Канцэпт шоу просты: удзельні_цы «Святога нічога» выпуск за выпускам намацваюць карані і трэнды беларускай ідэнтычнасці, шчыра размаўляючы пра ўсё на свеце — ад побытавых звычак да ўзаемаадносінаў з уласным целам.
Да вядучай — журналісткі Марыі Пархімчык — завітваюць людзі, якім ёсць што распавесці па канкрэтных тэмах.
- На якім кантэнце раслі беларус_кі часоў незалежнасці рэспублікі?
- Як школа ўплывала на іх разуменне сябе і свету?
- Чым адметны беларускі дэйтынг?
- Як беларус_кі тусуюцца?
- Што лічаць класным і да чаго імкнуцца?
- Ці любяць сябе і свае целы?
- Пра якія адносіны мараць і чаму прагнуць (або не) шлюба?
У першым эпізодзе, прысвечаным медыя 1990-2000-х два пакаленні сышліся ў абмеркаванні вінегрэта, якім частаваў нас тэлевізар ды ютуб. Тут табе і «Тату», і Паца-Ваца, і Каця Лель без зубоў, і рэаліці-шоу з порна-мадэллю, і «Твін Пікс», і нечаканыя парады псіхалагіні на моладзевым шоу.
У другім эпізодзе абмеркавалі феномен беларускай школы, дзе чалавека можа чакаць радыкальна розны досвед: ад адзіноты і булінгу да поўнага прыняцця асабістасці.
«Святога нічога» — гэта аўдыяшоу, дзе шчыра гавораць на тэмы, блізкія ўсім, без аглядкі на аўтарытэтныя меркаванні ці «бясспрэчныя ісціны». Тут абмяркоўваюць жыццё ў Беларусі на асабістых прыкладах і кажуць пра розныя з’явічшы без упрыгожванняў, «як ёсць». Гэта бывае весела, а бывае — зусім не. Удзельні_цы шоу спрабуюць асэнсаваць досвед сталення, пошукаў сябе і намаганняў «жыць дарослае жыццё» ў складаных знешніх абставінах, якія Беларусь прапанавала ўсе гады яе крохкай незалежнасці. Слухач_кі могуць пачуць тут нешта сугучнае ўласным думкам, а могуць знайсці падставы для таго, каб пакінуць дыскусійны каментар.
паводле прэс-рэліза