўнага даследавання беларускай кніжнай спадчыны, якое пабачыла свет толькі ў 1926 годзе. Кніга аказалася важным унёскам у беларускую культуру ва ўсіх сэнсах. Больш чым як на 700 старонках апавядалася пра ўсе самыя значныя помнікі старажытнага пісьменства.
Вокладка гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі. Фота: knihi.com
Ластоўскі, які не меў акадэмічнай адукацыі, паказаў тут сябе выкшталцоным эрудытам. Па ўспамінах Мікалая Улашчыка, вядомага беларускага гісторыка, які ў 1920-я гады быў зусім маладым чалавекам, у тагачасным Менску проста не было спецыялістаў, якія былі бы здольныя расчытаць і гэтае выданне.
ДЗЕ ЧЫТАЦЬ?
«Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі» — па спасылцы.
Чытайце яшчэ:
«Падарожнік». Комікс пра вандроўку Вацлава
ЛастоўскагаНавошта Вацлаў Ластоўскі вярнуўся ў БССР?
Навошта Ластоўскі прыдумаў Крыўю?
Складаны выбар Власта