Сонца Сваяка

     22 лютага 2015 года у вёсцы Камаі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі” адбыўся выступ гурта “Балцкі Субстрат”. У гэты дзень адзначалася 125-годдзе з Дня нараджэння ксяндза-паэта Казіміра Сваяка.

Штогод маленькая вёска Камаі, што на Віцебшчыне, чакае гасцей з усёй Беларусі. Нагода самая лепшая – ўшанаванне памяці каталіцкага святара, грамадска-нацыянальнага дзеяча, паэта Казіміра Сваяка (Канстанціна Стаповіча). Цэнтрам урачыстасцяў, як заўжды, стаў Камайскі касцёл, у якім служыў Сваяк. Гэта адзінае месца ў Камаях, дзе зараз можна сабрацца вялікай грамадзе.

Урачыстую імшу ў гонар Сваяка цэлебраваў кс. Яцэк (Хутман). Адразу па завяршэнні адбыўся імправізаваны канцэрт, на якім гурт “Балцкі субстрат” агучыў народныя творы, а таксама песні на словы Казіміра Сваяка ды Ўладзіміра Караткевіча. “Магутны Божа” музыкі выканалі хорам з парафіянамі.

Усіх прысутных павітаў і мясцовы краязнаўца Іван Драўніцкі – настаўнік вышэйшай катэгорыі і аўтар шматлікіх публікацый аб шляхецкім родзе Ромэраў. Спадар Іван выказаў захапленне ад таго, колькі беларускамоўных асобаў сабралося ў гэты дзень: “Аказваецца, я не адзін!”.

Святкаванні працягнуліся ў мясцовай плябані, дзе прайшла адмысловая віктарына на прызы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Удзельнікі з годнасцю адказалі як на самыя лёгкія, так і на самыя мудрагелістыя пытанні, датычныя паэта:

 1. Калі нарадзіўся Казімір Сваяк?

19 лютага 1890 г.

2. Дзе нарадзіўся Казімір Сваяк?

Вёска Барані (зараз у Астравецкім раёне).

3. Сапраўднае імя паэта?

Канстанцін Стаповіч.

4. Дзе вучыўся Казімір Сваяк?

Віленская духоўная сэмінарыя.

5. Як называўся нелегальны гурток, арганізаваны Сваяком на радзіме?

“Хаўрус сваякоў”.

6.Як называўся малітоўнік, складзены Сваяком для беларусаў-каталікоў?

“Голас душы”.

 7. Дзе пахаваны Казімір Сваяк?

На могілках Роса ў Вільні.

 8. Ад якой хваробы памёр Казімір Сваяк і калі?

6 траўня 1926 г. ад сухотаў.

 9. Назавіце п’есы Казіміра Сваяка?

“Янка Канцавы” (“Праклённае зелле”), “Купалле”.

10. Колькі вершаваных зборнікаў Казіміра Сваяка выйшла пры жыцьці аўтара?

Адзіны – “Мая ліра”.

Асобна заўважым, што ў гэты дзень, як і ва ўсе папярэднія гадавіны Сваяка ў Камаях свяціла яркае сонца. Мясцовыя даўно ўжо склалі народную прыкмету: “Як народзіны Сваяка – чакай на сонца”.

 

Тэгі: