«Словы мацней» — новы відэапраект ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. У ім сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску за культурніцкія акцыі пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, чытаюць творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы.
Неўзабаве пасля згаданых выбараў у розных людных мясцінах Мінска пачалі збірацца людзі, каб разам спяваць беларускія песні. Улады палічылі нават спевы небяспечнымі для сябе і сталі цікаваць за найбольш актыўнымі ўдзельнікамі.
Як гэта ні жахліва, але паміж лёсамі творцаў у 1930-я гады і ў 2020-м ёсць пэўная аналогія.
Аляксандр Памідораў (нар. 1971) — адзін з першых беларускіх музыкаў, якога затрымалі за выкананне сваіх песень на дваровым канцэрце. 19 верасня на вуліцы Ангарскай, пасля паспяховага выступу, ён быў схоплены і змешчаны ў ізалятар на Акрэсціна. Паводле знакамітага артыкула 23.34 КоАП, музыка быў абвінавачаны ў парушэнні правядзення масавага мерапрыемства і пакараны 8 суткамі адміністрацыйнага арышту. Неўзабаве пасля вызвалення ягоны канцэрт у клубе «Графіці» быў адменены ў апошні момант.
Аляксандр чытае твор Зямы Піваварава.
Народжаны непадалёк ад Клімавічаў, Залман, сын Рувіма, Півавараў (1910 —1937) юнацтва правёў у старажытным Мсціславе. Тут жа пазнаёміўся і з беларускімі паэтамі: Юлі Таўбін, Змітрок Астапенка, Аркадзь Куляшоў былі ў той час ягонымі сябрамі і паплечнікамі. У 1929-м прыехаў у Ленінград і пачаў працаваць качагарам, аднак і ў вядомым літаратурным горадзе быў заўважаны: вядомы паэт Мікалай Асееў рэкамендаваў беларускаму кіраўніцтву ўзяць здольнага Піваварава пад крыло, і неўзабаве маладзёна залічылі на літаратурны факультэт Вышэйшага педінстытута ў Мінску. Адна кніжачка вершаў, жменя рэцэнзій на спектаклі і кінастужкі. Усяго ў 27 гадоў Зяма Півавараў быў расстраляны. Жонка паэта Ліля, маладзейшая за яго на тры гады, была адпраўленая ў высылку ў Казахстан.