Сапраўдны шэдэўр беларускай дзіцячай літаратуры нарадзіўся на нашых вачах у турме. Тут збіраюць грошы на стварэнне з яго аўдыёкнігі, а таксама на дапамогу паўтарагадоваму сыну аўтара.
Са сваім паўтарагадовым сынам Тамашом ён камунікуе толькі малюнкамі і вершамі. І гэтая вялікая любоў вылілася ў вялікія творы.
На думку ветэрана беларускай выдавецкай справы Змітра Санько, вершы Андрэя Скурко беспараўнаныя. «Я быў прыемна здзіўлены арыгінальным сюжэтам і тонкім разуменнем дзіцячай псіхікі. А яшчэ — бліскучым валоданнем словам. Нагэтулькі ўсё дасканала!» — кажа Санько. Народжаныя ў няволі, гэта светлыя, крэатыўныя, забаўныя і пазітыўныя творы. Часам кароценькія чатырохрадкоўі, а часам — цэлыя вершаваныя апавяданні. Вы проста пачытайце іх: яны гавораць самі за сябе. Вось некалькі вершаў ці фрагментаў:
Слон і дзед
Дзверы гнуцца, столь дрыжыць
— Слон прыйшоў да дзеда жыць
З лесу снежнага уранку
— Вось бывае нечаканка!
Вуха ў кухні, хвост у спальні,
Левая нага ў вітальні.
У дзядулевай хацінцы
Так няпроста памясціцца.
Адзінока ўзімку дзеду,
Дык і рады ён суседу.
Слон на носе дровы носіць
І ў краму дзеда возіць.
Разважаюць дзед з сланом:
— Можа нам побольшыць дом?
Абжывецца слон паціху,
Прывядзе яшчэ й сланіху.
Ютуб
Мы не будзем есці суп,
Будзем лепш глядзець Ютуб.
Тэлефон у мамы
— Ён чароўны самы!
Ціснем на іконку
— Што там за старонка?
Лопалка з шарамі,
Мульцік з трактарамі,
З камерай праграма
Ёсць для Інстаграма.
Трэба сфоткаць і змясціць,
Як прыгожа мама спіць!
З дапамогай каманды «Бэйбуса» і народных артыстаў Беларусі вершы Андрэя Скурко здабудуць гукавое суправаджэнне — стануць самастойнымі творамі для слухання. Таксама іх аздобяць малюнкі. А рэшта грошай пойдзе Андрэеваму сыну.