27 сакавіка ў офісе ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» адбылося першае ўганараванне аўтарак стыпендыяй для пісьменніц і перакладчыц. У гэтым годзе стыпендыяткамі сталі Таццяна Барысік, Алена Брава і Дар’я Ліс.
Злева направа: Алена Брава, Таццяна Барысік, Дар’я Ліс
Пра заснаванне стыпендыі імя Магдалены Радзівіл было абвешчана 20 сакавіка.
Палажэнне аб заснаванні стыпендыі можна прачытаць ТУТ
У віншавальным слове Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч адзначыў, што ідэя падобнай стыпендыі для пісьменніц і перакладчыц выспявала ўжо даўно: “Калі сярод 18-ці і 20-гадовых пачаткоўцаў мы бачым большасць дзяўчат і меншасць хлопцаў, то з цягам часу, з развіццём пісьменніцкіх пакаленняў, гэтая колькасная суаднесенасць мяняецца, калі, напрыклад, меркаваць па гендарным складзе нашай арганізацыі. Хочацца, каб болей дзяўчат заставалася ў літаратуры. Спадзяемся, стыпендыя будзе ўручацца штогод, паколькі дастойных кандыдатак шмат, і сябрам Рады стыпендыі няпроста было зрабіць выбар”.
Алена Брава атрымлівае дыплом з рук Барыса Пятровіча
Празаік Алена Брава прызналася, што ўжо некалькі гадоў піша новы твор і спадзяецца ў хуткім часе завяршыць працу: “Жывучы ў невялікім горадзе, жанчына сутыкаецца з неразуменнем грамадскасці: чаму ёй неабходны вольны час для пісьменніцкай работы, калі ёй патрэбна вырашаць бытавыя пытанні, хадзіць на працу, клапаціцца пра сям’ю? Часта адзіным выйсцем для ажыццяўлення творчых задумаў становіцца праца за камп’ютарам па начах”.
Творчы калектыў Саюза беларускіх пісьменнікаў віншуе стыпендыятак
Сёлета 8 ліпеня Саюз беларускіх пісьменнікаў супольна з Таварыствам аховы помнікаў мяркуе правесці на Асіповіччыне, з якой цесна звязанае жыццё Магдалены Радзівіл, літаратурныя чытанні ў гонар фундатаркі і асветніцы.