Ідэолагі зацвердзяць «спіс выдатных беларусаў»

Неўзабаве ў Беларусі зацвердзяць спіс самых выбітных асоб у гісторыі. Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТБ заявіў гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Гігін, паведамляе «Еўрарадыё».
Vadzim Hihin

Вадзім Гігін

Паводле яго, гэта было канкрэтнае даручэнне ўлады, над якім працуе, у тым ліку і Акадэмія навук (хутчэй за ўсё, Інстытут гісторыі).

«Думаю, на адным з бліжэйшых пасяджэнняў Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы мы канчаткова зацвердзім гэты спіс найбольш выбітных асоб. Што прыемна, за апошні час мы практычна выйшлі на кампраміс, гэта значыць — мы бачым тых людзей, якія зрабілі ўнёсак. Гэта вялікае дасягненне цяпер для нашай краіны. Я буду пералічваць, не змагу спыніцца, што, напрыклад, Еўфрасіння Полацкая, Кірыл Тураўскі, Францыск Скарына, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Канстанцін Заслонаў, Пётр Машэраў», — расказаў Гігін.

Ідэолаг адзначыў, што спіс імёнаў яшчэ абмяркоўваецца, але ў яго ўвойдуць людзі, якія «аб’ядноўваюць беларускую нацыю».

Сярод прэтэндэнтаў у спіс Гігін назваў савецкіх дзеячаў часоў Другой сусветнай вайны — Канстанціна Заслонава, Веру Харужую, Міная Шмырова (бацьку Міная): «Гэта шэкспіраўскага, біблейскага фармату драмы і подзвігі. Мінскае падполле — тут каго ні назаві, гэта проста дзівосныя лёсы».

Аднак савецкім часам спіс не абмяжоўваецца. Гаворачы пра XVI-XVIII стагоддзі, ідэолаг згадаў таксама Афанасія Філіповіча, Лявонція Карповіча і Сафію Слуцкую: «Якія тытаны і асветы, і духу, людзі, якія змагаліся за тое, каб вызнаваць сваю веру, называць сябе імем свайго народа, гаварыць на сваёй мове».