Сяргей Будкін: Прынесеныя адраджэнскім ветрам наіву

Музыкі з гурта Green Pills узяліся за няпростую задачу — граць у тым кірунку, апошні прадстаўнік якога сканаў пару год таму.

Міні-альбом маладой менскай каманды — праца грунтоўная і сур’ёзная. Нават больш чым. Гэта і ёсьць той самы гераічны беларускі рок, у якім няма месца іроніі і дапушчальны хіба злосны сарказм, а аўтар бярэцца бязь лішняй сьціпласьці казаць за ўсё сваё пакаленьне. Тут рубам ставіцца толькі адно-адзінае пытаньне — што будзе заўтра з тваёй краінай. Green Pills нібы прынёс адраджэнскі вецер наіву з канца 90-х, тут яшчэ і ўзровень запісу акурат адпавядае тым часам. Яны ўзяліся за няпростую задачу — граць у тым кірунку, апошні прадстаўнік якога сканаў пару год таму (маецца на ўвазе гурт Mauzer).

Тое, пра што спрабуе пісаць і сьпяваць Ян Верабей — актуальна безумоўна. І бачна, што яму гэтая тэма баліць. Кожны больш-менш адэкватны чалавек разумее, як добра стасуецца з беларускай рэальнасьцю гэтае слова — шызафрэнія. З адчуваньнем рэчаіснасьці, а значыць, са зьместам у Green Pills усё ў парадку — з практыкай словы будуць складацца больш ладна і думкі выказвацца больш ясна. Галоўнае — не скакаць вышэй за нос і ня брацца за тое, чаго пакуль ня дадзена зрабіць належным чынам. Галоўная няўдача гэтага дыску — “Песьня пракленства”, нязграбна і няўмела перакладзены верш Сяргея Ясеніна. Памкненьне маладых музыкаў узяцца за выкананьне высокай паэзіі вартае ўхвалы, але чаму б ім было не зьвярнуцца да паэта-перакладчыка, калі ўжо так закарцела выканаць менавіта гэты твор па-беларуску?

Праблема ў Green Pills найперш з формай, бо пададзенае ўсё ну зусім ужо неактуальна. І скрыпачка ў гэтым нязладжаным акустычным саматужным гард-рок-ансамблі падкрэсьлівае ўсю немэтазгоднасьць і бесперспектыўнасьць абранага шляху. Калі ўжо вырашана было запісаць цяжкія ў музычным пляне песьні ў unplugged-фармаце, дык варта было б папрацаваць над іх аранжаваньнем, а не лупіць штомоцы па струнах акустычнай гітары. А як карціць даць чаду, дык навошта тады гуляцца з той акустыкай ды скрыпкамі? Тым ня менш, загалоўны трэк сьведчыць, што пры належным прадумваньні няспыннай працы над матэрыялам на беларускай незалежнай сцэне магла б зьявіцца група, якую можна было б параўнаць з The Foals.

Спампаваць “Шызафрэнію” можна на афіцыйнай старонцы альбому.

Ідэя: 7
Выкананьне: 4
Тэксты: 6
Запіс: 4
Аздабленьне: 5

Сяргей Будкін