Паводле пісьменніка, у кампаніі па зборы сродкаў на выданне дзіцячай кнігі «Хлопчык Томчык» выявіліся свае падводныя камяні, а вось з выхадам новага нумару часопіса «Мінкульт» «усё значна прасцей і весялей».
Ідэя кнігі «Хлопчык Томчык» узнікла, па словах пісьменніка Сяргея Календы, лёгка і проста, «нарадзіўся сын, і мы з ім кожны вечар пачалі чытаць кнігі — паступова пачалі з’яўляцца гісторыі, якія мне падказваў мой сын Томас сваімі ўчынкамі, ці сам мне па вечарах прапаноўваў скласці гісторыю». Кніга напісаная на трох мовах, каб можна было практыкаваць з дзецьмі іх вывучэнне.
У размове з Budzma.org Сяргей Календа кажа, што на кампанію на пляцоўцы Kickstarter вырашылі адвесці 60 дзён. «Мінула палова тэрміну, але справа ідзе вельмі павольна — назбіралі толькі каля 15 адсоткаў ад неабходнай сумы, — кажа Сяргей Календа. — Думаю, тут праблема ў тым, што не хапае беларусаў з Беларусі ў гэтай справе. Не могуць яны картку беларускую прывязаць, то-бок плаціць з тэрыторыі Беларусі. Шмат хто хацеў бы падтрымаць, але літаральна амаль палова людзей, якія гатовыя былі данаціць, не могуць гэта зрабіць фізічна».
У Сяргея Календы быў паспяховы досвед краўдфандынгу ў Беларусі, «і часопісы, і некаторыя кнігі вельмі ўдала выдаваліся праз Ulej.by, беларускі краўндфандынг быў вельмі паспяховы — пакуль быў».
Зараз пісьменнік распачынае флэш-моб для актывізацыі кампаніі: «Мы вырашылі, што будзем з сынам маляваць, ён любіць тэхніку, вось і будзем маляваць машыны, краны, усё такое. Потым тэгаць сяброў і ставіць хэштэг #tomczyktheboy #хлопчыктомчык, каб сябры таксама ўдзельнічалі, перадавалі далей, пашыралі аўдыторыю, будзем старацца падвысіць ахоп і зацікаўленасць да праекта».
Плануецца, што кніга выйдзе накладам у тысячу асобнікаў, выходзіць будзе ў Беластоку ў супрацы выдавецтваў Kamunikat.org і «Логвінаў», «калі, канечне, набярэцца неабходная колькасць чытачоў і, адпаведна, грошай».
«Яшчэ ёсць такая праблема, — распавядае Сяргей Календа. — На Kickstarter мы спачатку не ведалі, што ўмовы ў іх адрозніваюцца ад вядомых нам краўдфандынгавых пляцовак. Калі не атрымаецца сто адсоткаў назбіраць, то грошы з картак не здымуцца, то-бок на дадзены момант з кожнага чалавека, які вырашыў аплаціць кнігу, грошы не спісаліся. 26 сакавіка, калі заканчваецца кампанія, Kickstarter будзе глядзець: калі сабрана 95 адсоткаў — гэта не лічыцца паспяховым зборам, грошы застаюцца пры патэнцыйных данатарах. Тут мы вымушана пайшлі на кон: альбо 100 адсоткаў запланаванага збору і мы выйграем, альбо нічога ў выніку. Мы пра гэта не ведалі і проста шчыра заклалі ўсе цалкам нашыя выдаткі (на мастака, друк і г. д.), каб усё пакрыць. А Kickstarter яшчэ дадаў зверху свае адсоткі — і сума аказалася на траціну большай, чым мы планавалі. Сама пляцоўка дадае дзесяць адсоткаў, яшчэ далучаецца аплата дастаўкі, гэта патрабаванне Kickstarter — уключыць дастаўку кнігі ў агульны збор».
А вось з вядомым часопісам «Мінкульт», які выдае Сяргей Календа, «справы значна прасцей і весялей».
— Бо мы на «Мінкульт» паспелі сабраць грошы, калі была магчымасць рабіць данаты ад фізічных асобаў у Facebook, а з новага года такой функцыі ў Facebook больш няма. Выйшла пяць нумароў: «Першы», «Цэнзурны», «Фантастычны», «Калядны» і «Вірус і выбары» — ён жа «Чацвёрты». Мы ашчадзілі грошай — і літаральна праз тыдзень выйдзе шосты «Мінкульт. Падарожжа і эміграцыя», — сказаў Сяргей Календа. — Я ўжо адвёз і грошы, і сам макет у друкарню, праца ўжо ідзе. «Чацвёрты», які выйшаў не па задуманым плане толькі восенню ў Вільні, быў гатовы паўтара года таму яшчэ ў Мінску — але не друкаваўся, бо ніхто не хацеў рызыкаваць сваім бізнесам, хаця там увогуле нічога адмыслова палітычнага няма, але сама назва выпуску «Вірус і выбары» пужала.
Сяргей Календа плануе зрабіць у сакавіку тры вялікія прэзентацыі адразу двух нумароў — чацвёртага і шостага — у Вільні, Варшаве і Беластоку: «Шосты нумар з усіх выпускаў «Мінкульта» атрымаўся самы вялікі і самы разнастайны на гісторыі. Там сабраны 21 пісьменнік, там і Альгерд Бахарэвіч, і Саша Філіпенка, і Таня Заміроўская, і Адам Глобус, там, карацей, усе. Усе, хто мог напісаць штосьці пра свой досвед жыцця ў іншай краіне, пра досвед эміграцыі. Там ёсць гісторыі вясёлыя, ёсць гісторыі больш сумныя, гісторыі, пра якія можна здымаць кіно, напрыклад, пра хакера, якога затрымліваў Інтэрпол, які адседзеў у амерыканскіх турмах і які цяпер працуе адвакатам у сваёй канторы ў Нью-Ёрку. Ад Сашы Філіпенкі — кавалак з апошняга рамана «Крэмулятар», ад Альгерда Бахарэвіча — цэлы дзённік пра ягоны год у Грацы, Адам Глобус напісаў пра сваю ўлюбёную Барселону, Макс Шчур даў кавалкі сваёй новай кнігі...
Нумар выйшаў проста класны — чытаць можна цэлы год».
Сяргей Календа вядомы яшчэ і сваім талентам стыліста фрызур, і ў Вільні яму ўдаецца сумяшчаць літаратурную творчасць і працу ў цырульні: «Я ўжо год як працую ў сетцы салонаў «Фігаро», якая 30 год існуе на літоўскім рынку. Мая студыя знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры «Панарама», працоўны дзень — 13 гадзін, шмат працы, прыходзіць шмат беларусаў, літоўцаў, украінцаў... Я вельмі люблю працаваць з людзьмі — бо яны мне самі распавядаюць шмат цікавых гісторый, мы камунікуем — і я пашыраю свае веды пра гэты свет, скажам так. Але калі выйсці са студыі і прайсці дваццаць крокаў улева, то трапляеш у вялікі каворкінг ад ІКЕА, дзе можна набыць кавы, адкрыць ноўтбук, пісаць і глядзець з вялікіх вокнаў на вежу Гедыміна. Так што, калі бывае час завітаць у каворкінг, то, можна сказаць, стрыгу і пішу амаль адначасова і амаль у адным месцы».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Фотаздымкі са старонкі Сяргея Календы ў Фэйсбуку