Таня Скарынкіна: Чатыры сястры і валошкавая сукенка

Малодшая цётка ой хітрая. Я наўмысна, калі зайшлася па галубцы, абвяшчаю з ганку, што не буду разувацца, бо часу не маю. Добра ведаю, як да яе на хвілінку зазірнуць. А яна:

— Ідзі абутая. Усё роўна прыбірацца буду.

Уздыхаю і ў зімовых чаравіках асуджана накіроўваюся па цёмным калідоры на кухню, дзе вокамгненна аднекуль з паветра з’яўляецца бутэлька. І не з абы-чым, а поўная хатняй 60-градуснай самагонкі. Паціху адпіваю. А куды спяшацца, дзень усё роўна змарнаваны.

Сярэдняя цёця Марыя ў валошкавай сукенцы

— Чаго ацелягваешся? — цёця не можа, калі ядуць і п’юць марудна. Лічыцца, што табе нясмачна, і цёці крыўдна.

— Пі залпам! Мне ў магазін трэба. Чаго цэдзіш?

Чаго-чаго. Поўдзень, між іншым. Вось чаго. І трэба ж вытрымліваць этыкет. Размаўляць і ўсё такое. Я расказваю без усялякай надзеі на разуменне, а тым больш поспех, пра паэтычны фестываль у Мінску, што пазнаёмілася з паэтамі знакамітымі, выступала крыху.

— У гэтых бацінках?

— Іншых няма.

— Купі на такія выпадкі. І адзення ўрачыстага ты ж таксама не маеш.

Гэта не пытанне, дарэчы.

— Не маю.

Цёці ў гэта цяжка паверыць, але цяпер ніхто не прыбіраецца на ўрачыстасці, як раней. Свет змяніўся. Былыя каштоўнасці страчаныя назаўжды. Цёця недаверліва слухае пра тое, што большасць адзяецца як я. Абы камфортна.

Малодшая цёця Іра ў Марыінай валошкавай сукенцы

— Гэта не тое што вы калісьці сукенкі шылі ў краўчых. Тканіну шукалі. Апошнія грошы за яе аддавалі. Фасоны выдумлялі.

— У наш час выбару не было. Толькі адна сукня крамная была ў Марыі (сярэдняй сястры), васільковая. Яна Марыі пасавала ідэальна. Ёсць недзе здымак. І я прасіла сукенку, каб сфатаграфавацца ў ёй. У сукні валошкавай той. І астатнія сёстры. Такая сукенка была выключная. Але і пашытыя мелі мы файныя адзёжы. Мамуся з дзяцінства прывучала да самых добрых тканін. Крэпдэшын, крэп-жаржэт, шыфон, батыст. Мела добры густ — найлепшыя сукенкі мы мелі ў вёсцы, малюнак тканін нязбіты заўсёды выбірала. Я ўсе свае сукенкі выдатна памятаю.

Я знайшла Марыін здымак валошкавы з вышытым каўнерыкам. Падаю маме. Маму не трэба прасіць адкаментаваць:

— Божа-божа! Так ужо да толку ўсё на твары яе. Помню, гэтую сукню Марыя давала мне раз надзець на работу.

— Імпартная?

— Нашая. Гродзенская быццам бы. Я помню Марыю красівай два разы за ўвесь час. Помню добра, сшыла яна сукенку ў чорна-бела-чырвоную клетку. Мы тады лёталі часта на збюркі — стол накрывалі, танцы ладзілі. Па чарзе, па дзяўчатах. Раз на такую збюрку Марыя на валасы закалола розачку чырвоную. І гэта сукенка. Так было неабычна. Іспанка нейкая. А другі раз у Вільнюсе. Помніш яе шубу паласатую? Была позняя восень. На Марыі гэта шуба ў чорную і шэрую палоску. Яна стаяла ў чарзе па кілбасу. А я пазней заходжу ў кілбасны аддзел. І такой Марыя мне увідзелась… Як актрыса! Завіўка, памада вішнёвая, яркія нябесныя вочы. Гэта было ў магазіне “Падгалі”.

— А ты ёй сказала, якая яна прыгожая?

— Неа… А можа, і казала… Не помню.

Мама ў белым касцюме (Есентукі)

Я часцяком правакую маму на аповеды пра сукенкі, каб пазбегнуць разнастайных пытанняў накшталт: а хто прыходзіў, а хто тэлефанаваў, а нашто столькі у сэкандах купляць, а калі ты ўжо грошы пачнеш зарабляць? І мама заўсёды банальна трапляе ў пастку, асабліва калі здымкі павыгцягваю. Гісторыя за гісторыяй — з аднаго здымка цягнецца бясконцы клубок успамінаў. І любая гісторыя так ці інакш закранае адзенне. Ніколі ні адзін жыццёвы выпадак не здараўся без актыўнага ўдзелу адзення. Напрыклад, расказвае мама пра Ганны, фэст у Жодзішках (Ганны — свята, прысвечанае бабулі Езуса, маці Найсвентшай Панны Марыі):

— Нашай Янцы (старэйшая сястра) сукенку на фэст знакамітая швачка Ганна Вікенцьеўна пашыла. Цёмна-сінюю. І быў сутаж — шнурочкі такія для вышыўкі. І яна ёй тут какеткі ўставіла на грудзі. І божа мой! Як красіва. Ганна Вікенцьеўна выпісвала журналы. І ў яе мода на пяцілетку наперад была. А потым Янцы шыла юбку чорную. І белую ткань купілі на блузку да юбкі. Шолк. Янка мне давала насіць. Но яна свяцілася, гэта блузачка. Нада было пад яе бяльё красівае пад ніз… Янка і сама добра шыла, але ўжо як Ганна Вікенцьеўна!

Маміны ўспаміны слухаць я магу па сто разоў адно і тое. Але і новае калі-нікалі выплывае. Часу вольнага на пенсіі шмат, каб памяць да глыбінь раскалупаць:

— Мы разбіраліся, што купіць. У тканях добра разбіраліся. Знаходзілі краўчых хто сабе. У маёй прыяцелькі Ромы (Рамуальды) мама добрая швачка была і пашыла мне касцюм. Я фасон у санаторыі пераняла. У Алушце са мной адпачывала жанчына. Мы ў адным пакоі жылі. Такая гуляка. Але красівейшая! Праўда, клык мела.

— На мужыкоў?

— Не! У роце клык. Як смяялася — клык паказваўся… Але яна і мужыкоў цягала! Ні ў кога не было столькі кавалераў. Казала мне: “Валя! У мяне ёсць такі касцюм, ды муж не даў у санаторый”.

— Чаму?

— Думаў, напэўна, што без касцюма не так гуляць будзе. Адзін дзень яна пайшла на пошту. Мама ёй тайком ад мужа даслала касцюм. Белы ў чорную нешырокую палосачку. Я запомніла фасон. Як вярнулася з санаторыя, стала шукаць ткань. І знайшла — паплін. Я патлумачыла краўчысе, што і як — карманчык на грудзі, па баках карманчыкі дэкаратыўныя. Потым сястра Марыя дастала мне туфлі: лодачкі белыя. Чуць у дырачкі. Гэта быў нарад неапісуема красівы!

Загарэлая мама ў сукенцы з зялёнымі кветкамі

— А гузікі? — мне трэба прайграць карціну дэталёва.

— А гузікі… Ты знаеш, вот не помню, якія былі гузікі.. Я ў Ромінай мамы потым шыла і белую ў зялёныя кветкі сукенку, і белы касцюм.

— Летні?

— Летні. Я брала яго ў Есентукі ў санаторый, і ў Кемеры. На Балтыйскае ўзмор’е. Там у мяне кавалер быў — латыш. Са страннасцямі. Ён зусім не ўмеў ухажываць. Эканомны быў занадта. Нават у кіно не хадзіў. Аказалася, грошы на машыну збіраў. І калі прыехаў за мной з Рыгі на машыне сваёй, я ўжо замужам была.

Днямі я да Марыі завітала і заадно вырашыла паставіць кропку з валошкавай сукенкай. Цёця Марыя ахвотна дапоўніла карціну. Такім чынам я даведалася, што сукенка была з чыстай шэрсці, і ніводнае адзенне так не любіла Марыя, як яе. Кажу: “Цёця Марыя, каб вы ведалі, якая вы прыгожая на здымку ў гэтым нарадзе!” Смяецца. Але прызнаць сябе прыгожай не згаджаецца. Я думаю, ну, калі такая самакрытыка, дык скажу і пра тое, што мама памятае толькі два моманты найвышэйшай прыгажосці сярэдняй сястры: з чырвонай ружай і ў Вільні з кілбасой у паласатай футры. Марыя, як і чакалася, акунаецца ва ўспаміны:

— Гэта была шуба вытворчасці ГДР. У горадзе такія былі дзве ці тры. Я, можа, 15 год яе насіла, і нідзе яна не знасілася. Перастала хадзіць у ёй толькі таму, што абрыдла яна мне. Ты ўяві, Таня, што праз 15 год яна выглядала як новая! Здала ў камісіёнку за тыя ж грошы, што і купляла.

Старэйшая цёця Янка (другая злева) са сваімі супрацоўніцамі — смаргонскімі краўчыхамі

У савецкай спявачкі Ірыны Панароўскай ёсць песня пра сукенкі. Памятаю, што калі слухала, здзіўлялася, я думала, толькі мама і цёткі адчуваюць да адзення жывыя пачуцці. Шкадую, што не захаваліся здымкі ўсіх любімых цётчыных убораў. І бабуліных. Альбо хаця б па абрэзку ад кожнага. Ды сшыць бы іх у адно — атрымаўся б чароўны дыван памяці сямейнага густу! Эх, каб раней зразумець, як усё скарацечна! Вось крыху расказала пра страчаную прыгажосць — ужо лягчэй.

Калі я думала, што дапісала эсэ, а значыць, перастала думаць пра валошкавую сукенку і паласатае футра, незнарок уключыла фільм Карэна Шахназарава “Дзень поўні”. Там падзеі круцяцца вакол прыгожай жанчыны ў ліловай сукні. Пра цёцю Марыю ў васільковым нешта падобнае лёгка можна было б зняць. Да таго ж прыгажуня ў ліловым нечым падобная да цёці Марыі. Такая ж дзяўчына-мроя. Так называе цёцю на старых здымках адна мая сяброўка. Я пра гэта таксама расказала цёці. Яна ўсміхалася недаверліва. А вось былая калега з Марыінай працы ўспамінала днямі (бо калі пішу, я толькі пра герояў пісаніны са ўсімі гаворку вяду — больш нічога не цікаваць), што колькі яны працавалі разам, столькі яна дзівілася на яркую знешнасць Марыі:

— Гэтыя вочы яе васільковыя… Як гляне! Нават не верылася, што бываюць такія вочы. Блакітныя-блакітныя…

Уяўляю, якой Марыя была маладая ў сукенцы валошкавага колеру з вышытым каўнерыкам. Бо толькі і застаецца, што уяўляць. Здымкі ж ч/б. А Марыі — 75.