Дырэктарка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святлана Навуменка падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы абвесціла пра пачатак новага спэцыяльнага праекта «РТБД па панядзелках», у межах якога будуць рабіць пастаноўкі «расейскай класікі на рускай мове». На гэта звярнула ўвагу ў сваім Telegram-канале тэатральны крытык Анастасія Панкратава.
«Здаецца, колькасць беларускамоўных тэатраў у Беларусі ізноў паменшыцца», — піша Анастасія Панкратава.
Будынак Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Фота: rtbd. by
Па інфармацыі Анастаіі Панкратавай, такі падыход дырэктарка тэатра патлумачыла тым, што «расейская класіка — тое поле, тая культурная прастора, у якую заўсёды хочацца акунуцца, гэта добрая глеба і для развіцця трупы, і для міжнародных сувязяў».
Больш з тое, Святлана Навуменка паспрабуе прывесці ў афішу РТБД «папулярнага рускага аўтара» Захара Прылепіна (Прылепін — адзін з ідэолагаў «рускага свету», удзельнічаў у першай чачэнскай вайне і ў агрэсіі Расіі супраць Украіны). Зараз вядуцца перамовы з расійкім рэжысёрам Юрыем Пахомавым, каб паставіць на беларускай сцэне «Пацанскія расказы» вядомага ваеннага прапагандыста. Як кажа Навуменка, расейскі глядач, да якога РТБД плануе выяжджаць на гастролі, таксама зацікавіцца сваім аўтарам.
У выпадку рэалізацыі гэтага праекта Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі страціць сваю беларускаарыентаваную спэцыфіку, адзначае выданне «Люстэрка».
«Цяпер сярод 28 прафэсійных тэатраў Беларусі ён з’яўляецца адным з усяго чатырох, што працуюць выключна на беларускай мове. Апроч РТБД, гэта Купалаўскі, Коласаўскі і Беларускі тэатр „Лялька“ (апошнія два знаходзяцца ў Віцебску)», — піша выданне.
У лістападзе 2024 года з РТБД звольнілі 4-х актораў: Максіма Брагінца, Змітра Давідовіча, Арцёма Курэня і Паўла Шыкунова. Пасля іх сышлі Ганна Семяняка і Дзяніс Аўхарэнка. У выніку з рпертуруару тэатра знялі 7 спектакляў.
Па інфармацыі «Люстэрка» з 2020 года ўжо звольнілі практычна палавіну трупы РТБД, яго дырэктара і мастацкага кіраўніка. Цяпер амаль траціну трупы складаюць маладыя акторы і акторкі, якія прыйшлі ў тэатр у апошнія некалькі гадоў. Святлана Навуменка стала дырэктаркай у жніўні 2024 года, незадоўга да пачатку масавых звальненняў.