З нагоды завядзення справы аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў Сяргей Шапран размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку вельмі кранальны допіс, у якім ён узгадвае пра самы дарагі дакумент у сваім архіве — апошні подпіс Генадзя Бураўкіна — і ўдалую спробу выратавання СБП у 2006 г.
Гэта адзін з найбольш дарагіх дакументаў у маім архіве. Быў сонечны май 2014 года. Паміраючы, Генадзь Бураўкін папрасіў прыходзіць да яго штодня, каб мы маглі гутарыць пад запіс — ён не паспеў напісаць кнігу ўспамінаў і, відаць, хоць гэткім чынам хацеў ліквідаваць прабел. У адзін з тых дзён я згадаў, што Генадзь Мікалаевіч не даў мне рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз беларускіх пісьменнікаў — мы неаднойчы раней гаварылі пра гэта. «А што, я табе не напісаў?.. — Бураўкін відавочна разгубіўся. — Не можа быць... Божа мой, я лічыў, што мы даўно з табой... Ну, зробім...» У той жа дзень ён надыктаваў тэкст, хоць я прапаноўваў абмежавацца адным словам — «рэкамендую». Але праблема палягала яшчэ і ў тым, што пісаць ён ужо быў не ў стане, адпаведна і падпісаць рэкамендацыю таксама не мог... Зрэшты, калі прыйшоў назаўтра, Генадзь Мікалаевіч быў у радасным настроі. Прычына аказалася простая: пасля некалькіх няўдалых спроб ён усё ж здолеў падпісаць. Гэты аркуш з некалькімі бураўкінскімі подпісамі і ёсць тыя самыя спробы...
Цяпер Саюз беларускіх пісьменнікаў хочуць ліквідаваць. Разам з рэкамендацыяй Генадзя Бураўкіна і яшчэ соцень іншых літаратараў — Алеся Адамовіча, Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Караткевіча, Пімен Панчанкі, Міхася Стральцова, Максіма Танка... Зрэшты, гэта ўжо было: упершыню СБП спрабавалі ліквідаваць у 2006 годзе, але тады саюз удалося ўратаваць ледзь не коштам жыцця Бураўкіна — падчас сустрэчы ў Міністэрстве юстыцыі ў яго спынілася сэрца, яно стаяла чатыры хвіліны... Першае, што ён сказаў, калі апрытомнеў, было: «Не дачакаецеся». І сапраўды, тады ўдалося ўратаваць і Бураўкіна, і саюз.
Але які кошт трэба заплаціць гэтым разам?