Штогод у беларускай традыцыі, 2 лістапада адзначаецца дзень памяці продкаў ці «Дзяды». Душы продкаў прынята «задобрываць» за пышнай вячэрай, частаваць іх і дзякаваць ім за дапамогу. Распавядаем, як правільна было паводзіць сябе за святочным сталом і што трэба было падаваць.
Крыніца: be.wikipedia.org
Што азначае свята «Дзяды»?
У Беларусі Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: Масленічныя, Радаўніцкія, Траецкія, Пятроўскія, Змітраўскія, але галоўныя Дзяды — Восеньскія, што прыпадаюць на пачатак лістапада. У нашай традыцыі гэта свята сямейнае, хатняе. Слова «Дзяды» мае некалькі значэнняў: душы памерлых продкаў, святочныя дні памінання памерлых і ежа, якую гатавалі да гэтага свята.
На восеньскія «Дзяды» памінаюць усіх продкаў, увесь свой род, незалежна ад месца пахавання тых ці іншых родзічаў. Вячэра ў памяць аб памерлых сваяках з’яўляецца галоўнай падзеяй. Лічыцца, што душы продкаў у гэты вечар нібы завітваюць у госці да сваіх нашчадкаў. У сваю чаргу нашчадкі вячэрай дзякуюць «Дзядам» за дапамогу і заступніцтва.
Перад запрашэннем « Дзядоў» прынята прыбіраць дом. Лічылася, што трэба добра вымыць вокны, бо праз іх душы продкаў завітваюць у хату. Вынесці смецце, вымыцца самім, у лазні пакінуць новы венік і вядро нагрэтай вады, каб душы продкаў таксама маглі памыцца.
Перад вячэрай галава сям’і дома запальваў свечку, чытаў малітву і запрашаў усіх продкаў на вячэру, выклікаў продкаў. Каб душы маглі патрапіць у хату, адмыслова адкрывалі ўсе вокны і дзверы, для продкаў ставілі асобны посуд, куды клалі трошкі кожнай стравы.
Што гатавалі на святочны стол?
Крыніца: 1prof.by
На «Дзяды» заўсёды накрывалі пышны стол, на якім абавязкова мусілі прыстунічаць мясныя стравы. Рыхтавалі 7, 9, 11 і больш абрадавых страў. Прычым кожнай з іх падавалі цотную колькасць порцый. Лішнія порцыі прызначаліся для дзядоў. У некаторых рэгіёнах проста ставілі талерку і чарку дзядам. Каб продкі не пакрыўдзіліся, сям’я мусіла пакаштаваць кожную страву.
Звычайна гатавалі на «Дзяды» куццю, бліны (падавалі з мачанкай ці верашчакай), клёцкі з «душамі» са смятанай ці паджаркай, яечню з грыбамі, мяса варанае, печанае ці смажанае, стравы з грыбамі, гэта маглі быць пірагі, хлеб, пілі ўзвар, кісель. Варылі супы на рыбе ці мясе, ставілі на стол кашы, кіслую капусту. На стале прысутнічалі і алкагольныя напоі. У некаторых рэгіёнах на стол ставілі вараную галаву свінні ці барана, такім чынам дэманструючы продкам, што жывёлу адмыслова гадавалі да святочнага стала.
Капусны суп на вэнджаных рэбрах — лепшы паратунак ад холаду і голаду
Каша з гарбуза — карысны і смачны восеньскі сняданак. Гатуем разам з «Будзьма!»
У беларускай традыцыі бліны — хіба адна з самых старажытных страваў, якую выкарыстоўвалі нават у часы язычніцтва, і не заўсёды як страву, але і як элемент культу. У хрысціянскія часы на «Дзяды» ці «Каляды» бліны былі абавязковай стравай на стале, імі сімвалічна частавалі продкаў. Бо блін — гэта збожжа, а збожжа атрымлівалі дзякуючы малітве сваім продкам — дзядам. Першы блін разрывалі на кавалкі і раскладвалі па хаце. Гэта быў адзін са спосабаў аддзячыць продкам. На наступны дзень ежу, якую пакідалі продкам, аддавалі хатняму скату ці адносілі на могілкі сваякоў.
Другой важнай стравай на стале былі клёцкі. Да з’яўлення бульбы іх рабілі з мукі, варылі ў вадзе ці на малацэ. У ХІХ стагоддзі цеста замяніла бульба, такія клёцкі падавалі са смятанай, з падсмажанай цыбуляй на сале. Але на «Дзяды» клёцкі рабілі менавіта з мясам. Такія ж клёцкі рабілі на памінкі. Выраз «паклікаць на клёцкі з «душамі»» азначаў запрасіць на памінкі. У народнай традыцыі абалонка з бульбы ўяўлялася целам, а начыненне — душой.
Чытайце яшчэ:Клёцкі з «душамі», або цэпеліны — традыцыйная страва на «Дзяды». Гатуем з «Будзьма!»
Маглі падаваць перогі, яны ж варэнікі, з розным начыненнем: ад мяснога ці грыбнога — да салодкага. Або пяклі пірагі з начыненнем, калачыкі, «вушкі» — трохкутнічкі з цеста, з грыбным ці рыбным начыненнем. Рыбу маглі запячы цалкам ці пасмажыць на патэльні.
Варэнікі, ці перогі, з бульбай і цыбуляй. Гатуем разам з «Будзьма!»
Што можна і нельга было рабіць за сталом на «Дзяды»?
Вячэра доўжыцца доўга, паводзіць сябе трэба стрымана. Варта ўзгадваць лепшае пра сваіх памерлых сваякоў, хваліць іх за ўчынкі, якімі можна ганарыцца. Ёсць шэраг павер’яў, звязаных менавіта са святочным сталом, якіх парушаць нельга. Напрыклад, лічылася, што нельга раней за ўсіх ўставаць з-за стала (падымаліся ўсе разам). Згодна павер’ю, хто гэта зробіць, раззлуе духаў і хутка памрэ. Са стала не прыбіралі да наступнай раніцы, не выціралі, калі нешта пралілося, не падымалі ежу, якая ўпала са стала. Лыжку нельга было класці выемкай уверх, інакш памерлыя продкі перавярнуцца ў магілах.
Калі вячэра падыходзіла да канца, гаспадар прамаўляў малітву, а потым тушыў свечку, такім чынам праводзілі душы. Рабілася гэта альбо кавалачкам хлеба, альбо бліном. Пасля гэтага ўсе глядзелі, куды пойдзе дым. Калі ён ішоў уверх, то ў сям’і ўсё павінна было быць добра. А калі ён ішоў да дзвярэй, то гэта лічылася кепскім знакам і азначала хуткую смерць блізкага.
Чытайце яшчэ: Як адзначыць Дзяды ў горадзе: чэк-ліст ад «Будзьма беларусамі!»
Чытайце яшчэ: Дзень, калі свет жывых і мёртвых аб’ядноўваецца: як нашыя продкі адзначалі «Дзяды»?
АМ, budzma.org