На Беларусь прыйшла вясна. Часам яшчэ кусаецца мароз і церушыць снег, але мінула ўладарства зімы, сонца радасці паднімаецца вышэй і вышэй.
У Беларусі, нібы вясёлы веснавы крыгаход, грыміць вялікае свята – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, заснаванага нашым славутым Францыскам Скарынам.
Напярэдадні школьных канікулаў гэтае свята адбылося ў горадзе Смаргоні. Яго наладзілі супрацоўнікі раённай бібліятэкі. Сапраўды, у актавай зале дзіцячай школы мастацтваў не было дзе ўпасці яблыку. У госці да юных чытачоў завітаў пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік, які прывёз ім шчырае прывітанне і падарункі ад грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
А пачалася імпрэза жаўруковым звонам цымбылаў у гонар слаўнага сына Полацка. Потым адбылася скарынаўская віктарына, гучалі песні на роднай мове, вершы беларускіх паэтаў. Прысутныя нават убачылі танец, які калісьці выконвалі касалапыя выпуснікі знакамітай Смаргонскай акадэміі.
Можна ўпэўнена сказаць, што ў Смаргоні жывуць скарынічы.