Спектакль заснаваны на асабістай гісторыі Кацярыны Сныцінай, зоркі жаночага баскетбола, вымушанай пакінуць Беларусь. Пра прэм’еру спектакля напісаў Мікалай Халезін на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
«Эксперыментальны тэатральны клуб La MaMa (ETC) адкрые гэтай восенню свой 63-ы сезон новай працай, створанай сусветна вядомым Беларускім Свабодным тэатрам, KS6: SMALL FORWARD — пранізлівай пастаноўкай пра алімпійскую спартсменку і зорку жаночага баскетбола, першую і адзіную папулярную спартовую фігуру ў гісторыі Беларусі, якая адкрыта заявіла аб сваёй гомасэксуальнасці, і якая цяпер жыве ў выгнанні як актыўны змагар супраць дыктатуры, што пануе ў яе роднай краіне», — абвясціла прэм'еру Міа Ю, мастацкі кіраўнік тэатра La MaMa.
Папярэднія прагляды пачнуцца 21 верасня, а прэс-адкрыццё адбудзецца 23 і 24 верасня ў будынку Тэатра Элен Сцюарт (66 E. 4 St.) у Нью-Ёрку. Спектакль працягнецца да 13 кастрычніка.
Спектакль заснаваны на гутарках з зоркай баскетбола Кацярынай Сныцінай, адаптаваны для сцэны і пастаўлены са-заснавальнікамі БСТ Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой.
Натальля Каляда кажа: «Каб быць свабодным, трэба быць адважным. Менавіта гэта мы знайшлі ў гісторыі Каці: жанчыны, якая выступіла супраць дыктатуры і пайшла з нацыянальнай зборнай па баскетболе на знак салідарнасці з беларускім народам і супраць гвалту. На пляцоўцы яна гуляла «лёгкага форварда», набіраючы ачкі, абараняючыся, ствараючы адкрытыя лініі і робячы падборы для ўсёй каманды. Гісторыя Каці дапамагла нам зразумець, што «лёгкі форвард» — гэта спосаб быць свабодным».
Міа Ю адзначае: «Беларускі Свабодны тэатр — гэта яскравы маяк правоў чалавека і свабоды слова. З набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў у ЗША Свабодны тэатр адчуў неабходнасць падзяліцца ў верасні гэтай новай працай у супрацоўніцтве з актывісткай Кацяй Сныцінай. Мастацтва кампаніі працягвае знаходзіць водгук, паколькі заклікі працягваюць гучаць, папярэджваючы наш свет аб неабходнасці даследаваць і задаваць пытанні аб тым, дзе мы знаходзімся і якія магчымасці адчыняюцца ў будучыні».
У спектаклі ролі выконваюць Кацярына Сныціна, Бланка Барбара, Дар’я Андрэянава, Мікалай Купрыч і Раман Шыцько.