Старажытны абрад “Перанос свячы” ў вёсцы Навінкі Калінкавіцкага раёна

04.06.2015 Культура

Свечка для вяскоўцаў увасабляе дабрабыт, шчасце ў доме.

Абрад прымяркоўваецца да Святой Троіцы і праводзіцца штогод на другі дзень свята. Вяскоўцы правялі яго і ў мінулы панядзелак, 1 чэрвеня. У Навінках 380 жыхароў, і добрая трэць іх прыняла ўдзел у вясковым свяце. Спецыяльна прыехалі да родзічаў здалёк нават тыя, хто ўжо даўно не жыве ў вёсцы.

Сутнасць абрада такая: свечка з іконай Божай Маці або Збавіцеля цэлы год знаходзіцца ў чыёйсьці хаце. Дарэчы хата на гэты час становіцца своеасаблівым храмам. Любы вясковец можа прыйсці сюды, каб памаліцца, папрасіць дапамогі, падтрымкі ў святынь. Мінулы год ікона са свечкай захоўваліся ў доме мясцовых пенсіянераў Ануфрыя і Ганны Белых. Як толькі наступае свята, святыні пераходзяць да суседа. Прычым адбываецца гэта ўрачыста. Айцец Георгій правёў службу ў хаце, асвяціў ваду, якую затым вылілі у калодзеж. Так што цэлы год вада ў ім будзе святая. Потым на вуліцу вынеслі ікону са свечкай, і пад іх аркай прайшлі ўсе ўдзельнікі абраду. Лічыцца, што гэта засцеражэ іх ад гора, хвароб і ўсякіх няшчасцяў.

Дарогу да дома наступных гаспадароў мясцовых святынь, Аляксандра і Таццяны Дзейкун, выслалі саматканымі рушнікамі, па якіх неслі ўпрыгожаную ікону са свечкай. Новым гаспадарам — хлеб, сімвал дабрабыту. Наперадзе — старэйшыя жыхары вёскі. 95-гадовая Еўдакія Іванаўна Іванешка і 85-гадовая Варвара Адамаўна Сопат — таксама старэйшыя носьбіты абраду. Гісторыяй яго бабулі дзеляцца з сучаснікамі, расказваюць, што памяць аб ім захавалася з XVIII веку. Абрад не праводзіўся толькі падчас Вялікай Айчыннай вайны, але жыхары захавалі ікону. Раней абрад праводзіўся на свята Мікалая-цудатворца, а пасля вайны — на Святую Троіцу. Такім чынам самабытная традыцыя мае працяг. Вяскоўцы шчыра вераць у цудатворную сілу абраду.

 

Любоў Лобан, Гомельская праўда

Тэгі: