Падарожнікаў, што завітаюць на колішнія землі старажытных Наваградчыны і Слонімшчыны, чакае шмат цікавага. Каб нічога не прапусціць, сабралі для вас пяць найлепш ацалелых шляхецкіх сядзібаў Баранавіцкага раёна.
Фота: planetabelarus.by
1. Стайкі. Сядзіба Ляшкевічаў
Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Стайках паўстае невялічкі «замак» з вежаю на месцы старой сядзібы роду Пушкіных, колішніх гаспадароў паселішча, які можна пабачыць у Стайках і сёння. Пушкіны — тыя самыя, з галіны якіх паходзіў і расійскі пісьменнік. Вядома, што новыя гаспадары стайкаў, Ляшкевічы, называлі свой палац менавіта «замкам». Побач з палацам былі пабудаваныя флігелі, лядоўня, сыраварня, цагельня, іншыя гаспадарчыя будынкі, упарадкаваны стары парк, закладзены новы.
Фота: planetabelarus.by
Палац быў узведзены двухпавярховы, з якаснай чырвонай цэглы ў стылі эклектыкі. Меў невялічкую вежу з шатровым дахам, які быў аздоблены спічаком. Над гатычнымі вокнамі, як элементы дэкору, былі зроблены імітаваныя байніцы. Парадны і паркавы ўваходы былі вылучаны рызалітамі і зверху дэкараваныя выявамі кілішкаў, якія можна пабачыць і сёння.
Пасля Другой сусветнай вайны ў палацы месцілася вясковая школа. Калі з 1970-х гадоў школа пераехала ў іншы будынак, палац пачаў занепадаць. Знікла падлога, шыфер з даху, прадпрымальныя месцічы пачалі вымаць цэглу і са сценаў для ўласнага выкарыстання. У 2014 годзе будынак колішняй сядзібы быў прададзены з аўкцыёна. Зараз стаіць у будаўнічых рыштаваннях. У прысядзібным парку можна пабачыць рэшткі заезнай брамы. Побач з палацам захаваліся агромністы склеп, былы жылы флігель і афіцына.
2. Ястрамбель. Сядзіба Катлубаяў
За Катлубаямі ў 1897 годзе ў Ястрамбелі быў пабудаваны прыгожы палац у стылі неакласіцызму ды закладзены парк. У будынку было 18 пакояў і падвал са скляпеннямі. Сцены былі ўпрыгожаны сюжэтамі з антычнай гісторыі, ляпнінай, падлога была выкладзена паркетам ды керамічнай пліткай. З правага боку палаца размяшчалася капліца.
Фота: vedaj.by
Сёння ад маёнтку Катлубаяў захаваліся парк, сажалка, вінакурня і сам палац. Ён захаваўся ў адносна добрым стане ды вабіць сваімі незвычайнымі архітэктурнымі вырашэннямі. Сядзіба з’яўляецца не самым папулярным аб’ектам сярод падарожнікаў, але яго абавязкова варта пабачыць.
Фота: realt.onliner.by
За ўсю гісторыю ў палацы жылі не толькі Катлубаі. Па Першай сусветнай вайне тут месціўся шпіталь. Пасля 17 верасня 1939 года апошні з Катлубаяў Зыгмунт быў арыштаваны савецкай уладай і загінуў у Баранавіцкай турме.
Фота: realt.onliner.by
Чытайце яшчэ: 10 старажытных храмаў Баранавіцкага раёна
У 1950 годзе палац быў пераабсталяваны пад дзіцячы дом для дзяцей вайны. Сцены, што падзялялі пакоі ў будынку, былі знесены, у выніку чаго атрымалася адно вялікае памяшканне. Каштоўныя дэкаратыўныя элементы былі страчаны, кафляныя печы паразабраныя. Месцічы распавядаюць, што ведаюць, у каго з аднавяскоўцаў можна пабачыць колішнія «панскія камінкі». Каплічка з парэшткамі гаспадароў маёнтка таксама была зруйнаваная ды разрабаваная.
Фота: realt.onliner.by
Што тычыцца парку, то тут можна сустрэць дуб чырвоны, лістоўніцу, хвою веймутаву. Тым не менш пару год таму на тэрыторыі парку было выкарчавана больш за 50 старых дрэваў. Сажалка ў парку некалі сілкавалася з ракі Мышанкі, якая працякае побач. На паўночным усходзе ад палаца месціўся гаспадарчы двор. Да сёння з усіх гаспадарчых пабудоваў захаваўся толькі будынак колішняй вінакурні.
Фота: planetabelarus.by
3. Паўлінава. Сядзіба Бохвіцаў
У Паўлінава знаходзіцца адна з найлепш захаваных архітэктурных перлінаў Баранавіцкага раёна — палац роду Бохвіцаў. Сядзіба Бохвіцаў — помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, размяшчаецца на маляўнічым беразе ракі Качарышкі. Першапачаткова гэтая зямля знаходзілася ва ўласнасці Навіцкіх, у якіх у 1897 годзе маёнтак набыў удзельнік Студзеньскага паўстання Ян Отан Бохвіц, сын вядомага філосафа, пісьменніка, тэолага Фларыяна Бохвіца. Паводле задумы, на гэтай тэрыторыі амаль пасярод лесу планавалася ўзвесці толькі гаспадарчыя пабудовы. Аднак пазней Ян Бохвіц вырашыў закласці тут маляўнічы парк ды праз паўгода ўжо збудаваў тут паўнавартасны палац.
Фота: natatnik.by
Сядзібе далі назву Паўлінава ў гонар маці Яна — Паўліны. А суседні маёнтак Фларыянава (раней Старыя Вошкаўцы) Ян назваў у гонар бацькі. Гаспадары вельмі паважліва ставіліся да сямейных традыцыяў, часта прымалі пагасцяваць сваякоў ды сяброў. Вядома, што ў 1909 годзе тут гасцявала пісменніца Эліза Ажэшка.
Палац быў пабудаваны пераважна ў неагатычны стылі, прынамсі з выкарыстаннем вялікай колькасці неагатычных элементаў. З цягам часу гаспадарка пашыралася, а па смерці Яна перайшла ў спадчыну ягоным нашчадкам. Побач з сядзібай былі пабудаваны вінакурня, лядоўня, кароўнік, стайня. Крушні лядоўні ды кароўніка можна пабачыць і сёння.
Фота: holiday.by
Цалкам страчаны вадзяны млын ды заезная брама. Прысядзібны парк таксама моцна змяніў свае першапачатковыя абрысы за савецкім часам, але нешта ад старых формаў і ўнікальных раслінаў дзе-нідзе можна заўважыць. У 40-я гады ХХ стагоддзя ў будынку сядзібы знаходзіліся памяшканні вайсковага шпіталя, які быў скасаваны толькі ў 1995 годзе. Сёння ў будынка ёсць уладальнік, які планаваў зрабіць тут турыстычны цэнтр з музеем, але сутыкнуўшыся з гарой бюракратыі, ён пакінуў гэтую справу, вырашыўшы паспрабаваць прадаць яе на аўкцыёне.
4. Паланечка
У Паланечцы захаваўся палац колішніх гаспадароў паселішча, Радзівілаў, яго можна пабачыць непадалёк ад касцёла Святога Юрыя. Як мяркуецца, у сённяшнім выглядзе ён існуе з канца ХVIIІ — пачатку ХІХ стагоддзя. Закладаў палац Мацей Радзівіл — знакаміты кампазітар і драматург.
Фота: realt.by
Палац першапачаткова быў пабудаваны ў стылі класіцызм, пазней сын Мацея Канстанцін Радзівіл перабудаваў сядзібу ў стылі ампір, тады і з’явіліся на фасадзе палаца калоны, упрыгожаныя скульптурамі старажытнагрэцкіх філосафаў. Вядома, што ў палацава-паркавы ансамбль яшчэ ўваходзілі вежа з гадзіннікам, аранжарэя, гаспадарчыя будынкі, побач з паркам у розныя перыяды былі закладзены французскі і англійскі паркі.
Фота: realt.by
Паланечка хутка стала культурніцкім цэнтрам, сярод знакамітых яе гасцей быў і Уладзіслаў Сыракомля. У сядзібнай бібліятэцы захоўвалася каля чатырох тысячаў кніг, у тым ліку і старажытных, калекцыя мастацкіх твораў палаца вылучалася працамі Юзафа Пешкі і Яна Рустэма.
Фота: realt.by
Глядзіце яшчэ: Край|BY: натхняльная ПАЛАНЭЧКА
У ХХ стагоддзі падчас вайсковых дзеянняў палац неаднаразова быў пашкоджаны, але заўжды аднаўляўся. За савецкім часам тут размяшчалася школа-інтэрнат. З 1990-х гадоў палац імкліва занепадаў. Напрыканцы 2020 года палац быў прададзены з аукцыёна неабыякавым людзям, зацікаўленым у ягоным аднаўленні. Сачыць за лёсам сядзібы можна на старонцы у Інстаграме @radziwill_palace_polonechka
Фота: realt.by
5. Завоссе
Нельга, вандруючы на Наваградчыне, не завітаць да месца нараджэння Адама Міцкевіча, у фальварак Завоссе. Ён быў адноўлены адносна нядаўна, у 2000-я гады. Аўтэнтычныя будынкі тут былі спаленыя падчас Першай сусветнай вайны. Аднавіць іх дапамаглі малюнкі Напалеона Орды і Эдварда Паўловіча.
Фота: planetabelarus.by
Сёння ў адноўленых будынках размяшчаецца музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе». Наведаць музей можна з 10-й да 18-й гадзіны штодня, апроч панядзелка. Варта звярнуць увагу, што ў першую сераду кожнага месяца ўваход вольны. Апроч стандартных экскурсіяў наведвальнікам прапануюць cкарыстаць інтэр’ер сядзібы для фотасесіяў, каштуе гэта 30 BYN. Цэны на іншыя паслугі можна знайсці тут.
Фота: planetabelarus.by
Бацькі Адама Міцкевіча, Мікалай і Барбара, перасяліліся ў Завоссе незадоўга да нараджэння Адама. Праз некалькі гадоў маёнтак здалі ў арэнду, пасля ён дастаўся сваякам, але Адам і ў юнацкія гады бываў тут. Паколькі ў сваякоў Адама была вялікая сям’я, Міцкевіч, наведваючы Завоссе, спыняўся не ў сядзібе, а ў лямусе. Лямус у незаможнай шляхты — гэта адначасова і камора для харчоў і інструментаў, і летняе жытло. Жылы пакой рабілі звычайна на другім паверсе.
Фота: planetabelarus.by
Сядзібны дом стаіць роўна на старым месцы — падчас археалагічных працаў пачатку 1990-х знайшліся яго падмуркі. Асобнай вітрынай у музеі выстаўленыя некаторыя побытавыя рэчы, знойдзеныя падчас раскопкаў.
ПЖ, budzma.org