17 ліпеня адбудзецца вандроўка па слядах амаль зніклай цывілізацыі — культуры беларускіх габрэяў, роднай мовай якіх стагоддзямі была мова ідыш. Удзельнікі вандроўкі разам з Алесем Астравухам — аўтарам ідыш-беларускага слоўніка і знаўцам габрэйскай культуры — змогуць наведаць класічныя заходнебеларускія мястэчкі: Валожын, Вішнева, Івянец, Ракаў.
Падчас падарожжа можна будзе пабачыць будынкі славутай на ўвесь іўдзейскі свет Валожынскай ешывы, цудам захаваных сінагогаў, наведаць старажытныя могілкі (і даведацца, што напісана на магільных камянях!), помнікі ахвярам Халакосту, радзіму прэзідэнта Ізраіля, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Ш. Перэса, месцы дыслакацыі габрэйскіх партызанскіх атрадаў у Налібоцкай пушчы.
Усім прысутным пашанцуе пазнаёміцца з незвычайнай і каларытнай мовай ідыш, а потым папрактыкавацца ў яе ўспрыняцці, праслухаўшы ў выкананні Алеся Астравуха і Аляксея Жбанава прыгожыя песні на ідыш з перакладам на беларускую. І нават паспяваць іх разам!
На хутары спадара Алеся Лася у выкананні гаспадара і “Мінскер капелье” Змітра Сляповіча прагучыць сапраўдная клезмерская музыка, і ўсе прысутныя пачастуюцца традыцыйнымі габрэйскімі стравамі.
Пачатак: 17 ліпеня а 8-й раніцы.
Даведкі па тэлефоне: +37529 1802838 (Святлана).
Падрабязней: http://vkontakte.ru/mail#/event28135987