Сяргей Законнікаў: “Змяняюцца людзі, і гэта добра”

Сяргей Законнікаў правёў творчыя сустрэчы са школьнікамі Валожына 26 сакавіка. 

У СШ №2 Валожына ў актавай залі сабралося 300 чалавек. Дзеці ўважліва слухалі выступоўцу.

Сяргей Законнікаў:

Не бывае так, каб мяне дзеці няўважліва слухалі. Мне ёсць аб чым расказаць. Мне давялося шмат бываць за мяжой, і кожны раз, замест таго каб везці джынсы, я прывозіў нешта цікавае, гістарычнае. Напрыклад, гліняную статуэтку, якую мне зрабілі на маіх вачах у Палерма. Вось і тут я знайшоў, чым зацікавіць дзяцей. Спачатку паказаў сапраўдны сіцылійскі папірус з малюнкамі. Потым званочак для кароваў, які называецца бом. Кожны гаспадар робіць для сваёй каровы званочак з рознай мелодыяй, з розным гукам. І вось калі каровы спускаюцца з Альпійскіх гор (а яны самі гэта робяць, без пастуха), гучыць вельмі прыгожая музыка. І кожны гаспадар па мелодыі бома можа даведацца, што менавіта яго кароўка ідзе дадому”.

Дзеці стараліся задаваць пытанні на беларускай мове.

Сяргей Законнікаў:

“І скажу, што няблага ведаюць мову. Валожын – гэта беларускі горад; як у афармленні, так і на вуліцах можна пачуць беларускую мову. А гэта не так часта бывае”.

Пісьменнік расказаў школьнікам пра Барыса Кіта і яго кніжку “Грамадзянін Свету”.

Сяргей Законнікаў: “Пра Барыса Кіта школьнікі не ведалі, але як пачаў расказваць, дык раты раскрылі, слухалі”.

Як апавёў пісьменнік, спачатку адміністрацыя школы і гімназіі вельмі насцярожана ўспрымала гасцей і перад пачаткам сустрэчы размаўляла з дзецьмі на рускай мове, але пасля выступу дырэктарка выйшла і сказала: “Пасля такога выступу не магу з дзецьмі размаўляць на рускай, таму звярнуся на беларускай мове”.

Сяргей Законнікаў: “Змяняюцца людзі, і гэта добра”.

Творчыя сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: