Гісторыю мы бачым праз праз асобаў. Эмоцыі ў людзей выклікаюць — людзі. На іх хочацца быць падобным або не падобным. У гэтым важнасць пантэона герояў, які ёсць у кожнай краіне. Бо ён кажа пра народ: каго людзі, якія там жывуць, абралі сваімі кумірамі? Хаця... тут, здаецца, народ нікога не выбіраў.
Фасад Нацыянальга гістарычнага музея. Скрыншот відэа
На фасадзе Нацыянальга гістарычнага музея павінны з’явіцца барэльефы з найбольш значнымі гістарычнымі асобамі. Усё разбіта на перыяды: ад старажытнасці да нашых дзён. На першы погляд, зусім нядрэнна: Усяслаў Чарадзей, Францішак Скарына, Янка Купала, Максім Танк... Але ёсць пытаннечкі.
Калі казаць пра сярэднія вякі, то першае, што кідаецца ў вочы — праваслаўная выбарка. З вялікіх князёў пададзены адно Войшалк, сын Міндоўга і заснавальнік Лаўрышскага манастыра. Ён сапраўды паслядоўна трымаўся праваслаўя, і гэта... ці не адзіная ягоная заслуга. Для паганцаў і сітуатыўных хрысціян, хай і з вялікімі заслугамі — Міндоўга, Гедыміна, Кейстута, Альгерда — месца не знайшлося. Вітаўт таксама — «міма касы».
Сціплае ўшанаванне Вітаўта ў Гродне — мурал сярод шматпавярховікаў, які з’явіўся ў гады адлігі. Фота: Hrodnalife
У пантэон запісалі Давыда Гарадзенскага, бо ваяваў з крыжакамі і «бараніў праваслаўе». На ім вайсковыя і дзяржаўныя дзеячы... сканчаюцца. Застаецца інтэлігенцыя: Скарына, Цяпінскі, Будны, Семяновіч і — Георгі Каніскі. Магілёўскі біскуп, які ездзіў у Пецярбург па падтрымку расіянаў, каб хістаць Рэч Паспалітую.
Леў Сапега, Як Караль Хадкевіч, Януш Радзівіл — адсутныя. Цікава, што вельмі ўмоўны беларускі дзеяч Канстанцін Астрожскі (бо ён з Астрога, Украіна) трапіў некалі на памятную манету Нацбанка, а ў пантэон — не. Чаму? Бо цяжка знайсці палітычнага ці вайсковага лідара ў ВКЛ той пары, які б не ваяваў з Масквой. А тут — важна не пакрыўдзіць галоўнага саюзніка.
Гетман Астрожскі трапіў на манету Нацбанка, а вось у Пантэон — не. Фота: Ay.by
З канца XVIII да пачатку XX стагоддзя, згодна з Пантэонам, у беларусаў быў толькі адзін выдатны вайсковец — расійскі генерал Іосіф Гурко з Магілёўшчыны. Удзельнік Руска-турэцкай вайны ды... аўтар інструкцыі «Порядок исполнения смертных приговоров», якая дзейнічала ў 1880-х. То-бок, сяброў Ігната Грынявіцкага каралі смерцю акурат па гэтай метадычцы. Дарэчы, «нарадавольцы» таго Гурко прыгаварылі да смерці — завочна.
Яшчэ ў пантэоне ёсць Іосіф Сямашка, які ліквідаваў Уніяцкую царкву. Дарэчы, гэты добры чалавек не толькі «вярнуў» сотні тысяч беларусаў у праваслаўе, але і — падштурхнуў дзясяткі тысяч да рыма-каталіцтва. Бо, каб не ісці ў «рускую царкву», людзі запісваліся ў «польскую». І гэта гісторыя акурат пра падзел грамадства.
У пантэоне знайшлося месца Багушэвічу (без яго было б сорамна), але не знайшлося — Кастусю Каліноўскаму, Антону Луцкевічу, Вацлаву Ластоўскаму. Недастаткова праваслаўныя і прарасійскія. Ну і фінал біяграфіі не пасуе: павешаныя ці расстраляныя расійцамі і бальшавікамі. Беларускага героя могуць закатаваць толькі «фашысты», праўда ж?
З савецкім перыядам усё ясна: Машэраў, Мазураў, Вера Харужая... Тут жа Прытыцкі — «антыпольская» мода апошняга часу. Цікава, што Івана Шамякіна перасунулі з савецкага сектару ў сучасны: бо там «недабор». А вось Караткевічу месца не знайшлося. Хоць, як трапна адзначыў Адам Глобус, не Караткевічу трэба было даваць прэмію імя Шамякіна, а Шамякіну — прэмію імя Караткевіча.
Для масоўкі ў сучасны перыяд сунулі нават жывапісца-плагіятара Савіцкага. Тут жа Міхаіл Высоцкі — канструктар МАЗаў. Сябар ЦК кампартыі Беларусі Ігар Лучанок, аўтар «Маршу валейбалістаў» і «Маршу лёгкаатлетаў». Дзіўна было ўбачыць сярод герояў — Аляксандра Дубко, канкурэнта Лукашэнкі на выбарах 94-га. А вось мітрапаліта Філарэта — не дзіўна.
Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Дубко. Фота: sp.sb.by
Вельмі спецыфічная выбарка, бо апроч Дубко тут няма палітыкаў. Незразумела, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі? А можа, ніхто і не змагаўся? Ці, паводле аўтараў, Рэспубліка Беларусь — усяго толькі лагічны працяг БССР, і нічога цікавага ў 1991 годзе не адбылося?..
Якая карціна вынікае з барэльефу? Беларусы — праваслаўныя, амаль як сербы. З ХІІІ па ХХ ст. у Беларусі не было палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў. БССР — вышэйшая форма беларускай дзяржаўнасці. Мы заўжды сябравалі з Расіяй. Беларусы — савецкая нацыя. Амінь. Так «гучыць» пантэон, які больш нагадвае «сімвал веры».
Ён фіксуе не ўпадабанні грамадства, не сталенне нацыі, але часовую палітычную кан’юктуру — станам на 2025 год. Таму і дзіўная кампанія герояў нагадвае не Пантэон, населены багамі, а выпадковых пасажыраў, якія чакаюць на прыпынку свайго аўтобуса.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org