На аўкцыён выставілі сядзібу, у якой паставілі адну з першых беларускіх п’ес. Цана пытання 40 рублёў

Камітэт «Віцебскаблмаёмасць» выставіў на аўкцыён сядзібны дом гістарычнага маёнтка «Малыя Дольцы» ва Ушацкім раёне. Пачатковы кошт лота — адна базавая велічыня (40 рублёў), паведамляюць «Народныя навіны Віцебска». 


Таргі прызначаны на 20 жніўня. Будынак знаходзіцца ў вёсцы Новае Жыццё, пабудавана ў 1848 годзе для сям’і Веранько, да пачатку XX стагоддзя сядзіба ўжо належала роду Сушчынскіх.

Siadziba «Małyja Dolcy»
Сядзіба «Малыя Дольцы». Фота: з сайта viciebsk.cc

У 1909 годзе там, як сцвярджаецца, была пастаўлена адна з першых беларускіх п’ес — «Міхалка».

Да 2013 года гэты дом выкарыстоўвала мясцовае сельгаспрадпрыемства як адміністрацыйны будынак. У 2020-м сядзібе далі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Цяпер аб’ект закансерваваны. Побач захаваліся фрагменты старажытнага парку.

Для жадаючых купіць нерухомасць ёсць абавязковая ўмова: правесці рамонтна-рэстаўрацыйныя працы на працягу пяці гадоў з моманту заключэння дамовы аб куплі. Ацэначны кошт дома, паводле звестак «Віцебскаблмаёмасці», — 115 тысяч рублёў.