Святкуем “Шчадрэц”, знаёмімся з “Каляднымі Царамі”!

10.01.2011 Афіша

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае сваіх сяброў на свята «Шчадрэц», якое адбудзецца 15 студзеня 2011 года і працягнецца з 13-ай да 15-ай гадзіны.

У праграме запланаваны ўрачыстыя тэатрэлізаваныя выступы, у тым ліку, спектакль лялечнага тэатра “Батлейка” і шматлікія конкурсы. Асабліва запрашаем паўдзельнічаць у конкурсе “На лепшую Калядную зорку”, які складаецца з дзвюх частак: “хатняе заданне” (патрабуецца прынесці на свята самастойна зробленую Калядную зорку) і “творчае прадстаўленне” (удзельнікі конкурсу павінны творча прадставіць свой твор).

Адметнасцю святкавання ў музеі стане выкананне унікальнага абрада в. Семежава (Капыльскага р-ну Мінскай вобласці) «Калядныя Цары», які стаў першым беларускім абрадам, далучаным да Сусветнага спісу нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Абрад выконваецца выключна мужчынскім гуртом пад грукат барабана, а касцюмы калядоўшчыкаў імітуюць вайсковую форму 18 ст., што ўяўляе сабой творчую народную карыкатуру на рэальныя падзеі, калі ў вёсцы часова знаходзіўся атрад рускай царскай арміі.

Падчас свята кожны ўдзельнік таксама атрымае магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй музея, зрабіць незабыўныя фотаздымкі з удзельнікамі свята, набыць разнайстайныя сувеніры, зробленыя рукамі лепшых народных майстроў, і пачаставацца ў Карчме.

Інтрыга і добры настрой чакаюць вас! Да сустрэчы на свяце!

Экспазіцыя музея працуе з 10.00 да 16.00. Каса працуе з 10.00 да 15.30.
Кошт квіткоў для ўсіх катэгорый наведвальнікаў – 8 000 рублёў.
Шаноўныя наведвальнікі! Калі ласка, паклапаціцеся аб абутку і вопратцы згодна пагодных умоў.
Свята “Шчадрэц” адбудзецца пры ўсялякім надвор’і !

Як нас знайсці?
Музей знаходзіцца ў 4-х км ад МКАД за аўтарынкам “Малінаўка” за в. Азярцо
На ўласным транспартным сродку
Праезд ад аўтастанцыi «Паўднёва-Заходняя» прыгараднымі аўтобусамі ў накірунку: Мiнск – Гарадзiшча, Дубянцы, калгас Калініна, Заходнія могілкі
На аўтобусе
Расклад руху: аўтобус № 203 – 9:15; 12:00 – на тэрыторыю музея
аўтобусы № 262, 363, 277, 325, 357 – 9:40; 10:00; 10:28; 11:35; 12:20; 14:15;14:55;15:05 – да прып. “Музей».

Крыніца: www.etna.by
Кантактная асоба: Ірына Уладзіміраўна Марчанка
Загадчык аддзелу маркетынгу Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту