«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра навукоўца Сямёна Альтшулера.
Сямён Аляксандравіч Альтшулер (24 верасня 1911 г. — 24 студзеня 1983 г.)
С.Альтшулер — фізік, спецыяліст у галіне магнітнай радыёспектраскапіі і тэорыі парамагнетызму.
С.Альтшулер нарадзіўся ў г.Віцебску. У 1932 годзе паспяхова скончыў Казанскі ўніверсітэт. З 1935-га працаваў уКазанскім універсітэце дацэнтам на фізіка-матэматычным факультэце, а ў 1955-м быў абраны прафесарам гэтага ўніверсітэта. Падчас Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі, удзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі.
Навуковыя даследаванні С.Альтшулера прысвечаны радыёспектраскапіі і парамагнетызму, у прыватнасці ядзернаму магнетызму. У 1934 годзе ён сумесна з І.Тамам выказаў ідэю аб існаванні ў нейтроне магнітнага моманту і дакладна вызначыў яго знак і велічыню. У 1948 годзе вызначыў уплыў звыштонкіх магнітных узаемадзеянняў на спектры электроннага парамагнітнага рэзанансу. Вылучыў тэорыю акустычнага парамагнітнага рэзанансу (1952). Прапанаваў метад атрымання звышнізкіх тэмператур, які заснаваны на адыябатыўным размагнічванні ядзерных спінаў ванфлекаўскіх парамагнетыкаў. Асноўныя навуковыя вынікі ён абагульніў у фундаметальных працах «Электронны парамагнітны рэзананс» (1961) і «Электронны парамагнітны рэзананс злучэнняў элементаў прамежкавых груп» (1972).
С.Альтшулер з’яўляецца стваральнікам расійскай школы ў галіне магнітнай радыёспектраскапіі.
У 1976 годзе С.Альтшулер быў абраны членам-карэспандэнтам па Аддзяленні агульнай фізікі і астраноміі (спецыяльнасць — фізіка) АН СССР (цяпер Расійская акадэмія навук).
Вынікі яго навуковых прац прызнаны грамадскасцю. С.Альтшулер узнагароджаны пяццю ордэнамі, медалямі.