Сустрэча з бібліятэкарамі Баранавіцкага раёна

У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”  26 чэрвеня пісьменнікі Вольга Іпатава і Уладзімір Мароз завіталі ў госці да бібліятэкараў Баранавіцкага раёна. Творчая сустрэча адбылася ў цэнтральнай раённай бібліятэцы ў пасёлку Новая Мыш. Прысутныя з цікавасцю слухалі выступ Уладзіміра Мароза, які расказаў аб сваёй працы ў дакументальным кіно, згадаў стужкі, знятыя на баранавіцкай зямлі, у прыватнасці, фільм “Тайна помніка”, дзе распавядаецца аб загадкавым помніку у лесе “Тры крыжы”, паўсталым у 1939 годзе. Адзначыў таксама, што з’яўляецца рэжысёрам стужкі “Міфалагемы Родзіна” аб вядомым беларускім мастаку Алесю Родзіне, які родам з Баранавічаў. У.Мароз чытаў таксама свае лірычныя вершы, асабліва ўзрушыў аўдыторыю верш “Дранікі”.

Сняданак любові – на кухні сям’я за сталом:

Маленькі Даніла, Марына, Цімох пасталелы,

Ды Вольга й Валодзя – бацькі.

Ахінае крылом

Святая нядзеля, што свет уратуе збалелы.

 

Палае агмень, ён жытло сагравае заўжды,

Даруе нам хлеб, і не толькі надзённы адзіна.

На хвалях лагоды нас хутар стары-малады

Гайдае, і песціць, і корміць – яднання часіна.

 

А дранікі мяккія самі аж просяцца ў рот,

На сале засмажаным сілы набраліся ў печы.

Смятана падлашчыць – заўзяты стаіць умалот,

Жыццёвая жорсткасць сягоння не цісне на плечы.

 

Канстанты быцця.

Як і дзён пераемных сувой,

Над комінам дым, зеляніна травы маладая,

Як пошум стагоддзяў сівых па-над Нёмнам-ракой,

Адвечная плынь пра якія няўзнак нагадае.

Няблізка-далёка зацятасць між злом і дабром –

Тут Бог ашчаджае мясціну радзінную гэту.

Гады праімчацца наўскач,

А сям’я за сталом

Навек застанецца апораю беламу свету.

 

У сваім выступе Вольга Іпатава патлумачыла, чаму яна стала пісаць гістарычныя раманы, чым прываблівае яе гісторыя нашай краіны, асабліва эпоха Вітаўта, падзялілася творчымі планамі. Прагучалі таксама вершы паэткі. У цэлым сустрэча прайшла пад знакам Васіля Быкава. Вольга Іпатава расказала аб сваіх першых сустрэчах з Васілём Уладзіміравічам яшчэ ў Гродне, калі пачыналася яе літаратурная дзейнасць. На сканчэнне творчай сустрэчы была праведзена віктарына, прысвечаная жыццю і творчасці Васіля Быкава. Удзельнікі адказвалі на самыя разнастайныя пытанні, самыя абазнаныя атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

 

 

 

Тэгі: