The Toobes хоча сьпяваць па-беларуску

02.12.2014 Музыка

Ангельскамоўны гурт зь Менску сасьпеў да запісу песьні на беларускай мове.

Пра сваё жаданьне запісаць песьню па-беларуску The Toobes паведамілі падчас свайго сумеснага канцэрту з Akute ў Prime Hall. У слухачоў меркаваньні адносна сур’ёзнасьці гэтага намера разыйшліся, тамуTuzin.fm спраўдзіў інфармацыю ў дырэктара гурта Вячаслава Ламакіна. І той пацьвердзіў, што музыкі на поўным сур’ёзе разважаюць наконт таго, каб сьпець па-беларуску. Разглядаўся варыянт перасьпяваць нешта зь «Песьняроў», але ў выніку ад яго адмовіліся. «Мы – аўтэнтычныя, таму ня хочам як ва ўсіх. Маем песьню з трэцяга альбому, якую Стас хацеў бы засьпяваць па-беларуску. Але да гэтага трэба прыйсьці. Я буду гэтае пытаньне лабіраваць», – зазначыў Вячаслаў.

Зь яго слоў, The Toobes пад час працы над сваім альбомам «Road To The Big Time» перажыў няпростую сытуацыю, зьвязаную з рознымі поглядамі на разьвіцьцё гурта. Не абыйшлося без канфліктаў, у выніку чаго адбыліся зьмены ў складзе. На дадзены момант непаразуменьняў нібы няма, і музыкі гатовыя думаць наконт далейшых крокаў.

Tuzin.fm