Сустрэча з Сяргеем Законнікавым у Маладзечна


Сустрэча з паэтам Сяргеем Законнікавым адбылася 17 лютага ў сярэдняй школе №1 горада Маладзечна. На ёй прысутнічалі вучні старэйшых класаў школы, настаўнікі і дырэктар школы. У якасці гасцей на сустрэчу былі запрошаныя супрацоўнікі гарадскіх бібліятэк і навучальных установаў гораду. Імпрэза ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма!”.

Гутарка доўжылася паўтары гадзіны і была сканцэнтраваная на тэме Чарнобыля і пераадолення наступстваў выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Па словах выступоўцы, сустрэча ў Маладзечна была адметная тым, што вучні прымалі актыўны ўдзел у гутарцы і зацікаўлена паставіліся да абмеркавання праблемаў Чарнобыля.

Сяргей Законнікаў распавёў вучням пра дзейнасць інстытута радыяцыйнай бяспекі “Белрад”, які займаецца аховай здароўя насельніцтва праз прафілактыку захворванняў, пра важнасць здаровага харчавання. “Мы мусім думаць як пра духоўнае, так і пра сваё фізічнае жыццё. Самая вялікая небяспека хаваецца сёння не толькі ў радыёактыўных рэчывах і пылу, але і ў атручанай ежы. Асабліва гэта датычыцца маладога пакалення,” – зазначыў Сяргей Законнікаў.

Падчас сустрэчы паэт зачытваў урыўкі са сваёй вядомай паэмы “Чорная быль” і адказваў на пытанні аб гісторыі яе стварэння. Напрыканцы імпрэзы паэт падараваў вучням свае новыя кніжкі “Дол” і “Насустрач” са сваім аўтографам.

Тэгі: