Адшумелі летнія дажджы і разляцеліся рэхам купальскія святкаванні найбольш няўтаймаваных беларусаў, якія хочуць, а галоўнае, могуць, танчыць да ўпаду і шукаць папараць-кветку два (а тое і тры) разы за лета. Факт застаецца фактам: чэрвень усё. І мы тут, каб распавесці вам, што цікавага беларускія артысты паспелі выпусціць за гэты месяц, на каго варта звярнуць сваю ўвагу, хто раскрыўся зусім з іншага боку і чаму беларуская музыка — гэта не толькі рок.
Мінскі рэп-выканаўца bayski у гэтым месяцы парадаваў сваіх слухачоў, і нечакана выпусціў на YouTube акустычную версію трэку «набірай», які выходзіў яшчэ летам мінулага года. У прыпапсаванай і прыджазаванай апрацоўцы, кампазіцыя сапраўды загучала па-новаму, а вакал музыкі тут адчуваецца больш павольна і цёпла. Магчыма, лепшы трэк для утульных вечароў ля вогнішча з сябрамі.
Ці чулі вы калі-небудзь, каб ціктокеры выпускалі EР на вершы беларускіх класікаў? Не? А вось Ілья Шынкарэнка — беларускамоўны тыкток-блогер, настолькі захапіўся творчасцю Уладзіміра Караткевіча, што выдаў зборнік з 4-х песень пад назвай «Пад сярпом тваім». Раней хлопец ужо дэбютаваў з сінгламі «Нявесце Каліноўскага» і «Niby son» і ўпэўнены, што яго EP таксама прыйдзецца даспадобы аматарам такога кантэнту.
Не маглі мы абыйсці і ветэранаў рэп-гульні, тым больш, што нагода ёсць! Рэпер Zeman выпусціў олдскульны альбом «Вандроўны цырк майго грамадскага жыцця». І гэты твор адрозніваецца ад усіх папярэдніх (а іх у музыкі было ажно 9), бо тут мы бачым усё менш жарцікаў і ўсё больш думак сур’ёзнага і пасталеўшага чалавека. Менавіта гэты альбом складана зразумець без паглыблення ў папярэднюю творчасць выканаўца, а асабліва ў альбом «Коска». Таму, раім адматаць касету на самы пачатак.
Цяпер на адну песню для летніх тусовак стала больш! Спявачка nevika літаральна ўварвалася на паці з трэкам «Вечарына», пра які мы ўжо пісалі ў нашай рубрыцы «Гітара Мулявіна». Стылёвы біт, вайбовы вакал і ўсё, што патрэбна для якаснага варушняка — ёсць.
Наступны трэк падыйдзе заўзятым электроншчыкам-рэйверам і тым, для каго «coldwave» — гэта не проста плэйліст на саўндклаўдзе. Гурт Vapna прэзентаваў сінгл «Niamiha Nemiega» і гэта, падаецца, лепшая кампазіцыя месяца ў названым раней стылі. Сама ж назва трэка ў перакладзе з літоўскай мовы значыць «Няміга ня спіць» і адсылае нас да блізкасці і нейкага метафарычнага падабенства двух гарадоў — Мінска і Вільні.
За мінулы месяц у нас было дастаткова рэп-рэлізаў, але мы дадамо сюды яшчэ адзін. Блэки с Банги і яго сінгл «Minsk», як адлюстраванне таго, чым жыве сталічная моладзь зараз. Гармонію трэка складае фартэпіянны інструментал і аўтацюнавы прыпеў пра тое, як праходзяць дні. Слухаем і намагаемся паверыць, што ўвесь гэты свэг — гэта не толькі для песні.
Натхняльны і бадзёры сінгл з лейтматывам, падобным на легендарнае «я свободен!», выпусціў праект Plennaya Volya. Трэк «МАЯК» фантануе энэргіяй і звышматываванасцю, а таксама заклікае любога ўзяць усё у свае рукі і быць «капітанам свайго карабля». У гэтым слухачам дапаможа сумесь рок-матываў і сінтвэйву на працягу ўсёй песні.
Не можам абмінуць камбэк рэпера Бакея з выбухным сінглам «До боли». Уладзь нібыта перэасэнсоўвае ўвесь свой мінулы шлях і наўпрост у песні ставіць мэты на будучыню, аналізуя кожны правільны і не вельмі крок, які быў зроблены, каб апынуцца там, дзе ён ёсць зараз.
Думаеце, гэта ўсё? Не зусім. Мы безумоўна ведаем, што беларусы — таленавітыя, але каб адчуваць такія тонкія стылі, як соўл і джаз — трэба нядрэнны такі густ і асаблівы ўнутраны настрой. Менавіта сумесь джазу, R&B, соўлу і фолку мы можам пачуць на альбоме «That Tree», беларускай вакалісткі KOOB. Не маем часу больш размаўляць, бо ляцім слухаць! І вам раім рабіць тое ж самае.
Хатні Томпсан, budzma.org