Сям’я з-пад Маладзечна шукае параненага бусла

Сям’я Чарняўскіх з вёскі Цівідаўка Маладзечанскага раёна шукае бусла з пашкоджанай лапкай, які 15 жніўня паляцеў з іх падворка ў бок гарадскога мікрараёна «Лясныя», піша «Мінская праўда». Птушку не паспелі да канца выхадзіць. 


1a4c71.jpg

— Лапка ў бусла была пашкоджана чарвякамі, апарышамі, пачалося гніенне, — расказвае Анастасія Чарняўская. — Мы абрэзалі падгнілую частку, перабінтавалі, лячылі птушку антыбіётыкамі, апрацавалі яе ад вошаў. Два дні ў бусла была дэпрэсія, ён адмаўляўся ад ежы. Потым мы падвялі яго да вальера з двума суродзічамі, каб паглядзеў, як яны ядуць, і яму таксама захацелася.

Па словах Анастасіі, візуальныя стасункі з сабе падобнымі буслу дапамаглі. Птушыны госць стаў есці як не ў сябе, чатыры разы на дзень. Толькі паспявалі падносіць насатаму рыбу.

Паціху сталі выпускаць бусла пагуляць на двор. Ён махаў крыламі, распрацоўваў іх. 15 жніўня быў шосты дзень, як птушка знаходзілася ў сядзібе Чарняўскіх.

— Падняўся вецер, бусел падхапіў гэтую паветраную хвалю і, нібы дэльтаплан, стаў планаваць у напрамку горада, да якога каля кіламетра, — распавядае Анастасія. — Птушка схавалася з вачэй, мы з дзецьмі абышлі ўсю вёску, бліжэйшыя палі, але не знайшлі бусла. Людзі нам казалі, што бачылі, як ён ляцеў нізка над зямлёй, з перабінтаванай лапкай, у напрамку Лясных. Мікрараён густа населены, у асноўным гэта прыватны сектар. 

Мы звяртаемся да мясцовых жыхароў: калі ён прызямліўся ў вас у двары, патэлефануйце нам па нумары 8 (029) 569-77-21. Вялікая просьба: не карміце бусла салёным і смажаным.

Анастасія адзначае, што, калі птушку не знайсці, яна можа загінуць, проста памерці з голаду. Бусел дагэтуль мае патрэбу ў антыбіётыках і пакуль не можа сам здабываць ежу. Калі б не лапка, Анастасія не перажывала б за яго. Бусел знайшоў бы сваіх суродзічаў, прыбіўся да іх, і ўсё было б добра. Але ў цяперашнім яго стане гэта немагчыма.

Чарняўскія сёлета выхадзілі дзевяць буслоў

Клопат пра буслоў даўно стаў для Чарняўскіх звыклым заняткам. Параненых і хворых птушак ім не першы год прывозяць літаральна адусюль.

— Раней мы імёны ім давалі, — расказвае Анастасія Чарняўская. — Але сёлета птушак было ўжо дзевяць. Дзе прыдумаеш столькі імёнаў? Я сама ў іх блытаюся, хаця парадкавыя нумары прызначаю. Птушкі розныя — і дарослыя, і маленькія, якія атрымалі пашкоджанні, калі выпалі з гнязда. Людзі падбіраюць, паведамляюць пра гэта ў ахову прыроды, атрымліваюць у гэтай арганізацыі дазвол і вязуць буслоў нам.

5307c1-1024x834.jpg

Чарняўскія лечаць птушак, кормяць, даглядаюць іх, цярпліва чакаюць, пакуль яны змогуць самастойна лятаць і знаходзіць сабе спажытак, потым выпускаюць на волю.