Беларускае адзінства. А ці яно патрэбнае?

Хто толькі ні заклікаў беларусаў да адзінства! А мы ўсё адно аніяк не задзіночымся! Усё сварымся і сварымся міжсобку, крыўдзім іншых і крыўдуем самыя. Дык які тады наагул сэнс у гэтых закліках да адзінства? Можа, ну іх у балота? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік дзеліцца з да нядаўняга нечаканай і для сябе самога высновай.

Тое, што нам усім варта задзіночвацца і што ў адзінстве нашая сіла — лічы, прапісная ісьціна. Мудрасьць, перадаваная ад пакаленьня да пакаленьня, і слушнасьць якой наўрад ці камусьці трэба даводзіць.

Ну нездарма ж у нас і прымавак пра адзінства — хоць жменяй еш, хоць жбаном пі! Адна галавешка не гарыць, а толькі тлее. Згода будуе, нязгода руйнуе. Адна ластаўка вясны ня робіць. Лепш сто сяброў, як сто рублёў. У суседзтве жыць — адзін аднаму служыць. Адна пчала мёду не наносiць. Ну й самае салодкае: гуртом і бацьку біць лягчэй!

Сюды ж дадамо наш цудоўны звычай «талака», калі ўсе разам, талакою, разьвязваем нейкую праблему альбо робім адную справу. Яно ж і сапраўды і зручней, і хутчэй, калі — разам, праўда?

Ну і, урэшце, яшчэ адзін наш старадаўні звычай, які пазьней стаўся нашым жа гербам. Калі прыходзіў вораг, рабаваў паселішчы і браў мясцовых у палон, нашыя продкі — усе: і малады, і стары, хто толькі мог трымаць зброю ў руках — кідаліся ў пагоню, каб адбіць сваіх.

Карацей, задзіночвацца важна, і ўсе вакол пра гэта гавораць. У тым ліку і я. Паўтараў шматкроць, дзе і калі толькі была нагода.

Між тым на днях я сутыкнуўся з адной непрыемнай сытуацыяй, якая змусіла мяне задумацца: а ці сапраўды нам кроў з носу трэба задзіночвацца? Ці насамрэч трэба касьцьмі легчы, але быць разам?

І галоўнае — з кім? З кім задзіночвацца? З кім быць разам?

Valiera Rusielik
Згенэраваны з дапамогаю штучнага інтэлекту партрэт Валеры Руселіка, які стаўся нагодаю для чарговай хвалі гэйту супраць яго

Мабыць, кожная, асабліва хоць крыху публічная, асоба прынамсі аднойчы сутыкалася з гэйтарствам у свой бок. З цкаваньнем, шэльмаваньнем, абгаворваньнем, абразамі, сталкінгам і вось гэтым вось усім. На жаль, не ў тэорыі знаёмы з гэтаю зьяваю і я. І пагатоў у мяне назьбіралася ажно цэлая банда гэйтараў, якія прынамсі адною з сваіх ці то жыцьцёвых, ці то прафэсійных мэтаў паставілі чапляцца да мяне й паліваць мяне брудам. Найперш — за сьпінаю.

На днях знаёмцы даслалі скрын чарговай публікацыі ў сацсетках, дзе мяне крылі апошнімі словамі. У камэнтарах адпаведная публіка звыкла спаборнічала, хто пабрудней вылаецца ў мой бок ды пакрыўдней мяне абразіць. Сярод іншых шчыравала і адна цётка, якая распавядала астатнім: маўляў, такі-растакі, у прыватнай зь ёю размове тое гаварыў і гэтае!

Размова й сапраўды была. Мы выпадкова сустрэліся з гэтай цёткай на адным беларускім мерапрыемстве ў Варшаве. Я павітаўся, сказаў, што ведаю, хто яна і якія яна мае погляды. І дадаў, што яе погляды — яе асабістая справа, а таму нам варта не ваяваць міжсобку, а шукаць тое, што нас задзіночвае. Ну бо ж ёсьць нешта важнейшае за нашыя асабістыя палітычныя прыхільнасьці і ацэнкі дзеяньняў тых ці іншых пэрсанажаў. Ёсьць жа ж у нас агульныя каштоўнасьці: беларуская мова, незалежнасьць Беларусі і іншыя — дык чаго ж нам сварыцца? Цётка мялася, не знаходзячы контараргумэнтаў, няўпэўнена мармытала нешта накшталт «так-та яно так, але я не з усім згодная». Мы размаўлялі недзе гадзіну, можа, дзьве. На разьвітаньне я падаў ёй руку...

А ўжо надоечы чытаў, як яна зноўку палівала мяне брудам і падтаквала іншым: маўляў, той яшчэ нягоднік, вы б чулі, як гідотна ён выказваўся ў часе нашае зь ім асабістае размовы! Чытаў і думаў: а ці варта яно таго наагул было — выдаткоўваць дзьве гадзіны свайго жыцьця, каб нешта даводзіць гэтай цётцы, шукаць паразуменьня зь ёю, пераконваць яе ў патрэбе задзіночвацца, а не сварыцца міжсобку? Ці не змарнаваў я свой час на абсалютна безнадзейную справу?

Sciah
Вынік усіх гэтых бясконцых сварак і звадаў аднолькавы — разбурэньне нашага адзінства. Фота: shakal.today

За гэтыя дні набіраў на Інтэрнэт-палёх яшчэ з тузін рознага кшталту слоўных баталіяў і высьвятленьняў адносінаў паміж беларусамі. У нас жа ж як: ані дня — бяз срачу! Пры гэтым тыя, хто нястомна накідвае на вэнтылятар, адначасова... заклікаюць да адзінства. Ну гэта ж абсалютнае крывадушша! Вось як з табою задзіночвацца, калі ты мяне ўвесь час абражаеш, абгаворваеш, пагражаеш мне? І калі гэткаму крывадушніку ў адказ прылятае таксама абраза, ён адразу ж пачынае вішчаць: маўляў, вось я ў белым палітоне, заклікаю да адзінства, а гэты нягоднік, бачыце, ня хоча адзінства!

Ну і які сэнс з гэткімі пэрсанажамі шукаць супольнае мовы, пераконваць іх, дамаўляцца?

І ведаеце, я зразумеў: а ня трэба. Ня трэба кроў з носу задзіночвацца з усімі. Ня трэба касьцьмі лягаць, абы быць разам і з тым, і з тым, і яшчэ з гэтым, і з астатнімі. Выдаткоўваць свой час і сваю энэргію на тое, каб сабраць у адзіны кулак пальцы з розных рук і ног — ня трэба. Гэта ня мае сэнсу. Гэта марнаваньне і без таго абмежаванага рэсурсу.

Ну куды ж карысьней і прадуктыўней было б тыя дзьве гадзіны выдаткаваць не на размову зь цёткай, якая назаўтра пойдзе зноўку паліваць цябе брудам, а, скажам, на напісаньне вершаў, рыхтаваньне нейкай беларускай імпрэзы ці папросту паганяць зь дзецьмі ў футбол. Дый нават паехаць рыбу палавіць альбо патэлефанаваць маме — куды больш карысьці з гэтага было б!

Futbalisty
Футбалісты клюбу беларускай дыяспары ў Варшаве «Пагоня»: задзіночыцца, каб здабыць перамогу! Фота з сацыяльных сетак клюбу «Пагоня»

Дык што, атрымліваецца, нам, беларусам, не задзіночвацца? Задзіночвацца, ясная рэч! Але пры гэтым не марнаваць часу і сіл на тое, каб абавязкова сабраць разам усіх-усіх — невядома як і дзеля чаго. Папросту каб былі разам — і пляваць на тое, што кожны другі трымае ў кішэні, у найлепшым выпадку, ня нож, а кукіш — ня трэба гэтага.

Задзіночвацца мае сэнс з сваімі аднадумцамі. З тымі, хто мае тыясама каштоўнасьці і прыярытэты. З тымі, хто хоча і можа рабіць з табою супольную справу.

А інакш — які сэнс у тым задзіночаньні?


Валера Руселік, Budzma.org