Картаграфічныя скарбы Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане. Частка 1

Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане захоўвае ўнікальную калекцыю арыгінальных мапаў — дзясяткі экзэмпляраў, якія адрозніваюцца памерам, станам і аздабленнем. Калекцыя супастаўная з фондамі дзяржаўных музеяў Беларусі. Тут і першы (і адначасова апошні) дзяржаўны атлас Рэчы Паспалітай, надрукаваны ў Парыжы ў 1772 годзе, і Радзівілаўская мапа 1648 г, і мапа ВКЛ Яна Няпрэцкага, і іншыя картаграфічныя скарбы, якія сталіся сапраўднай сенсацыяй свайго часу. Пра найбольш цікавыя і значныя мапы з калекцыі Скарынаўкі распавядае Ілля Андрэеў.

Illia Andrejeŭ i Paval Šaŭcoŭ
Ілля Андрэеў і Павал Шаўцоў у Скарынаўскай бібліятэцы, верасень 2025

Як паўстаў цэнтр беларускай культуры ў Лондане

Гісторыя Скарынаўскай бібліятэкі перадусім звязаная з дзейнасцю беларускай паваеннай дыяспары ў Лондане. Адным з тых, хто стаяў каля яе вытокаў, быў выбітны беларускі святар Чэслаў Сіповіч, які ў 1947 годзе заснаваў Беларускую каталіцкую місію. У 1948 годзе пад дзейнасць арганізацыі быў набыты вялікі цагляны будынак, сёння вядомы як Марыян-Хаўз (Дом Марыі). Менавіта там пачала фармавацца бібліятэка беларускіх кніг і выданняў, звязаных з Беларуссю. Гэты прынцып адбору, сфармуляваны Чэславам Сіповічам, застаецца дзейным і сёння.

У 1960 годзе ў Лондан пераехаў грэка-каталіцкі святар Леў Гарошка, які далучыў да бібліятэкі свой багаты кнігазбор. У сярэдзіне 1960-х гадоў у англійскім акадэмічным асяроддзі назіраўся значны інтарэс да беларускай культуры і літаратуры, шмат у чым дзякуючы актыўнасці і сувязям Сіповіча. У Скарынаўцы працавалі вядомыя даследчыкі — філолаг Роберт Оці, літаратуразнавец Арнольд Макмілін, перакладчыца і паэтка Вера Рыч, юрыст і музыказнаўца Гай Пікарда. Яны выкарыстоўвалі матэрыялы бібліятэкі (у тым ліку выданні, якія выпісваліся з Беларусі), а таксама пакідалі тут уласныя кнігі і артэфакты, што з часам станавіліся часткай яе фондаў.

Сёння бібліятэка знаходзіцца ў асобным доме насупраць Марыян-Хаўза. Гэты будынак беларуская грамада набыла ў 1970 годзе, а ў 1971-м адбылося ўрачыстае адкрыццё бібліятэкі. Першым галоўным бібліятэкарам і захавальнікам фондаў стаў айцец Аляксандр Надсан.

Тое, што бібліятэку стварылі беларускія святары, дало ёй надзейную аснову: яна не знікла з часам і засталася важным культурным і навуковым цэнтрам беларусаў у свеце. Сёння бібліятэкай кіруе апякунская рада, ідзе сістэматычная каталагізацыя і ўпарадкаванне збораў, ствараецца сталая прастора для экспазіцыі.

Віктар Астроўскі — аўтар ненапісанага картаграфічнага бестселера

У музеі Скарынаўкі захоўваецца ўнікальная калекцыя мапаў. Частка была падорана сябрамі бібліятэкі, частка трапляла разам з архівамі і кнігамі. Аснову калекцыі складае збор Віктара Астроўскага. Калі разглядаеш яго архіў і бібліятэку, узнікае ўражанне, што ён меў і неабходныя крыніцы, і добра падабраныя прыклады мапаў, каб стварыць грунтоўнае выданне пра картаграфію Беларусі ці нават Усходняй Еўропы.

Vydanni Viktara Astroŭskaha
Выданні Віктара Астроўскага

Нявольна ўзнікае пытанне: чаму ж Астроўскі так і не стварыў вялікую кнігу — у каляровым друку, у буйным фармаце, якая магла б стаць сапраўдным бестселерам? Без сумненняў, на ангельскай мове яна б аказала істотны ўплыў на пазнавальнасць Беларусі ў свеце. Але, калі паглядзець на храналогію яго жыцця, адказ становіцца відавочным і сумным: ён проста не паспеў.

Па тым, як была ўпарадкаваная бібліятэка Астроўскага, а таксама па тым, як разрасталася яго праца «The Ancient Names and Early Cartography of Byelorussia» (з 1968 па 1971), добра бачна, што яго найбольш цікавілі тэмы, якія актуальныя і сёння. Гэта ўдзел літвінаў і русінаў (а пазней і шырэй — паспалітага люду) у еўрапейскай картаграфіі, беларуская мова ў картушах мап XVI стагоддзя, арэал тапоніма «Белая Русь» і іншыя падобныя сюжэты.

У адным з аўтарскіх асобнікаў «The Ancient Names...» захавалася ўклееная крытычная рэцэнзія Джыма Дынглі. Ён адзначаў, што «аўтар закончыў свой тэкст заявай, што яго мэтаю было зрабіць уступ да гісторыі картаграфіі Беларусі...». Рэцэнзія датаваная 1972 годам. Віктар Астроўскі пражыў яшчэ тры гады — да 1975-га. Таму гэты «ўступ» так і застаўся без працягу.

Аўкцыйныя даведнікі і выразкі з газет, якія можна знайсці ў бібліятэцы, сведчаць: пэўны інтарэс да старых мапаў быў і з боку іншых лонданскіх беларусаў. Але яны шукалі не прыбытку. Яны шукалі Беларусь — і яе картаграфічныя «аргументы». 

На што ж яны маглі спадзявацца?

Мапы, кошты і каштоўнасці

Калекцыю я пачаў апрацоўваць два гады таму і, здавалася, ужо ведаў яе даволі добра. Таму тым большым было маё здзіўленне: у звычайным гасцявым пакоі, сярод кніг другой паловы ХХ стагоддзя, ляжаў камплектны Атлас Рыцы-Дзаноні 1772 года ў выдатным стане. Сапраўдная сенсацыя, якая адразу ператварылася ў галоўную картаграфічную каштоўнасць Скарынаўкі. Як ён трапіў у бібліятэку — пакуль застаецца загадкай.
З гэтага каштоўнана выдання і хочацца пачаць агляд найбольш цікавых і значных мап з калекцыі бібліятэкі.

1. Атлас Рыцы-Дзаноні, 1772 год

Першы (і адначасова апошні) дзяржаўны атлас Рэчы Паспалітай. Ён быў надрукаваны ў Парыжы ў 1772 годзе і ахопліваў землі ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Atlas Rečy Paspalitaj 1772 hoda
Атлас Рэчы Паспалітай 1772 года — картаграфічны скарб Скарынаўскай бібліятэкі

Над яго стварэннем працавалі больш за два дзесяцігоддзі. Ініцыятарам выступіў выбітны чалавек эрохі Асветы — князь Юзаф Ябланоўскі. Звесткі збіралі і апрацоўвалі найлепшыя картографы таго часу пад патранатам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а завяршыў працу і выдаў атлас італьянскі картограф Джавані Антоніа Рыцы-Дзаноні.

Атлас складаецца з 22 асобных мап і генеральнай мапы ўсёй дзяржавы. Ён ахоплівае і землі сучаснай Беларусі. Асобны аркуш з планам Варшавы, аздоблены выявамі гарадскіх палацаў, у тым ліку Радзівілаўскага.

Atlas Rečy Paspalitaj 1772 hoda
Атлас Рэчы Паспалітай 1772 года. Генеральная мапа

Atlas Rečy Paspalitaj 1772 hoda
Атлас Рэчы Паспалітай 1772 года. План Варшавы

Для свайго часу гэта быў сапраўдны прарыў — найбольш падрабязная мапа Рэчы Паспалітай. Але нават яна не была пазбаўлена хібаў: у назвах сустракаюцца памылкі, гарады і аб’екты часта пазначаныя недакладна. Атлас актыўна перавыдаваўся, але ў гісторыі застаўся як сімвал эпохі апошняга караля і сведчанне вялікіх картаграфічных амбіцый краіны, якая стаяла на мяжы падзелаў.

Сёння такія выданні — рэдкасць. Але акурат у верасні гэтага года на польскім аўкцыёне адзін з асобнікаў Атласа быў прададзены за 50 тысяч злотых (каля 13 тысяч еўра з камісіямі). Таму для Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане гэты экзэмпляр стаў адным з галоўных картаграфічных скарбаў калекцыі.

Калі паглядзець шырэй, у фондах бібліятэкі можна сустрэць імёны амаль усіх найбуйнейшых еўрапейскіх картографаў і выдаўцоў. Тут ёсць мапы беларускіх земляў з «Касмаграфіі» Себасцьяна Мюнстара, віды Горадні і Вільні са знакамітага зборніка «Civitates Orbis Terrarum» (1575), мапа Літвы Герарда Меркатара (1595), шматлікія перавыданні Радзівілаўскай мапы XVII стагоддзя, мапы Вялікага Княства Вінчэнца Каранэллі, Яна Няпрэцкага ды іншых.

2. Мапа ВКЛ Яна Няпрэцкага, 1749 год і пазней

Яшчэ адной адметнай часткай калекцыі Скарынаўкі з’яўляецца мапа Вялікага Княства Літоўскага, якую склаў езуіт Ян Няпрэцкі. У бібліятэцы захоўваюцца два асобнікі — гэта пазнейшыя перавыданні 1770-х гадоў.

Mapa Jana Niapreckaha
Мапа Яна Няпрэцкага. Вобраз Вялікага Княства Літоўскага ў картаграфіі XVIII стагоддзя

Гэтая мапа заўсёды выклікала пытанні. Ці сапраўды яна была картаграфічным цудам свайго часу? Бо ў суседніх краінах мапы ўжо стваралі цэлыя дзяржаўныя інстытуцыі і каманды геадэзістаў. А тут — адзін аўтар, здольны езуіт са Случчыны. Можа, у гэтым ёсць нешта асаблівае? Магчыма, Няпрэцкі меў доступ да згубленага нясвіжскага асобніка Радзівілаўскай мапы?

На жаль, мапа Няпрэцкага была хутчэй ценем старых амбіцый. Пасля перамогі Контррэфармацыі ў сярэдзіне XVII стагоддзя развіццё ўласнай картаграфіі ў Рэчы Паспалітай згарнулася. Пратэстанты, якія ў папярэднія дзесяцігоддзі далі шэраг выбітных мапаў (напрыклад, Крыштаф Арцішэўскі), былі адціснутыя на перыферыю або за межы Рэчы Паспалітай. Каталіцкія ордэны выдавалі прыгожыя, сімвалічныя мапы, але іх змест быў з мінулага — са слаўных часоў «сармацкіх».

Няпрэцкі памёр маладым у 1749 годзе, аднак яго мапа працягвала жыць. Яе перавыдавалі шмат разоў, і з кожным разам яна рабілася крыху дакладнейшай — ужо пад уплывам картаграфічных праектаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Але галоўная прывабнасць гэтай мапы — у самім факце, што яна паказвала асобна Вялікае Княства Літоўскае. Хай нават «урэзанае» пасля Люблінскай уніі 1569, яшчэ больш — пасля першага падзелу 1772, і канчаткова — пасля другога і трэцяга. На аркушы атласа яно выглядала як цэльнае, самастойнае княства — і гэта аказвала ўплыў на палітычнае жыццё.

Не дзіва, што мапу надрукавалі яшчэ раз у 1812 годзе, калі ВКЛ ужо не існавала ні як дзяржава, ні як частка федэрацыі. Але сама ідэя жыла далей — у Віленскім універсітэце, у дзейным яшчэ Статуце ВКЛ, у шляхецкіх сядзібах і традыцыях. Мапа стала сімвалам гэтай жывучай памяці.

3. Радзівілаўская мапа ВКЛ — XVII стагоддзе

Менавіта на яе — у адным з еўрапейскіх перавыданняў 1680-х гадоў — абапіраўся Ян Няпрэцкі, ствараючы сваю мапу Вялікага Княства — амаль праз паўтара стагоддзя пасля стварэння першакрыніцы.

З князем Мікалаем Радзівілам Сіроткам такое здаралася не раз. Польскія літаратуразнаўцы адзначаюць: пасля таго, як ён выдаў сваю «Перэгрынацыю» (дзённік падарожжа ў Святую Зямлю), у гэтым модным у Еўропе жанры доўгі час не з’яўлялася новых аўтараў. Падобна было і з мапай Літвы: падрыхтаваная ў Нясвіжы каля 1600 года, яна ў розных варыяцыях перавыдавалася амаль паўтара стагоддзя — занадта доўгі тэрмін для картаграфіі. А калі нарэшце ўсвядомілі, што патрэбна новая мапа, высветлілася: няма ні ахвотных, ні яснага разумення, за чый кошт яе ствараць.

Цікава, што на Радзівілаўскай мапе ўжо не было назвы «Белая Русь» — гэтак жа, як і на пазнейшай мапе Няпрэцкага.

Mapa Vialikaha Kniastva Litoŭskaha (1648)Мапа Вялікага Княства Літоўскага (1648), якая ў атласах Блаў замяніла вялікафарматную мапу 1613 года. Асаблівасць — мапа арыентаваная (верхнім полем) на захад

Мы дакладна ведаем, што першы варыянт мапы быў падрыхтаваны ў Нясвіжы каля 1600 года, але ён не захаваўся. Затое захавалася шыкоўнае выданне 1613 года — вялікая насценная мапа, надрукаваная ў Амстэрдаме ў выдавецтве Блаў. Яна, на жаль, адсутнічае ў калекцыі Скарынаўкі. І ўсё ж беларусам у пэўнай меры пашанцавала: гэта адзіны выпадак, калі насценную мапу ўключылі ў найлепшыя тагачасныя атласы. Таму сёння яе можна набыць як бы «атласным» чынам — не танна, але на парадак танней, чым сапраўдную насценную мапу.

Затое ў бібліятэцы захоўваюцца не менш цікавыя і адметныя перавыданні Радзівілаўскай мапы: атласны варыянт з выдавецтва Блаў 1648 года (які выбіваецца з агульнай традыцыі сваёй арыентацыяй на захад), а таксама іншыя адаптацыі, зробленыя ў галандскіх друкарнях у 1630-х — 1680-х гадах.

4. Мапа Літвы Герарда Меркатара, 1595 год

Герард Меркатар — бадай, другі па значнасці картограф у гісторыі пасля антычнага Пталамея (ІІ ст. н. э.). Ён быў тым, хто канчаткова ўпарадкаваў антычныя і сярэднявечныя геаграфічныя веды і сфарміраваў падмурак сучаснай картаграфіі.

На яго мапах мы ўжо не знойдзем Беларусі як асобнага рэгіёна. І гэта пры тым, што яшчэ на сваёй першай мапе свету 1538 года Меркатар пазначыў Белую Русь — на Дняпроўска-Дзвінскім шляху ў бок Вялікага Ноўгарада. Але ўжо на мапе Еўропы 1554 года, якая стала асновай для амаль кананічнай мапы Літвы 1595 года, гэтага тапоніма няма.

Mapa Litvy 1595 hoda
Мапа Літвы 1595 года. Паўтарала вобраз Літвы, распрацаваны Герардам Меркатарам у 1554 годзе

Затое ўпершыню на еўрапейскіх мапах быў пазначаны Менск (на мапе Еўропы 1554 года) — дзякуючы нямецкаму дыпламату Сігізмунду Герберштэйну — Меркатар выкарыстаў яго дзённік падарожжа ў Масковію. Аўтарытэт Меркатара быў настолькі вялікім, што іншыя еўрапейскія картографы пачалі прыстасоўвацца да яго версіі.

Хіба што італьянцы часам працягвалі пазначаць «Русь Белую» — то на мяжы з Масковіяй, то як яе частку, адлюстроўваючы тым самым маскоўскую палітычную павестку.

Ці азначала гэта знікненне самога тапоніма? Не. «Белая Русь» працягвала існаваць як гістарычны рэгіён з не зусім выразнымі межамі. На мапу Еўропы Беларусь трывала вярнулася ў сярэдзіне XVII ст. — пасля публікацый Шымана Старавольскага, ураджэнца Берасцейшчыны. Паводле яго ведаў, да Белай Русі належала не толькі Падняпроўе і Падзвінне, але і Меншчына. Таму ў другой палове XVII ст. на галандскіх, французскіх і англійскіх мапах мы зноў бачым назву Russia Alba — прыблізна ў межах, акрэсленых Старавольскім.

5. «Касмаграфія» Себасцьяна Мюнстара, 1550-я гады

Вядома, гісторыя картаграфавання беларускіх земляў пачалася задоўга да Меркатара. Але чым далей мы заглыбляемся ў мінулае, тым цяжэй адшукаць арыгіналы мап — часцей мы ведаем пра іх толькі дзякуючы перавыданням або фрагментам.
У Скарынаўцы захоўваюцца некалькі аркушаў з «Касмаграфіі» Себасцьяна Мюнстара — адной з самых папулярных кніг XVI стагоддзя. Яна аб’яднала ў сабе антычныя веды і найноўшыя адкрыцці таго часу.

Asobnyja arkušy z Kasmahrafii Siebasćjana Miunstara
Асобныя аркушы з Касмаграфіі Себасцьяна Мюнстара, якія ўтрымліваюць звесткі аб Літве, 1550-я гады

Мапы Мюнстара грунтаваліся на працах антычных аўтараў, а таксама на мапах Бернарда Вапоўскага, які яшчэ ў 1526 годзе склаў вялікую мапу Польшчы і Літвы. Арыгінал той мапы захаваўся толькі ў фрагментах, а таксама ў перапрацоўках Мюнстара і яго сучаснікаў, дзякуючы якім мы маем уяўленне пра змест ранейшых мап.

На жаль, у калекцыю трапілі толькі мініяцюрныя і спрошчаныя мапы з «Касмаграфіі». Большая і значна цікавейшая мапа, якая ахоплівала тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны, у бібліятэцы адсутнічае. А менавіта на ёй беларускія картографы-першапраходцы маглі б убачыць тапонім Russia Alba — «Белая Русь», паказаны на поўнач ад Полацка. 

...xerox copy

Разглядаючы фотакопіі з музеяў, негатывы, выразкі з кніг і часопісаў, лёгка ўявіць, з якімі цяжкасцямі даводзілася збіраць інфармацыю. Даследчыкі Беларусі — перадусім Віктар Астроўскі — добра разумелі значэнне такіх мапаў. Таму побач з арыгіналамі мы бачым дзясяткі копій розных фарматаў і якасці: мапы і планы з Полацкага атласа Пахаловіча (1580), беларускі картуш з мапы Антонія Віда (1542), мапы з выданняў Шымана Старавольскага (тыя, што вярнулі тапонім «Белая Русь» у еўрапейскую картаграфію), рэдкія мапы з кніг Капмаера з 1680-х, дзе ў асобным картушы з’явілася Russia Alba.

Ksierakopija z mapaj Polaččyny Stanislava Pachaloviča. 1580 hod
Ксеракопія з мапай Полаччыны Станіслава Пахаловіча. 1580 год

Гэта амаль рытуальнае памнажэнне копій, якія сёння не маюць выразнай вартасці, сведчыць і пра нястомнасць пошукаў, і пра іншае — пра абмежаванасць магчымасцяў тых, хто хацеў бачыць і паказваць Беларусь. Арыгіналы і сапраўдныя першакрыніцы былі або недасягальныя, або шалёна дарагія. Таму тое, што ўдавалася сабраць — фрагменты, выразкі, ксера- і фотакопіі, часам ледзь чытэльныя, — складала мазаіку «невядомай Беларусі». Гэтыя копіі мелі ўласныя архіўныя нумары і на роўных правах далучаліся да архіву з арыгіналамі!

Тым не меней калекцыя арыгінальных мапаў у Скарынаўцы — адна з найбольш багатых, супастаўная з фондамі дзяржаўных музеяў Беларусі. Тут дзясяткі экзэмпляраў, якія адрозніваюцца памерам, станам і аздабленнем, але часта паўтараюць адзін і той жа змест. Пры гэтым яны адлюстроўваюць толькі адзін сегмент агульнай гісторыі картаграфіі — уяўленні пра землі Беларусі, якія фармавалі камерцыйна арыентаваныя еўрапейскія выдаўцы XVI–XVIII стагоддзяў.

Цікава назіраць, як змяняліся кошты такіх мап з часам: на адной з мапаў Рэчы Паспалітай, выдадзенай Юстасам Данкертсам, захавалася алоўкавая пазнака — 18 фунтаў. Такі быў яе кошт у пачатку 1970-х. Цяпер эквівалент павялічыўся прыблізна ў пяцьдзясят разоў. (Калі браць пералік па спецыялізаваных сайтах — гэта каля 350 фунтаў сёння. Не так дорага, як сёння, але і ў тыя гады гэта было не танна).

Але сапраўдныя картаграфічныя каштоўнасці Скарынаўкі — тыя, што не маюць грашовага эквіваленту ні ў фунтах, ні ў еўра, — яшчэ наперадзе. І пра іх мы раскажам у другой частцы артыкула.

Ілля Андрэеў, Budzma.org