Недалёка ад Ваўкавыска захаваліся рэшткі драўлянай царквы 1642 года пабудовы. Унікальны помнік народнага дойлідства знаходзіцца ў нездавальняючым стане і патрабуе рашэння аб яго захаванні, піша grodnonews.by.
Паміж вёскамі Лічыцы, Калантаі і Скураты на мясцовых могілках стаяць руіны старой Траецкай царквы, пабудаванай яшчэ ў XVII стагоддзі. Сёння яны нагадваюць пацярпелы крушэнне і выкінуты на бераг карабель, чые абрысы праступаюць скрозь траву і дрэвы, але некалі храм быў цэнтрам духоўнага жыцця мясцовых жыхароў.

Першапачаткова храм знаходзіўся там, дзе зараз узвышаецца Крыжаўзвіжанская царква, завершаная ў 1871 годзе. Нейкі час дзве царквы — старая драўляная і новая каменная — стаялі побач, нібы сімвал пераемнасці пакаленняў. Старая царква заставалася прыпісной: у ёй захоўвалася напрастольнае Евангелле 1858 года, падоранае імператрыцай Марыяй Аляксандраўнай у 1864-м. Пазней, у 1871 годзе, святыню перанеслі ў новы мураваны храм.
У пачатку ХХ стагоддзя драўляны храм перамясцілі на могілкі і пачалі выкарыстоўваць як капліцу. З гадамі царква страціла сваё значэнне, а потым і саму форму. Сёння ад яе засталіся толькі руіны, але яны працягваюць захоўваць памяць аб мінулым. Для мясцовых жыхароў і краязнаўцаў гэта не проста рэшткі старой пабудовы, а сведчанне шматвяковай гісторыі, традыцый народнага дойлідства і духоўнага жыцця вёскі.

У ліпені гэтага года археолагі аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Беларусі Леанід Калядзінскі і Наталля Пачобут у межах экспедыцыі правялі абследаванне драўлянай царквы. Быў упершыню зняты яе план. Дарэчы, даўжыня пабудовы складае 15 метраў, шырыня — амаль 10 метраў. Атрыманую пры вывучэнні аб’екта інфармацыю выкарыстоўваюць для фіксацыі старажытнай забудовы на помніку археалогіі Гарадзішча Беразавец («Замак Кміты»), які даследуюць археолагі, і дзе размяшчалася драўляная царква ў XVI — XVII стст.
Аб цэрквах у Бярозаўцы і Калантаях знойдзены дакладныя крыніцы аб часе іх узвядзення і часткова аб планавай структуры. Разам з сучаснымі абследаваннямі і раскопкамі гэта дае ўнікальны гісторыка-археалагічны матэрыял, які дазваляе вывучыць тэхналогію ўзвядзення храмаў з дрэва.

У Ваўкавыскі райвыканкам не так даўно звярталіся з прапановай надаць руінам царквы статус гісторыка‑культурнай каштоўнасці, каб захаваць унікальную спадчыну рэгіёна. Дарэчы, царква на 127 гадоў старэйшая за драўляны лямус, які знаходзіцца на тэрыторыі Брыгіцкага касцёла ў цэнтры Гродна. Спецыялісты адзначылі, што рэшткі царквы знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Аб’ект патрабуе дадатковага прафесійнага абследавання і заключэння аб магчымасці захавання і кансервацыі.
— Звязваліся з Нацыянальнай акадэміяй навук, каб вырашыць пытанне з музеем народнай архітэктуры і побыту і прапанаваць варыянт пераносу царквы туды. Што далей, пакуль цяжка сказаць. Царква ў вельмі кепскім стане і ўключыць яе ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны не ўяўляецца магчымым, па той прычыне, што там, па сутнасці, уключаць асабліва ўжо і няма чаго, на жаль. Наколькі я ведаю, гісторыкі НАН, якія туды выязджалі, убачылі, што перанесці для захаванасці можна толькі акно як узор драўлянага дойлідства, — растлумачыў галоўны спецыяліст аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Сяргей Урбановіч.

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, куды, магчыма, «пераселяць» руіны царквы, адносіцца да тыпу музеяў пад адкрытым небам. Такія музеі — гэта адна з форм захавання і паказу помнікаў гісторыі і культуры блізкай да натуральнага асяроддзя. Нават у руінах храм у Калантаях застаецца часткай гісторыі, якую важна абараніць ад забыцця. Якія меры будуць зроблены, пакажа час.
