Тэатральная кампанія HomoCosmos прэзентуе ў Мінску харэаграфічны перформанс Opus Magnum

30.06.2021 Культура

Тэатральная кампанія HomoCosmos прэзентуе ў МІнску свой чарговы праект — харэаграфічны перформанс Opus Magnum, перадае Новы Час. Паказ прэв’ю прымеркаваны да акрыцця выставы Уладзіміра Кандрусевіча Opus Magnum. Initium; менавіта творчасць гэтага беларускага мастака стала зыходнай кропкай для нараджэняя новай пастаноўкі.


изображение_2021-06-30_134053.png
Уладзімір Кандрусевіч, фота прадастаўлена арганізатарамі

Работа над праектам распачалася восенню 2020 года і, як многія іншыя спектаклі HomoCosmos, Opus Magnum сабраў інтэрнацыянальную каманду. Разам з беларускімі харэографамі Вольгай Рэпінай і Сяргеем Мікелем, чые пастаноўкі ідуць у Мінску на сцэнах Вялікага і Музычнага тэатраў, над ім працуюць грузінскія кампазітар Давід Еўгенідзэ, аўтар музыкі да шматлікіх кінастужак і балетаў, і рэжысёрка Тэкла Гелбахіані.

Якраз спадарыне Гелбахіані і належыць ідэя ды канцэпцыя харэаграфічнага перформансу. Рэжысёрка распавядае, што з Уладзімірам Кандрусевічам і яго карцінамі яна пазнаёмілася напачатку 2020 года і была імі вельмі ўражаная.

«Гісторыі, якія можна пабачыць у яго работах — такія жыццёвыя і пры гэтым містычныя, — кранулі мяне. Захацелася зрабіць нешта такое ж: містычнае, фантастычнае і жыццёвае, што будзе зразумелым і блізкім кожнаму чалавеку. Карціны Уладзіміра Кандрусевіча ашаламляльныя, іх нельга абмінуць, а калі ты іх пабачыў, то не забудзеш. Спадзяюся, і наша прэм’ера будзе такой», — кажа яна.

У цэнтры праекта Opus Magnum — актуальны сёння сінтэз мастацтваў. Стаўка зроблена на ўзаемадзеянне жывапісу, музыкі і танца, бо яны не маюць патрэбы ў вербальным выражэнні і таму, па меркаванні Тэклы Гелбахіані, для іх успрымання не існуе моўных бар’ераў.

«Цяпер мы стаім перад карцінамі, якім сотні гадоў, і ўсё разумеем, і не важна, кім з’яўляецца аўтар: італьянцам ці іспанцам. Тое ж з танцам. У руху — цэлае жыццё ды і само жыццё — гэта рух. І пластычныя рухі танца, як мне падаецца, нікога не пакідаюць абыякавым. У жэстах можна пазнаць усё: і каханне, і нянавісць, і зайздрасць, і суперніцтва, — усе ўласцівыя людзям эмоцыі і пачуцці», — адзначае Тэкла Гелбахіані.

kondr_int.jpg

Натуральна, перформанс не стане харэаграфічнай ілюстрацыяй да твораў Уладзіміра Кандрусевіча. Рэжысёрка падкрэслівае, што сцэнар пастаноўкі будаваўся на яе ўспрыманні карцін мастака:

«Вазьміце некалькі чалавек і пастаўце іх перад адной з работ Кандрусевіча. Інтэрпрэтацыя ў кожнага будзе рознай у залежнасці ад узроўню развіцця. Хтосьці бачыць павярхоўна, толькі прыгожыя целы і папяровыя самалёцікі, а іншы мысліць па-філасофску. Я ставіла кампазітару або балетмайстру канкрэтную задачу: што мне хацелася б выразіць у пластыцы, музыцы, ператварыць у прыгожыя рухі, каб цела распавяло аб незямных-зямных радасцях і смутку чалавека», зазначае спадарыня Гелбахіані.

Паўнафарматная прэм’ера Opus Magnum запланаваная на восень 2021 года, а пабачыць прэв’ю і наведаць адкрыццё выставы Уладзіміра Кандрусевіча можна ў галерэе сучаснага мастацтва «Арт Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2) 1 ліпеня ў 19.00.

Выстава і прэв’ю спектакля адбудуцца пра падтрымцы пасольства Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь.

Новы Час