Яўген Валошын і Глеб Лабадзенка правялі творчыя сустрэчы ў Слуцку Мінскай вобласці 24 сакавіка.
Першы выступ адбыўся ў гімназіі №1, дзе прысутнічала каля 80 школьнікаў.
Яўген Валошын:
“Я быў уражаны: у гімназіі перад намі апынуліся вельмі выхаваныя і самадастатковыя дзеці, адным словам – случакі. Выкладанне гуманітарных дысцыплінаў у Слуцку на найвышэйшым узроўні, была высокая актыўнасць дзяцей. У Мінску я даўно з такімі не сустракаўся. Дзеці больш за гадзіну не падымалі вэрхалу і ўдзельнічалі ў абмеркаванні вершаў, а самае галоўнае – выходзілі і чыталі свае беларускамоўныя вершы. І хлопцы, і дзяўчаты – для мяне гэта самы цікавы момант з нашай сустрэчы”.
Пасля выступу ў гімназіі для творчага тандэма дырэктарка правяла маленькую экскурсію па ўстанове. Гімназія №1 складаецца з дзвюх частак – старога будынку і новага. Аказалася, што гэтая гімназія – самая старая школа, якая захавалася ў Беларусі. Яе пабудавалі яшчэ ў 1617 годзе на замову Януша Радзівіла. Як паведаміў Глеб Лабадзенка, у гімназіі засталася арыгінальная зала з калонамі, што вельмі ўражвае.
Наступны выступ у Глеба Лабадзенкі і Яўгена Валошына адбыўся ў цэнтральнай бібліятэцы. Заахвочаных беларускай творчасцю людзей прыйшло каля 120 чалавек.
Глеб Лабадзенка:
“Асабліва прыемна было пабачыць на наступным выступе тых жа гімназістаў. Гэта вельмі прыемны момант. Дзеці не стаміліся і вырашылі ў гэты ж дзень паслухаць нас яшчэ раз. Адмыслова для іх мы стараліся выконваць неадыграныя кампазіцыі. На кожнай сваёй імпрэзе я раздаю сувеніры ад “Будзьма беларусамі!” на конкурснай аснове. За сувенір трэба прачытаць верш. І вось што цікава: дзеці падрыхтаваліся, і мы пачулі ажно 15 вершаў. З іх тры – Барадуліна”.
Маладая публіка з паэтычнага клуба “Алімп” праспявала народныя песні, а потым усе разам спявалі “Купалінку”. Глеб Лабадзенка расказваў журналісцкія гісторыі, Яўген Валошын – цікавыя выпадкі з жыцця і анекдоты.
Глеб Лабадзенка: “Сустрэчы прайшлі проста феерычна, у цудоўнай абстаноўцы. Дарога для будзьмаўскіх імпрэз тут адкрытая”.
Сустрэчы адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”