Верасень — месяц, калі яшчэ ёсць магчымасць заскочыць у апошні вагон ды дагнаць летні адпачынак. Нават калі маеце толькі кароткія выходныя, «Будзьма!» распавядзе, як можна цікава пабавіць час. Гэтым разам у польскай сталіцы. За адзін дзень можна паспець наведаць некалькі музеяў, пашукаць там беларускі след, натхніцца выглядам Варшавы з вышыні, убачыць палац, копія якога знаходзіцца ў Беларусі, ды заночыць у прыемным месцы, прасякнутым духам старасвеччыны. Такім чынам наведаем сёння Варшаўскі палац Рэчы Паспалітай, Нацыянальны музей, аглядную пляцоўку на званіцы касцёла Святой Ганны, знакамітыя Лазенкі і гатэль «Chopin Boutique» у адрэстаўраванай камяніцы 1910 года ў самым цэнтры Варшавы.
Варшаўскі палац Рэчы Паспалітай
Варшаўскі палац Рэчы Паспалітай
Пачнем з музея, які сёлета адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў — варшаўскага палаца Рэчы Паспалітай, дзе кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй, будзе што паглядзець. Установа знаходзіцца ў колішнім палацы Красінскіх, узведзеным на замову гэтага магнацкага роду ў XVII стагоддзі.
Колішні палац Красінскіх
Экспазіцыя музея складаецца з рэчаў фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, значных для Польшчы, суседніх краінаў і ўвогуле еўрапейскай гісторыі. Вялікая частка экспанатаў музея — рукапісы і старадрукі. Вядома, экспануюцца тут і цікавыя беларусам артэфакты. Сярод іх знакаміты Супрасльскі рукапіс XI стагоддзя, знойдзены філолагам Міхалам Баброўскім ў 1823 годзе ў базылянскім кляштары ў Супраслі. Гэта самая ранняя і найістотнейшая крыніца па даследаванні славянскіх моў.
Супрасльскі рукапіс ХІ ст.
Таксама можна пабачыць статуты ВКЛ 1529 і 1566 гг., рукапіс Адама Міцкевіча «Ода да маладосці» 1820 года, ягоны першы зборнік «Паэзія», выдадзены ў 1822 годзе, гарадзенскі рукапіс рамана Элізы Ажэшкі «Над Нёманам».
Статут ВКЛ 1566 года
З незвычайных артэфактаў варта звярнуць увагу на пасму валасоў Тадэвуша Касцюшкі, састрыжаную ўжо пасля спачыну легендарнага генерала.
Нацыянальны музей у Варшаве
(Al. Jerozolimskie 3, Warszawa)
Далей рушым у Нацыянальны музей у Варшаве. Каб яго агледзець, вядома, не хопіць выходных, тым больш аднога дня. Таму прапануем засяродзіцца на нечым канкрэтным. Напрыклад, на Іканаграфічнай і фатаграфічнай калекцыі, дзе экспануюцца творы знакамітага фотамайстра Яна Булгака, які нарадзіўся ў Асташыне Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Калекцыя, што захоўваецца ў Нацыянальным музеі Варшавы, налічвае каля 1500 працаў творцы.
Нацыянальны музей у Варшаве
На фотаздымках майстра можна пабачыць уласна Варшаву, усяго ў калекцыі музея 83 фотаздымкі польскай сталіцы аўтарства Яна Булгака. У 1920 годзе ў аб’ектыў фотамастака патрапіла процьма будынкаў, якія былі цалкам зруйнаваныя ў 1945-м, калі майстар наступны раз наведаў Варшаву, каб здымаць ужо папялішчы на месцы горада, які ён памятаў.
Ян Булгак, Варшава. Каралеўскі замак. Трэці двор, 1920
Фотамайстра шмат працаваў і на радзіме, у прыватнасці, у Наваградку, дзе назаўжды зафіксаваў мясцовыя архітэктурныя помнікі.
Аглядная пляцоўка на званіцы касцёла Святой Ганны
(Krakowskie Przedmieście 68, Warszawa)
З вежы касцёла святой Ганны адкрываецца найлепшы выгляд на Стары горад, Каралеўскі палац, Віслу і Замкавую плошчу. Гэта месца ідэальна падыходзіць для фотаздымкаў і проста для таго, каб атрымаць асалоду ад прыгажосці горада. Каб дабрацца да агляднай пляцоўкі, трэба пераадолець 150 прыступак. Гэта можа падацца складаным, але ўзнагарода за намаганні вартая таго.
Касцёл Святой Ганны. Фота: budgettravel.by
Гісторыя касцёла бярэ пачатак ад XV стагоддзя, ён быў узведзены пры мясцовым бернардынскім кляштары. Першапачаткова храм меў гатычныя абрысы, але з тых часоў ён неаднаразова перабудоўваўся, змяняючы архітэктурныя стылі. Касцёл быў дашчэнту зруйнаваны пажарам у XVI стагоддзі. Але дзякуючы намаганням прадстаўніцы слаўнага беларускага магнацкага роду Ганны Радзівіл, якая на той час з’яўлялася рэгентам Мазавецкага княства і змагалася супраць далучэння да Польскага каралеўства, бажніца была адноўлена ў тым выглядзе, якім мы бачым яе сёння. Падчас Другой сусветнай вайны бажніца моцна пацярпела, але не была цалкам знішчана. Таму касцёл Святой Ганны — адзін з нешматлікіх архітэктурных помнікаў Варшавы, які быў адбудаваны не з нуля пасля заканчэння вайны.
На жаль, званіцы храма не так пашчасціла — яна была цалкам знішчана і адноўлена ўжо ў пасляваенны перыяд. Зараз на вежы можна пабачыць старадаўнія званы, агледзець з яе сам касцёл з незвычайных ракурсаў, ягоныя ўнікальныя архітэктурныя дэталі. І, вядома, атрымаць асалоду ад, бадай, найлепшага віду на «старувку».
Панарама Варшавы са званіцы касцёла Святой Ганны. Фота: budgettravel.by
Лазянкоўскі палац
(Agrykola 1, Warszawa)
Наступным наведаем вельмі тыповае месца для адпачынку ў Варшаве, але паглядзім на яго з іншага ракурсу. Размова вядзецца пра Лазянкоўскі палац — асноўную архітэктурную перліну польскай сталіцы, размешчаную ў сэрцы маляўнічага парку Лазенкі.
Лазянкоўскі палац. Фота: lazienki-krolewskie.pl
Знакаміты палац на вадзе быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі як рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Будынак уражвае сваёй веліччу і вытанчанасцю наведвальнікаў з усяго свету. Унутры палаца можна пабачыць шыкоўныя інтэр’еры часоў апошняга караля Рэчы Паспалітай.
Варта паглядзець на Лазянкоўскі палац і з іншага ракурсу. Не шмат хто ведае, што і ў Беларусі ёсць будынак, натхнёны гэтым каралеўскім шэдэўрам. Гэта рэзідэнцыя Умястоўскіх у Жамыслаўлі, узведзеная ў другой палове ХІХ стагоддзя. Гаспадары пабудавалі сваю рэзідэнцыю на беразе ракі Гаўя як паменшаную копію варшаўскага палаца. Унутраная планіроўка, стыль будынка таксама дубляваў каралеўскі палац. Таму, калі будзеце шпацыраваць па Лазенках, у думках ёсць магчымасць перанесціся і на радзіму.
Палац Умястоўскіх
Гатэль «Chopin Boutique»
(Smolna 14, Warszawa)
Дзеля таго, каб завяршыць свой адпачынак у эстэтычна прыемным месцы, прапануем заночыць у адрэстаўраванай камяніцы 1910 года пабудовы ў самым цэнтры Варшавы, дзе сёння месціцца ўтульны гатэль «Chopin Boutique». Пасля насычанага гісторыяй дня правесці час у атмасферы старасвеччыны, інтэр’ераў, аздобленых прадметамі мэблі мінулага стагоддзя, будзе вельмі арганічным. Цудоўным дадаткам да паўнаты пагружэння ў пэўны гістарычны перыяд будзе музыка Шапэна, якую з 2012 года штодня можна пачуць у гатэлі падчас жывых канцэртаў.
Гатэль «Chopin Boutique»
Інтэр’ер гатэля «Chopin Boutique»
Яшчэ з цікавостак варта звярнуць увагу на пакой апітэрапіі, клапатліва ўладкаваны гаспадарамі памяшкання. А на ўтульнай тэрасе на даху будынка знаходзіцца ўласная пасека. Сняданкі ў гатэлі гатуюць з экалагічных прадуктаў, частка якіх вырабляецца непасрэдна ў будынку. Напрыклад, гасцям на месцы прапануюць самастойна абсмажыць кававае зерне на аўтэнтычнай прыладзе.
Борці на тэрасе гатэля «Chopin Boutique»
Месца будзе цікавым усім аматарам гісторыі, аўтэнтычных аздабленняў, класічнай музыкі ды экалагічнасці.
На тэрасе гатэля «Chopin Boutique»
Язэп Вараніцкі, Budzma.org