У дзіцячым садку № 1 і дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 19 г. Маладзечна ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “500-годнасць” адбыліся сустрэчы з пісьменніцай Аксанай Спрынчан і музыкам Ярашам Малішэўскім. Творчы дэсант з Мінску сустрэў цёплы прыём і непадробную цікавасць з боку гаспадароў – дарослых і дзетак, што сабраліся ў гасцінных і ўтульных залях. Сустрэча была зусім не афіцыйнай, а наадварот – шчырай і сяброўскай. І гледачы, і выступоўцы атрымалі яскравыя ўражанні ад імпрэзаў. Госці зладзілі невялічкія паэтычна-музычныя спектаклі, дзе слова чаргавалася з мелодыямі, а вершы – з песнямі. Аксана Спрынчан прэзентавала сваю “Смачную кнігу”, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Вершы з яе, адпаведна назве – пра розную смакату і тых, хто яе любіць, выклікалі ўсмешкі і воплескі. Следам гучалі загадкі, дзе кожны намагаўся першым адгадаць, ды атрымаць за тое прызы ад кампаніі “Будзьма”. І такіх ахвотных было багата – штохвіліну дзеткі і дарослыя цягнулі рукі ды выгуквалі словы-адгадкі. Яраш Малішэўскі ўчыняў музычныя адкрыцці, бо для бальшыні прысутных назвы і гучанне многіх беларускіх народных інструментаў былі пачутымі і пабачанымі ўпершыню. Граў сакральны беларускі інструмент дуда, без якой нашая музыка – не музыка, на розныя галасы перагукаліся розныя дудкі, таямніча гулі акарыны, містычна заварожваў варган, прымушаў здзіўлена пахітаць галовамі саламяны пішчык, магутна разлягаўся зычны голас славутай жалейкі. Сустрэча адбывалася ў межах святкавання славутай кніжнай Скарынаўскай “Пяцісотгоднасці”, пра што таксама нагадалі выступоўцы. Натхненне атрымалі ўсе – хіба што шкада было развітвацца…