У рамках дэкамунізацыі ва Украіне сёлета перайменавалі Днепрапятроўск. Горад, названы ў гонар савецкага партыйнага дзеяча Пятроўскага, стаў проста Дняпром.
Але тое — ва Украіне.
Мы ж склалі спіс беларускіх месцаў, якія варта б перайменаваць без гвалтоўных законаў, а проста кіруючыся здаровым сэнсам.
Зрэшты, не так і шмат нашых гарадоў пацярпела ад камуністычных наватвораў.
Дзяржынск — Койданаў, Крутагор’е.
Койданаўскі Кальвінскі збор у атачэнні старых замкавых муроў. Знішчаны камуністамі
Дзяржынск — сённа гэта горад у Мінскай вобласці з насельніцтвам у 25 тысяч чалавек.
Месца моцна пацярпела ад бальшавікоў – за іхняй уладай у горадзе зруйнавалі старажытны Кальвінскі збор і пераназвалі месца ў гонар сумнавядомага карніка, распачынальніка «Чырвонага тэрору», Фелікса Дзяржынскага.
Але ў гэтага горада ёсць яшчэ дзве назвы. Першая, міфічная, якая сустракаецца ў летапісах ажно за 12 стагоддзе і ў творах Караткевіча – Крутагор’е.
Таксама гэтае месца цягам стагоддзяў называлася Койданавым у гонар татарскага вайскаводы Койдана, якога ці то разбілі ў тых ваколіцах, ці то ён сам наняўся служыць у ВКЛ і меў сядзібу непадалёк. Пад гэтай жа назвай месца атрымала Магдэбургскае права.
Сёння пра гістарычную назву месца нагадвае толькі зрусіфікаваная назва чыгуначнай станцыі — Койданава. Але правільна па-беларуску будзе казаць усё ж Койданаў.
г.п. Акцябрскі — Рудабелка.
Вёска Рудабелка вядомая здаўна — у 2007 годзе там адзначылі 500-годдзе.
Але яшчэ ў 1954 годзе бальшавікі аб’ядналі яе яшчэ з параю вёсак — Карпілаўкай і Рудняй. І ў выніку атрымаўся… гарадскі пасёлак «Акцябрскі»!
Тапонім «Акцябрскі» увогуле супярэчыць беларускай мове, бо ў нас такога слова няма.
А спрадвечнасць назвы Рудабелкі замацаваная на гербе месца ў выглядзе трох рудых вавёрак на жоўтым полі.
Таксама Рудабелка вядомая праз існаванне г.зв. Рудабельскай рэспублікі — так за часамі канца Першай Сусветнай вайны называліся ваколіцы месца, дзе актыўнічалі савецкія партызаны.
Кіраўск — Старцы.
У Кіраўску сёння жыве каля 9 тысяч чалавек. Раней гэтае месца называлася Старцамі. Але ў 1935 годзе бальшавікі стварылі Кіраўскі раён, названы так у гонар чырвонага функцыянера Сяргея Кірава, які ніякага дачынення да Беларусі не меў.
А яшчэ праз некалькі гадоў і Старцы перайменавалі ў Кіраўск, як цэнтр аднаймённага раёну.
Верхнядзвінск — Дрыса.
Старадаўняя Дрыса вядомая яшчэ з часоў ВКЛ. Такая назва ўтвораная ад назвы аднайменнага возера, адкуль выцякае рака, на якой стаіць горад.
Але ж у 1962 годзе камуністы перайменавалі месца ў Верхнядзвінск праз «немілагучнасць» старой назвы.
Пры гэтым мае месца фактычная памылка, бо Дрыса знаходзіцца хутчэй на сярэдзіне цячэння Заходняй Дзвіны, чым ў вяршыне.
Дарэчы, хоць назва горада і зменена на абы што, герб у Дрысы захаваўся гістарычны – Пагоня.
Іванава — Янаў.
Янаў. Сучасны выгляд цэнтра
Янаў меў сваю спрадвечную назву з 15 стагоддзя, пакуль за часамі Саветаў горад не перайменавалі на расійскі манер, Іванавым. Сёння тут жывуць 16 тысяч чалавек.
Менавіта ў месцы Янаў прасіў пахаваць сябе наш славуты мастак Напалеон Орда.
Сёння чыгуначная станцыя ў Іванаве называецца Янаў-Палескі.
Чэрвень — Ігумен.
Чэрвень сёння
Амаль 600 гадоў да з’яўлення на Беларусі бальшавікоў сённяшні горад Чэрвень называўся Ігуменам.
У 1923 годзе камуністы яго перайменавалі, відаць, праз сугучнасць назвы месца з царкоўным санам — чырвоныя ж былі бязбожнікамі.
Але гісторыкі хутчэй схіляюцца да версіі, што спрадвечная назва гораду не мае нічога агульнага з царкоўнымі тэрмінамі, а паходзіць ад спалучэння вугорскіх каранёў.
Да таго ж, у горадзе цячэ рэчка Ігуменка.
Слаўгарад — Прапойск, Прапошаск, Прупой.
Прапошаск сёння
Сённяшні горад Слаўгарад у Магілёўскай вобласці з 12 стагоддзя быў вядомы як Прапошаск ці Прупой, альбо Прапойск.
Так горад называўся яшчэ нават да таго часу, як увайшоў у ВКЛ.
Але ў 1945 годзе яго перайменавалі.
Паводле легенды, так адбылося, бо нейкай чырвонай дывізіі меліся даць за вызваленне горада прыстаўку «Прапойскай», што гучала двухсэнсоўна. Таму, маўляў, для мілагучнасці назвы ваеннага фармавання горад перайменавалі ў Слаўгарад. Але гэта толькі легенда. Насамрэч ніякай Слаўгарадскай дывізіі створана ніколі не было.
Светлагорск — Шацілкі, Шацілавічы.
Шацілкі (націск на другі склад) – надзвычай старое месца.
Паводле археалагічных даследаванняў, паселішчы там існавалі ажно з 6 стагоддзя. Але непасрэдна пад такой назвай месца ўпершыню ўзгадваецца амаль як 500 гадоў таму.
У горадзе нават ёсць помнік Раману Шацілу, які ўвасабляе ў сабе заснавальнікаў месца.
Але ў 1961 годзе камуністы пераўтварылі гарадскі пасёлак Шацілкі ў горад і за нечым далі яму новую назву –- Светлагорск.
Дзятлава — Здзецел.
Здзецел. Сучасны выгляд за касцёлам Унебаўзяцця Панны Марыі
Некалі Здзецелам валодаў сам Канстанцін Астрожскі. Месца так называлася яшчэ за чатырыста гадоў да таго, як на нашыя землі прыйшлі рускія войскі.
Але ў 1866 годзе імперскія ўлады ў рамках «надання месцам рускіх назваў» перайначылі Здзецел у Дзятлава. Так ён называецца і дагэтуль.
Гэты спіс нам дапамаглі скласці гісторык Алег Трусаў і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
Але што асабліва адзначылі нашыя суразмоўцы, дык гэта тое, што назвы вёсак і вуліц у Беларусі пацярпелі куды болей, чым назвы гарадоў.
Нават падлічыць цяжка, колькі за Саветамі ўзнікла розных «расветаў», «вішнёвых», «ягадных», «савецкіх», «сірэневак» і «кастрычніцкіх».
Таму беларусы мусяць дбаць пра вяртанне спрадвечных назваў старым месцам.
Зрэшты, сёння мы жывем у сваёй дзяржаве, і прэцэдэнты паспяховага перайменавання ёсць — так, у Маладэчне амаль не засталося савецкіх назваў вуліц, а жыхары вёскі Магільна ў 1991 годзе вярнулі свайму месцу гістарычную назву, зафіксаваную ў летапісах — за камуністамі Магільна 12 гадоў называлі проста «Нёманам».