Таямніца самагубства, каханне і містыка, свабода і савецкая Беларусь: паэтычны лёс Яўгеніі Янішчыц

Новая гераіня чарговага відэа на канале CHADANOVIČ — «Палеская ластаўка» Яўгенія Янішчыц. Пагаворым пра 666 вершаў, паэтычныя палёты, жыццёвыя трагедыі і да сёння неразгаданую таямніцу смерці паэткі.



У новым відэа:

— чаму Янішчыц не змагла назваць сваю першую кніжку «Непрыручаная птушка»;

— у чым выяўлялася няўдачлівасць аўтаркі і прычым тут малпа;

— як Янішчыц прадчувала сваю смерць і што ў гэтым містычнага;

— ці перамог савецкі час геніяльную паэтку;

— як парадыравалі вершы Янішчыц;

— чаму ўсё жыццё аўтарка пражыла пад прозвішчам Янішчыц;

— як паэтка пісала ідэалагічныя вершы пра «гнілы Захад», але хавала пад імі персанальны боль;

— ці змагла Янішчыц справіцца з жыццёвымі трагедыямі: ад жудаснай аўтакатастрофы да хваробы сына.

Вось некалькі думак з відэа:

Калі тваё прозвішча, усе каму не лянота: ад народнага паэта Ніла Гілевіча да апошняга графамана, рыфмуюць з дзеясловам «нішчыць», нават дадаючы адмоўную прыставачку, гэта гіпнатызуе і самаўнушае. Дзеля справядлівасці, паэтка сама ў сваёй творчасці называе ўласнае прозвішча «расстраляным».

Раз за разам паэтка піша вершы пра самагубцаў. Больш за тое, пазіцыя савецкай назіральніцы за «гнілым Захадам» як бы дае ёй стопрацэнтнае алібі: гэта там у Нью-Ёрку магчымыя самагубствы, гэта там усё прадаецца і купляецца, гэта там можна смела па-беларуску рыфмаваць «Іўда і Галівуда», як у першым з такіх вершаў пра самагубчы лёс Мэрылін Манро. Але ўжо наступны тэкст пра самагубства амерыканскай паэткі Эн Сэкстан мае ў сабе шчыры нерв, горыч і надрыў. Ёсць і тут хадульныя адзнакі свайго часу — «У горадзе, што ачмурэў / Ад джазу і ад сексу», але ёсць таксама і такое:

Так, ёсць паэзіі сакрэт
І ў лёсе асабістым:
Паэт з’яўляецца на свет,
Як ластаўка, як выстрал.

Хто такая «Ластаўка» мы з лёгкай рукі Ніла Гілевіча даўно памятаем. Перад намі аўтабіяграфічны вобраз.

Не ў самагубстве сілы соль,
Хоць ёсць тут знак пратэсту...

Колькі тут ад рыфмы да скразнога рэфрэну — імені Эн Сэкстан з рознымі прыметнікамі, эпітэтамі, а колькі тут ад навязлівай думкі, з якой паэтка жыве?

Часам у цяжкія неспрыяльныя часы не варта цурацца і грэбаваць неўласцівым для яе загадным ладам, але гэты тэкст Яўгенія Янішчыц палічыла патрэбным напісаць так: «Гавары са мной па-беларуску». Можа быць, у гэтым апошняя тэрыторыя няскоранай, неадфарматаванай сістэмай, не знішчанай да канца свабоды, якая засталася з паэткай назаўсёды.